Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЫ́ШАДКІ,

вёска ў Стадолішчанскім с/с Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. За 20 км ад горада і чыг. ст. Гарадок, 60 км ад Віцебска. 79 ж., 41 двор (1996). Вайсковыя могілкі. Археал. помнік — гарадзішча ранняга жал. веку і курганны могільнік крывічоў 10—11 ст.

Упершыню ўпамінаюцца ў 1570 як сяло дзярж. Усвяцкай вол. Віцебскага ваяв. ВКЛ. З 1633 ва ўладанні Рудамінаў-Дусяцкіх. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр прыватнага маёнтка, які належаў памешчыку фон Крузе. Вышадкі ўваходзілі ў Суражскі пав., з 1866 — цэнтр воласці Гарадоцкага пав. Віцебскай губ.; царква, 3 кірмашы на год. З 1923 у Віцебскім пав., з 1924 у Межанскім, з 1931 у Гарадоцкім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў жн. 1942 спалілі вёску, загубілі 12 жыхароў.

т. 4, с. 329

ВЫ́ШАДСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка (цячэ праз возера), за 20 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,45 км², даўж. 1,64 км, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 11 м, даўж. берагавой лініі каля 4,7 км. Пл. вадазбору 168 км². Схілы катлавіны выш. 7—10 м, стромкія, на ПнЗ спадзістыя, парослыя лесам і хмызняком. 2 плёсы — глыбакаводны паўн. са стромкай літараллю і мелкаводны паўднёвы. Паласа надводнай расліннасці шыр. 5—30 м.

т. 4, с. 329

ВЫШАЛЕ́СКІ Сяргей Мікалаевіч

(1.11.1874, г.п. Обаль Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 14.1.1958),

бел. савецкі эпізаатолаг. Акад. АН Беларусі (1928), праф. (1924), ганаровы чл. УАСГНІЛ (1956). Засл. дз. нав. Расіі (1940). Скончыў Варшаўскі вет. ін-т (1899). Да 1906 працаваў земскім ветурачом у Віцебскай губ. і Закаўказзі. У 1906—27 у вет. н.-д. установах і ВНУ Расіі. У 1928—30 у Віцебскім вет. ін-це, з 1931 у вет. ін-тах Казахстана і Масквы. Навук. працы па тэарэт. і практычных пытаннях барацьбы з інфекц. хваробамі жывёл, у т. л. з чумой, сібірскай язвай, рожай, туберкулёзам, бруцэлёзам, запаленнем лёгкіх буйн. раг. жывёлы, паратыфам цялят і інш. Выявіў узбуджальніка інфекц. энцэфаламіэліту коней. Работы Вышалескага па вывучэнні сапу коней сталі асновай для арганізацыі ў СССР мерапрыемстваў па ліквідацыі гэтай інфекцыі. Дзярж. прэмія СССР 1941. Устаноўлены Залаты медаль імя Вышалескага, стыпендыя яго імя для студэнтаў Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Імя Вышалескага прысвоена Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі.

Тв.:

Частная эпизоотология. 2 изд. М., 1948;

Избр. труды. М., 1977.

Літ.:

Библиогр. указ. литературы акад. С.Н.Вышелесского (к 100-летию со дня рождения). Мн., 1974.

т. 4, с. 329

ВЫШАМІ́Р,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на Пд ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 80 км ад Гомеля. 535 ж., 185 двароў (1996). Кормапрадпрыемства. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 4, с. 329

ВЫ́ШАНСКІ Іван

(паміж 1545—50, г. Судовая Вішня Львоўскай вобл., Украіна — пасля 1620),

украінскі пісьменнік. Прадстаўнік палемічнай літаратуры. У 1570-я г. стаў манахам-пустэльнікам, перасяліўся на Афон (Грэцыя), дзе пачаў літ. дзейнасць. Творы Вышанскага прымеркаваны да канкрэтных падзей тагачаснага жыцця ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Абараняў праваслаўе, асуджаў нац. і сац. прыгнёт. Прапаведаваў сац. утопію «царства божага», заснаванага на брацтве і роўнасці ўсіх перад Богам, ідэал чалавека бачыў у аскетызме. Аўтар пасланняў і палемічных трактатаў (вядома 16), адметных публіцыстычнай вастрынёй, прастатой мовы, эмацыянальнасцю, багаццем фалькл. сродкаў. Пры жыцці надрукаваў толькі адно пасланне ў «Астрожскай кніжыцы» (1598). На яе ўзор склаў «Кніжку», куды ўключыў 10 твораў канца 16 ст. з дзвюма прамовамі.

Тв.:

Твори. Київ, 1959;

Рус. пер.Соч. М.; Л., 1955.

т. 4, с. 329

ВЫ́ШГАРАД,

горад на Украіне, на правым беразе Дняпра, цэнтр раёна Кіеўскай вобл. за 18 км на Пн ад Кіева. Каля 20 тыс. ж. (1996). Кіеўская ГЭС, гідраакумулюючая эл. станцыя, з-д жалезабетонных вырабаў.

Упершыню ўпамінаецца пад 946 як горад княгіні Вольгі. У 11—12 ст. рэзідэнцыя кіёўскіх князёў, паліт., эканам. і культ. цэнтр. У 1240 разрабаваны татарамі. Паводле археал. даследаванняў, меў умацаваны дзядзінец і пасад. У дзядзінцы выяўлены фундамент Барысаглебскай царквы 11—12 ст., у пасадзе рэшткі стараж. вуліц з жытламі-паўзямлянкамі, якія былі адначасова майстэрнямі рамеснікаў.

т. 4, с. 330

ВЫ́ШУК ПАЛІТЫ́ЧНЫ,

1) устанаўленне назірання, законны і незаконны збор інфармацыі з дапамогай капіравання і крадзяжу дакументаў, выкарыстання разнастайных тэхн. сродкаў (падслухоўванне, перлюстрацыя карэспандэнцыі, тайны відэазапіс масавых мерапрыемстваў з наступнай ідэнтыфікацыяй удзельнікаў і інш.); кампраметацыя і шантаж паліт. дзеячаў і радавых удзельнікаў апазіц. рухаў, засылка правакатараў і вярбоўка агентаў у асяроддзі праўрадавых, лаяльных ураду, а таксама апазіц. плыней, затрыманне і арышт па паліт. (сапраўдных ці інспіраваных) матывах; выкарыстанне псіхіятрыі з мэтай паліт. рэпрэсій, пазбаўленне волі пад справакаванай або выдуманай маркай у форме ссылкі, турэмнага ці інш. зняволення (уключаючы дамашні арышт) і інш. метады праследавання сапраўднай, магчымай ці ўяўнай апазіцыі ва ўмовах таталітарнай дзяржавы, аўтарытарнага рэжыму (рэжыму асабістай улады), ваенна-паліт. дыктатуры і інш. формаў недэмакр. выкарыстання рэпрэсіўнага апарата дзяржавы.

2) Паліт. паліцыя.

т. 4, с. 330

ВЫШЧАЛО́ЧВАННЕ,

здабыча некаторых (асобных) кампанентаў цвёрдага рэчыва з дапамогай растваральніку. Заснавана на здольнасці гэтага кампанента растварацца ў вадкасці (напр., вадзе, водных растворах кіслот, шчолачах) лепш за інш. кампаненты матэрыялу. Выкарыстоўваецца ў гідраметалургіі, горнай і хім. прам-сці, вытв-сці цукру, дубільных рэчываў.

т. 4, с. 330

ВЫШЧАЛО́ЧВАННЕ ГЛЕ́БЫ,

вымыванне з глебы і перамяшчэнне ў ніжнія гарызонты і грунтавыя воды растваральных рэчываў (хларыдаў, сульфатаў, нітратаў, карбанатаў і інш.). Развіваецца ва ўмовах прамыўнога рэжыму, увільгатнення, калі паступленне вільгаці з атм. ападкамі перавышае расход яе на выпарэнне і транспірацыю расліннасцю (вышчалачаныя чарназёмы і глебы паўн. шырот).

т. 4, с. 330

ВЫШЧАЛО́ЧВАННЕ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

працэс выбіральнага растварэння і вынасу прыроднымі водамі асобных кампанентаў горных парод. Найб. развіта ва ўмовах выветрывання і ў зоне інтэнсіўнага водаабмену ў артэзіянскіх басейнах. Пры вышчалочванні горных парод спачатку выносяцца лёгка растваральныя хларыды натрыю і калію, потым сульфаты і карбанаты кальцыю. Найлепш вышчалочваюцца каменныя і калійныя солі, гіпсы, ангідрыты, мел, вапнякі, даламіты. Тыповае праяўленне вышчалочвання горных парод — карст; у раёнах пашырэння лёсу і лёсападобных парод развіта суфозія. Працэсы вышчалочвання ўплываюць на састаў падземных вод, фарміраванне калектараў нафты і газу, выкарыстоўваюцца пры здабычы карысных выкапняў. У Беларусі метадам падземнага вышчалочвання здабываюць кухонную соль на Мазырскім радовішчы каменнай солі.

т. 4, с. 330