ВЫПАДЗЕ́ННЕ МА́ТКІ,
частковы або поўны выхад маткі за палавую шчыліну; заключная ўскладненая стадыя апушчэння сценак похвы і маткі. Бывае пры парушэнні цэласці ці тонусу мышцаў тазавага дна, расслабленні апарата, які звязвае матку і мышцы пярэдняй брушной сценкі, пры павышаным унутрыбрушным ціску. Гэтаму садзейнічаюць частыя роды дзяцей з вял. вагой, цяжкая фіз. праца, гарманальныя і дыстрафічныя парушэнні тканак. Найчасцей хварэюць пажылыя (старэй за 60 гадоў) жанчыны.
Пры няпоўным выпадзенні маткі матка з шыйкай часткова выходзіць за межы палавой шчыліны, пры поўным усё цела маткі знаходзіцца за межамі палавой шчыліны. Спалучаецца з апушчэннем мачавога пузыра і пярэдняй сценкі прамой кішкі. Выпадзенне маткі праяўляецца адчуваннем пабочнага цела ў палавой шчыліне, ацёкам, іншы раз трафічнымі язвамі шыйкі, сценак похвы і маткі, болямі і цяжарам унізе жывата, расстройствамі мочаспускання і рэфекацыі (цяжкасць ці немагчымасць мочаспускання, нетрыманне мачы і газаў). Лячэнне хірургічнае.
І.У.Дуда.
т. 4, с. 317
ВЫПАДКО́ВАСЦЬ,
гл. Неабходнасць і выпадковасць.
т. 4, с. 317
ВЫПАДКО́ВАЯ ВЕЛІЧЫНЯ ́ ў тэорыі імавернасцей, велічыня, якая прымае ў залежнасці ад выпадковага зыходу выпрабавання тыя ці іншыя значэнні з пэўнымі імавернасцямі. Напр., лік ачкоў, што выпадаюць на верхняй грані ігральнай косці, — выпадковая велічыня, якая прымае значэнні 1, 2, 3, 4, 5, 6 і з імавернасцю 1/6 кожнае. Выпадковая велічыня поўнасцю характарызуецца адпаведным размеркаваннем імавернасцей. Асн. характарыстыкі выпадковай велічыні — матэматычнае чаканне і дысперсія. Гл. таксама Імавернасцей тэорыя.
т. 4, с. 317
ВЫПАДКО́ВАЯ ПАДЗЕ́Я ў тэорыі імавернасцей, падзея, якая пры выкананні пэўных умоў (правядзенні выпрабавання) можа як адбыцца, так і не адбыцца і для якой існуе пэўная імавернасць яе наступлення. Наяўнасць у выпадковай падзеі A пэўнай імавернасці р (0 ≤ р ≤ 1) тлумачыцца паводзінамі яе частаты: калі названае выпрабаванне ажыццяўляецца n разоў, а A з’яўляецца пры гэтым m разоў, то пры вялікіх n частата аказваецца блізкая да р. Гл. таксама Імавернасцей тэорыя.
т. 4, с. 317
ВЫПАДКО́ВЫ ПРАЦЭ́С,
імавернасны працэс, стахастычны працэс, працэс змены ў часе стану некаторай прыроднай ці тэхнічнай сістэмы ў адпаведнасці з імавернаснымі заканамернасцямі. Характарыстыкі выпадковага працэсу ў кожны момант часу — выпадковыя велічыні з пэўным размеркаваннем імавернасцей.
Тыповыя прыклады выпадковага працэсу: броўнаўскі рух, турбулентны рух вадкасцей і газаў, распаўсюджванне радыёхваль, рух трансп. патокаў, міграцыі жывёл, змены складу біяцэнозаў і інш. Пры апісанні і аналізе выпадковага працэсу выкарыстоўваюцца метады рашэння дыферэнцыяльных і інтэгра-дыферэнцыяльных ураўненняў (гл. Маркаўскі працэс), метады функцыянальнага аналізу і інш. Пры дапамозе тэорыі выпадковага працэсу вырашаецца большасць задач масавага абслугоўвання тэорыі.
Дз.У.Сінькевіч.
т. 4, с. 317
«ВЫ́ПАЛЕНАЯ ЗЯМЛЯ́»,
палітыка наўмыснага знішчэння населеных пунктаў, прамысловых, энергетычных, транспартных і інш. прадпрыемстваў, збудаванняў, дарог, запасаў матэрыяльных сродкаў, пасеваў, помнікаў культуры і інш. Вядома са стараж. часоў, асабліва выкарыстоўвалася ў перыяды спусташальных набегаў ваяўнічных качэўнікаў-заваёўнікаў. На Беларусі ў значных маштабах праводзілася ў Вял. Айч. вайну 1941—45. Найб. адкрыта тактыка «выпаленай зямлі» ажыццяўлялася ў час правядзення больш як 140 карных аперацый. За гады вайны акупанты загубілі больш за 2 млн. 200 тыс. чал., спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак (630 з іх спалілі разам з жыхарамі), некаторыя раёны цалкам ператварылі ў пустыні (у Суражскім р-не з 346 вёсак засталося 5, у Асвейскім спалены амаль усе нас. пункты). Палітыку «выпаленай зямлі» выкарыстоўвалі агрэсары ў войнах супраць В’етнама, Лівана і інш.
Літ.:
Загорулько М.М., Юденков А.Ф. Крах плана «Ольденбург». М., 1980;
Бочкарев А. Критика чистого чувства. Ставрополь, 1996.
У.С.Кошалеў.
т. 4, с. 317
ВЫПА́ЛЬВАННЕ расліннасці, падпальванне сухой расліннасці з мэтай больш хуткага рунення сенажаці ці пашы або выпуджвання паляўніча-прамысловых жывёл на паляванні. Паступова вядзе да дэградацыі расліннасці і глеб — адначасова знішчае надглебавую і глебавую фауну і біяцэноз увогуле. Пры падсечна-агнявой сістэме земляробства ў некаторых краінах трапічнага пояса праводзіцца выпальванне лесу (перыядычна). На Беларусі ў старажытнасці выпальваннем рыхтавалі лясныя глебы пад пасевы с.-г. культур. Сучасным прыродаахоўным заканадаўствам выпальванне забаронена (стварае пагрозу лясных пажараў, супярэчыць інтарэсам аховы прыроды).
т. 4, с. 317
ВЫПАРА́ЛЬНІК,
гідралагічная прылада ці ўстаноўка для вымярэння выпарэння з розных натуральных паверхняў. Дзейнічае на прынцыпах вызначэння выпарэння па вазе або аб’ёме выпаранай з сасуда вады, змяненні канцэнтрацыі солі ў сасудзе, змяненні вагі маналіту глебы і інш. З паверхні вады выпарэнне вымяраецца воднымі выпаральнікамі (плывучыя выпаральнікі, выпаральныя басейны і інш.), з паверхні сушы — глебавымі выпаральнікамі (вагавыя, гідраўлічныя і інш.) і іх разнавіднасцю балотнымі выпаральнікамі. Для вызначэння колькасці ападкаў да выпаральнікаў звычайна дадаецца дажджамер.
т. 4, с. 317
ВЫПА́РВАННЕ,
тэхналагічны працэс канцэнтравання раствораў частковым выпарэннем растваральніку пры кіпенні. Робяць для вылучэння растворанага рэчыва (найчасцей цвёрдага з вады) ці атрымання чыстага растваральніку.
Праводзіцца ў выпарных апаратах пры атм., паніжаным (да 0,008 МПа) ці залішнім (да 0,6 МПа) ціску. Канструкцыя апаратаў для выпарвання залежыць ад саставу, фізіка-хім. уласцівасцей, неабходнай ступені канцэнтравання раствораў, іх схільнасці да ўтварэння накіпу і пены. Выпарванне тэрмаадчувальных (напр., лізін) і высокакіпячых (напр., серная к-та) раствораў робяць ва ўмовах разрэджвання, таму што зніжаецца т-ра іх кіпення. Выкарыстоўваюць у хім., харч. і інш. галінах прам-сці.
т. 4, с. 317
ВЫПАРЭ́ННЕ,
працэс пераходу рэчыва з вадкага ці цвёрдага стану ў газападобны (пару). Адрозніваюць выпарэнне фізічнае (з паверхні вады, снегу, лёду, глебы) і выпарэнне біялагічнае — транспірацыю. Пад выпарэннем разумеюць параўтварэнне на свабоднай паверхні вадкасці ў выніку цеплавога руху яе малекул пры т-ры, ніжэйшай за т-ру кіпення. Велічыня выпарэння вымяраецца ў выпаральніках (у міліметрах таўшчыні слоя выпаранай вады з вызначанай плошчы).
У замкнёнай сістэме пры пастаяннай т-ры з часам устанаўліваецца раўнаважны ціск (ціск насычанай пары), які адпавядае роўнасці патокаў малекул, якія выпарваюцца і вяртаюцца ў вадкасць з пары (кандэнсацыя). Ціск насычанай пары вызначаецца толькі т-рай і павялічваецца з яе павышэннем. Калі ціск насычанай пары становіцца роўны знешняму ціску, выпарэнне пераходзіць у кіпенне. Выпарэнне цвёрдых цел наз. сублімацыяй або ўзгонкай. Выкарыстоўваюць у прам-сці пры ачыстцы рэчываў, сушцы матэрыялаў, раздзяленні вадкіх сумесей, кандыцыяніраванні паветра; у абаротных сістэмах водазабеспячэння прадпрыемстваў (выпарнае ахаладжэнне вады). Гл. таксама Выпарванне.
Выпарэнне — адзіная форма перадачы вады з паверхні Зямлі ў атмасферу; забяспечвае кругаварот вады на Зямлі. На тэр. Беларусі сярэднегадавое выпарэнне з паверхні глебы 475—575 мм, з воднай паверхні за бязлёдастаўны перыяд 520—700 мм.
т. 4, с. 317