Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

балато́ў́е Балоты; мясцовасць, багатая балотамі (Слаўг.). Тое ж балатаўё, балатовічча, балатовішча, балатовічышча, балатоўнічча, балатня́ (Слаўг.).

балацві́на́ Малое балотца; балоцістае месца; забалочаная нізіна сярод поля або ў лесе; лужына; вадасцёкавая яма (Слаўг.). Тое ж балаці́на́, балаця́нка, балацві́нка (Слаўг.), балаці́на (Глуск., Сал.), балаця́нка (Пар., Рэч., Усх. Палессе Талст.).

балацю́га Вельмі вялікае, звычайна непраходнае балота (Слаўг.). Тое ж балацю́жжа, балацю́жышча, балацю́гінне (Слаўг.).

баліна Глеба, насычаная солямі; саланчак (Нас. АУ).

ба́лка

1. Роў (Калінк.).

2. Гразкая яма на дарозе; гразкая дарога (Рэч.).

бало́на Вялікае, адкрытае роўнае месца пры населеным пункце або ў полі, паляна (Нас.). Тое ж балоніна, балонь (Нас.).

бало́нне

1. Тое, што і абалонне 1; заліўныя прырэчныя сенажаці (Бых., Ветк., Віц. Нік. 1895, Цэнтр. і Усх. Палессе Талст.). Тое ж балонь (Рэч., Слаўг., Цэнтр. і Усх. Палессе Талст.), балонье (Жытк., Стол.).

2. Луг, выган (АЗР, 1, 145, Гом., Грыг. 1850, Жытк., Маг. губ. вед., № 44, 1854, 792).

3. Балота каля ракі, нізіна (р. Пціч Серб. 1915, Рэч., Чашн. Касп.).

4. Паляна, роўнае сярод лесу месца (Нас. АУ).

5. Нізкае месца, якое заліта вадой (Смален. Дабр.).

6. Азярына, старык на лузе (Ветк.).

7. Невялікае поле, якое не заліваецца вадой; выган для пасьбы жывёлы (Тур.).

ур. Балонне (азярына на лузе) каля в. Шарсцін Ветк., ур. Балонне (поле сярод нізкага месца) каля г. Турава, ур. Балонь (нізкае месца) каля в. Заспа Рэч.

бало́та

1. Нізкае месца, якое парасло тоўстым слоем моху, журавінамі, дурніцамі, багуном і нізкарослымі рэдкімі дрэвамі; багна; дрыгва; балотная сенажаць (БРС).

2. Лес, часцей забалочаны; векавая пушча; глухое лясное месца (Лёзн., Слаўг., Сіроц. Касп., Смален. Дабр., Смален. Коз. 1965, 112).

бало́тца Невялікае круглае балота; мачула (гл.) з больш доўгімі канцамі (Віц. Нік. 1895, Грыг. 1850, Рэч.. Сміл. Шат., Слаўг.).

бало́цвіна Невялікае балота, вялікая лужына, вадасцёкавая ўпадзіна (Слаўг.). Тое ж балоцвініна, балацве́на (Слаўг.).