Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сукале́нка ’вузел у сцябле саломы’ (Касп.), сукале́нкі ’суставы пальцаў’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 3), сукале́нца ’вузел кушчэння’ (Нас., Юрч. Вытв.), сукале́нцы ’тс’ (Сл. ПЗБ), ’калены сцябла’, ’нарасці на ніжняй частцы нагі ў пеўня’ (Нар. сл.), сукале́нца ’перагіб, сустаў’ (Бяльк.), сукале́нца, сукале́нны ’які мае шмат парасткаў, сучкоў’ (Нас.). Да калена (Борысь, Prefiks., 134), гл.

Су́калень ’птушка вераценік’ (Інстр. 2, Ласт.). Да сукаць, сукала, гл. матывацыйную сувязь іншай назвы з верацяно. Хутчэй за ўсё, гукапераймальнай мутацыйнага паходжання (перадае скрып матавіла). Неверагодна збліжэнне з кал у Фасмера (3, 798). Гл. Антропаў, Назв. птиц, 368.

*Су́кань, су́конь ’суконная пража’ (ТС). Дэрыват ад суканы < сукаць (гл.) з суф. ‑ь; ‑о‑, відаць, гіперкарэктнага паходжання.

Су́карак (су́кырак) ’сукрутак, завіток, кучаравінка’ (Бяльк.), су́карка ’вузялок або пупырышка на крута ссучанай нітцы’ (Нас., ЛА, 5, Бяльк.), сука́ркі ’сукараткі’ (Сцяшк.), памянш. су́карачка ’тс’ (Нас.), сюды ж су́карыцца ’скручвацца ў закруткі’ (Нас.; мёрск., Сл. ПЗБ). Суфіксальнае ўтварэнне ад *сукар, параўн. су́кърына ’вузялок на крута звітай нітцы’, мн. л. су́кры (КСП), ’локаны’ (Касп.), якія суадносяцца з серб. дыял. сука́р ’цеста для слаёнага пірага ў скручаным выглядзе’, балг. дыял. су́кер ’пятля, вузельчык на ненацягнутай вяроўцы, нітцы і пад.’, сука́р ’ссучаная вяроўка’, ’чорная вяроўка, якой абвівалі анучы на нагах у пасталах, абмоткі’; што да прасл. *sukrъ, суадноснага з літ. sukrùs ’моцна скручаны’, гл. Цыхун, БЛ, 5, 47; Трубачоў, Слав. языкозн., V, 183 — усё да *sukati, *sъkati, гл. сукаць. Неабгрунтаваным падаецца меркаванне Бярнара (Бълг. изсл., 360) пра грэчаскае паходжанне балгарскіх слоў. Гл. таксама сукрак1, сукрыцца.

Су́каратка ’скручанае месца ніткі, вяроўкі’ (ТСБМ, Касп., Жд.; мёрск., Ск. нар. мовы; ЛА, 5; Сл. ПЗБ), су́курытка ’завіток валос’ (Бяльк.), су́караць ’малады бярэзнік для звязвання калоў у агароджы’ (Мат. Маг.). Рус. зах. су́коротка, су́короть ’тс’. Да су́карак (гл.) пад уплывам кароткі, караціць. Параўн. сукрут, сукрутка, гл.

Сукарды́чына ’дзеравіна са скручанымі слаямі’ (Полымя, 1970, 2, 120). Відавочна да *сукар (гл. сукарак) з экспрэсіўнай суфіксацыяй; прамежкавая форма *сукарда.

Сука́цца ’прыставаць; чапляцца, каб пабіць’ (Шат.), ’лаяць; сварыцца’ (пух., Сл. ПЗБ); сюды ж, відаць, значэнне ’сватацца’ (= ’прыставаць’) (LKK, 16, 190), якое Лаўчутэ (Балтизмы, 149) з пэўнымі засцярогамі адносіць да балтызмаў. Да сукаць, гл.

Сука́ць ’звіваць, скручваць некалькі нітак у адну’, ’намотваць пражу на цэўкі пры тканні’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., ТС, Тур., Пятк. 1, Варл., Янк. 1, Бяльк., Сл. ПЗБ, З нар. сл., Сцяшк.), ’рабіць свечку, макаючы ў гарачы воск’ (Нас., Шн.), сука́ти ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), сучы́ць ’тс’ (Касп.). Укр. сука́ти ’сукаць’, рус. сука́ть, сучи́ть ’тс’, царк.-слав. сукати, польск., в.-луж. sukać, н.-луж. sukaś ’круціць вяроўку, нітку’, чэш. soukati, славац. súkať, серб.-харв. су́кати ’круціць’, славен. súkati ’тс’, балг. су́кам, макед. сука. Прасл. *sukati ’скручваць, звіваць ніткі’ з’яўляецца ітэратывам да прасл. *sъkati, *sъkǫ ’звіваць ніткі, пасмы; навіваць пражу на цэўкі’, параўн. рус. дыял. ска́ть, ст.-рус. съкати ’сукаць’, чэш. skáti, славац. старое skať, роднаснага літ. sùkti, sukù ’круціць, паварочваць’, лат. sukt ’тс’, sukata ’матыліца’. Гл. Траўтман, 291; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1118; Фасмер, 3, 635, 798; Махэк₂, 545. Узыходзіць да і.-е. *seu̯‑k‑ < *seu̯‑//*su‑ ’згінаць, паварочваць, круціць’; гл. Бязлай, 3, 339–340; Борысь, 586; Шустар-Шэўц, 1374–1375; гл. яшчэ Варбат, Этимология–1980, 33; ЕСУМ, 5, 470.

Сука́ч1 ’сукала’ (Сл. Брэс., Тарн.; кам., пруж., ЛА, 4), ’стрыжань, на які надзяваюць цэўку’ (Мат. Гом.). Да сукаць (гл.).

Сука́ч2 ’завучаная, зблытаная нітка’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’сукаратка’ (в.-дзв., Шатал.), сукачы́, сукачэ́ ’скручаныя пасмы конскай грывы’ (ваўк., Сл. ПЗБ), ’бруд на целе’ (маст., Сл. ПЗБ). Да сукаць (гл.). Да апошняга значэння параўн. рус. наўг. сука́рка ’бруд на целе, які “скачваецца”, калі пацерці скуру’, гл. сукарак.

Суке́нка ’верхняе жаночае адзенне’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Варл., Сцяшк., Касп., Шымк. Собр., Сл. ПЗБ, Сцяц. Сл., Бяльк.), су́кня ’сукенка’ (ТСБМ, Касп. Сержп., Мат. Гом.), ’адзенне з фабрычнага сукна (асабліва мужчынскае)’ (Нас., Байк. і Некр.), ’выхадная, святочная сукенка’, ’шлюбная сукенка’ (Сл. ПЗБ), ’суконная спадніца для дарослых’, ’сукенка для малых’ (ТС), ’сукенка, часцей з шарсцяной тканіны’ (Скарбы, Сцяц.; навагр., Нар. сл.); ст.-бел. су́кня ’вопратка; верхняе мужчынскае адзенне; верхняе жаночае адзенне’ (Ст.-бел. лексікон), лічыцца запазычаным са ст.-польск. suknia (Булыка, Лекс. запазыч., 110); сукенка, відаць, больш позняе запазычанне, гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 71, параўн. народнае польскае sukienka ’зімовае жаночае суконнае паліто, унізе расклёшанае, з футраным каўнерам, падшытае аўчынай’ (T. Karwicka. Ubiory ludowe w Polsce. Wrocław, 1995, 151). Польск. *suknia < прасл. *sukъńa ’верхняе жаночае або мужчынскае адзенне, зробленае з сукна’ < прасл. *sukъno ’сукно’ з суф. *‑ja; гл. Борысь, 586. Аналагічна і чэш. sukně, славац. sukňa, в.-луж. suknja ’жаночая спадніца’, н.-луж. suknja ’мужчынскі халат’, славен. suknja ’паліто’, серб.-харв. су̏кна ’жаночая спадніца, адзенне’, балг. дыял. су́кня, су́кно ’доўгае жаночае шарсцяное адзенне’, што ставіць пад сумненне запазычанасць зыходнага сукня.