Суке́нка ’верхняе жаночае адзенне’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Варл., Сцяшк., Касп., Шымк. Собр., Сл. ПЗБ, Сцяц. Сл., Бяльк.), су́кня ’сукенка’ (ТСБМ, Касп. Сержп., Мат. Гом.), ’адзенне з фабрычнага сукна (асабліва мужчынскае)’ (Нас., Байк. і Некр.), ’выхадная, святочная сукенка’, ’шлюбная сукенка’ (Сл. ПЗБ), ’суконная спадніца для дарослых’, ’сукенка для малых’ (ТС), ’сукенка, часцей з шарсцяной тканіны’ (Скарбы, Сцяц.; навагр., Нар. сл.); ст.-бел. су́кня ’вопратка; верхняе мужчынскае адзенне; верхняе жаночае адзенне’ (Ст.-бел. лексікон), лічыцца запазычаным са ст.-польск. suknia (Булыка, Лекс. запазыч., 110); сукенка, відаць, больш позняе запазычанне, гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 71, параўн. народнае польскае sukienka ’зімовае жаночае суконнае паліто, унізе расклёшанае, з футраным каўнерам, падшытае аўчынай’ (T. Karwicka. Ubiory ludowe w Polsce. Wrocław, 1995, 151). Польск. *suknia < прасл. *sukъńa ’верхняе жаночае або мужчынскае адзенне, зробленае з сукна’ < прасл. *sukъno ’сукно’ з суф. *‑ja; гл. Борысь, 586. Аналагічна і чэш. sukně, славац. sukňa, в.-луж. suknja ’жаночая спадніца’, н.-луж. suknja ’мужчынскі халат’, славен. suknja ’паліто’, серб.-харв. су̏кна ’жаночая спадніца, адзенне’, балг. дыял. су́кня, су́кно ’доўгае жаночае шарсцяное адзенне’, што ставіць пад сумненне запазычанасць зыходнага сукня.