ВЫЯЎЛЕ́НЧЫЯ МАСТА́ЦТВЫ,
раздзел пластычных мастацтваў; аб’ядноўваюць жывапіс, скульптуру, графіку, фотамастацтва. Адлюстроўваюць рэчаіснасць у наглядных вобразах, што ўспрымаюцца зрокам. Структурная ідэнтычнасць, падабенства прадмета і яго вобраза, матэрыялізаванага ў маст. творы на палатне, кардоне або дошцы, на аркушы паперы, у камені ці метале, насценных размалёўках (манум.-дэкар. жывапіс), з’яўляецца адной з характэрных умоў рэаліст. ўзнаўлення прадметнага свету. Выяўленчыя мастацтвы маюць неабмежаваныя магчымасці глыбокага і праўдзівага адлюстравання дынамікі самых розных працэсаў грамадскага жыцця, выяўлення эстэт. сутнасці прыроднай і сац. рэчаіснасці, духоўнага свету чалавека; часам таксама могуць увасабляць вобразы, якія не існуюць у рэальнасці і створаны фантазіяй чалавека. Выяўленчае мастацтва з’яўляецца фактарам фарміравання грамадскага ўсведамлення (гл. Мастацтва); адной з формаў пазнання свету.
П.В.Масленікаў.
т. 4, с. 335