ВЫ́ШГАРАД,

горад на Украіне, на правым беразе Дняпра, цэнтр раёна Кіеўскай вобл. за 18 км на Пн ад Кіева. Каля 20 тыс. ж. (1996). Кіеўская ГЭС, гідраакумулюючая эл. станцыя, з-д жалезабетонных вырабаў.

Упершыню ўпамінаецца пад 946 як горад княгіні Вольгі. У 11—12 ст. рэзідэнцыя кіёўскіх князёў, паліт., эканам. і культ. цэнтр. У 1240 разрабаваны татарамі. Паводле археал. даследаванняў, меў умацаваны дзядзінец і пасад. У дзядзінцы выяўлены фундамент Барысаглебскай царквы 11—12 ст., у пасадзе рэшткі стараж. вуліц з жытламі-паўзямлянкамі, якія былі адначасова майстэрнямі рамеснікаў.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)