ВЫНАСНЫ́Я ЛІ́ТАРЫ,
літары, напісаныя над радком з мэтай скарачэння слоў і паскарэння працэсу пісьма. Прыём вынасу літар зрэдку практыкаваўся ў стараслав. і стараж.-рус. уставе: гсдь (господь), мсць (мѣсяць), лѣт (лѣто), црство (царство). Выкарыстанне вынасных літар асабліва пашырылася ў старабел. скорапісе 15—17 ст., дзе стала заканамерным напісаннем над радком першай літары з групы зычных у сярэдзіне слоў (доброволный, лихтаръ), зычнай літары перад групай «ь + галосны гук» (зранене, спустошене), канцавой зычнай у розных граматычных формах (будет, поедет; дадут, плачут; в тых сеножатех; доброг, старог, спалучэнняў зычных з апошнім «т» (индикт, наместникъ, радост). Больш абмежавана вынасныя літары выкарыстоўваліся ў бел. старадруках канца 16—17 ст. У сучасным бел. правапісе не ўжываюцца.
А.М.Булыка.
т. 4, с. 316
ВЫНАХО́ДНІЦКАЕ ПРА́ВА,
прававыя нормы, якія рэгламентуюць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з адкрыццямі, вынаходствамі, рацыяналізатарскімі прапановамі і іх выкарыстаннем. У Рэспубліцы Беларусь крыніцамі вынаходніцкага права з’яўляюцца Грамадзянскі кодэкс і Закон «Аб патэнтах на вынаходствы» ад 5.2.1993, інш. нарматыўныя акты. Палажэнні вынаходніцкага права пашыраюцца на аўтараў адкрыццяў, вынаходстваў і рацыяналізатарскіх прапаноў — фіз. і юрыд. асоб Беларусі, замежных грамадзян, асоб без грамадзянства і замежных юрыд. асоб — і вынікі іх вынаходніцкай дзейнасці на тэр. Беларусі. Калі міжнар. дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены інш. правілы, чым тыя, што змешчаны ў нац. заканадаўстве, выкарыстоўваюцца правілы міжнар. дагавору.
Вынаходніцкае права замацоўвае за аўтарамі права на ўзнагароджанне і шэраг немаёмасных правоў (права на аўтарства, права даць вынаходству сваё імя ці якую-небудзь спец. назву і інш.), рэгулюе парадак выкарыстання вынаходстваў і ўкараненне рацыяналізатарскіх прапаноў і інш. Правы аўтараў ахоўваюцца ў адм. і судовым парадку.
т. 4, с. 316
ВЫНАХО́ДНІЦТВА,
творчы працэс, які прыводзіць да новага вырашэння задачы ў любой галіне тэхнікі, культуры, аховы здароўя, абароны і дае станоўчы эфект. Вынаходніцкае права Рэспублікі Беларусь забяспечвае спрыяльныя ўмовы для развіцця масавага В., непасрэднага ўдзелу ў тэхнал. прагрэсе і ўдасканаленні вытв-сці. Шляхам матэрыяльнай і маральнай падтрымкі, наданнем пэўных ільгот дзяржава заахвочвае вынаходнікаў і рацыяналізатараў вытв-сці. У 1932 на 1-м Усебел. з’ездзе вынаходнікаў арганізацыйна аформлена т-ва вынаходнікаў Беларусі. З 1956 дзейнічаў Камітэт па справах вынаходстваў і адкрыццяў СМ СССР, з 1958 — Бел. рэсп. савет Усесаюзнага т-ва вынаходнікаў і рацыяналізатараў, з 1990 — Бел. т-ва вынаходнікаў і рацыяналізатараў.
т. 4, с. 316
ВЫНАХО́ДСТВА,
істотна новае, эфектыўнае вырашэнне тэхн. задач у матэрыяльнай вытв-сці, культуры, ахове здароўя, абароне краіны; творчае вырашэнне практычнай задачы тэхн. сродкамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь вынаходніцтва прызнаецца новым, калі яно не з’яўляецца часткай вядомага ўзроўню тэхнікі і прамыслова не выкарыстоўваецца. Аўтарам вынаходства прызнаецца асоба, творчай працай якой яно створана. Права на вынаходства ахоўваецца дзяржавай (гл. Вынаходніцкае права) і сведчыцца патэнтам.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 316
ВЫНО́СЛІВАСЦЬ матэрыялаў, здольнасць матэрыялаў супраціўляцца ўздзеянню паўторных (цыклічных), знакапераменных нагрузак, у выніку якіх развіваецца стомленасць матэрыялаў. Характарызуецца мяжой вынослівасці — колькасцю цыклаў нагрузак да ўзнікнення макрашчылін або поўнага разбурэння матэрыялу. Мяжа вынослівасці можа быць меншая за мяжу трываласці або мяжу цякучасці. Вынослівасць залежыць ад уласцівасцей матэрыялу, віду нагрузкі, стану паверхні, памераў дэталі або канструкцыі і інш. Улічваецца пры канструяванні машын і праектаванні збудаванняў.
М.К.Балыкін.
т. 4, с. 316
ВЫНО́СЛІВАСЦЬ у біялогіі, здольнасць жывых арганізмаў вытрымліваць экстрэмальныя ўздзеянні навакольнага асяроддзя: абіятычнага, біятычнага і антрапагеннага. Асабліва важныя засухаўстойлівасць і тэрмаўстойлівасць відаў. Па тэрмаўстойлівасці адрозніваюць стэнатэрмныя віды, якія прыстасаваліся да абмежаваных ваганняў тэмператур (напр., водныя расліны і жывёлы), мегатэрмныя — да высокіх тэмператур (напр., насенне і споры), мікратэрмныя — да нізкіх (напр., здольнасць раслін не траціць жыццядзейнасці пасля прымаразкаў) і эўрытэрмныя — да значных ваганняў тэмператур (напр., пугач, або філін). Высокая вынослівасць з’яўляецца перадумовай выжывальнасці, нізкая вынослівасць пры ўмовах заўсёднага змянення (у т. л. антрапагеннага) навакольнага асяроддзя прыводзіць да скарачэння відаў і амаль да поўнага вымірання.
т. 4, с. 316
ВЫНЯ́,
рака ў Нясвіжскім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток Лошы (бас. Нёмана). Даўж. 56 км. Пл. вадазбору 366 км². Пачынаецца на ПдУ ад в. Дубейкі Нясвіжскага р-на, цячэ па слабахвалістай раўніне. Асн. Прыток — р. Грыўчык (справа). Даліна пераважна невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. 300—400 м, у верхнім цячэнні — меліяраванае балота, ніжэй — роўная, сухая. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае, у пойме меліярац. каналы, 2 сажалкі.
т. 4, с. 317