Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВЫЦІНА́НКА, выстрыганка,

ажурны ўзор, выразаны з рознакаляровай паперы. Радзіма выцінанкі — Стараж. Кітай, у 18—19 ст. былі пашыраны ў многіх народаў Еўропы. У беларусаў выкарыстоўваліся з канца 19 ст. для аздаблення інтэр’ера жылля (фіранкі на вокны, падзоры на паліцы, вушакі дзвярэй, бардзюры на рамы і інш.), на З Беларусі чорнымі ці паліхромнымі выцінанкамі аздаблялі беленыя сцены. Паводле кампазіцыі бел. выцінанкі падзяляюцца на замкнёныя (квадратныя, шматвугольныя, круглыя сурвэткі, якія выразалі з веерападобна складзенага ў 8—16 разоў аркуша паперы), рапортныя (паперу складвалі гармонікам, у выніку атрымліваліся фіранкі, падзоры) і сіметрычныя (выразалі з паперы, складзенай папалам, атрымлівалі аздобы на сцены з 2 сіметрычных палавін, напр. птушкі вакол дрэва або вазона). Найб. пашырэнне мелі аднаколерныя выцінанкі, часам — шматслойныя паліхромныя. Узоры пераважна геаметрычныя, радзей раслінныя, зааморфныя, антрапаморфныя, падобныя на вышываныя або маляваныя.

Я.​М.​Сахута.

Выцінанка.

т. 4, с. 328

ВЫ́ЦЯЖКА,

1) кавальская аперацыя, накіраваная на павелічэнне даўжыні загатоўкі пры адпаведным памяншэнні яе папярочнага сячэння. Ажыццяўляецца на молатах і прэсах паслядоўным абцісканнем з паваротам загатоўкі на 90°.

2) Аперацыя халоднай ліставой штампоўкі, у выніку якой з плоскай загатоўкі атрымліваюць танкасценныя пустыя вырабы (дэталі машын, карпусы прылад, каструлі, бітоны і інш.). Робіцца ў выцяжных штампах пуансонам і матрыцай. Глыбокія вырабы атрымліваюць пры паўторных выцяжках з прамежкавым адпалам (для аднаўлення пластычнасці металу). Прынцып выцяжкі выкарыстоўваецца таксама ў пракатцы металу і ў валачэнні.

3) Паказчык дэфармацыі, роўны адносінам даўжынь загатоўкі пасля і да пластычнага дэфармавання.

4) У хіміі, харчовай і парфумернай прам-сці выцяжка — прадукт выбіральнага выцягвання аднаго або некалькіх кампанентаў з сумесі або пэўнай сыравіны ў растваральнік.

Схемы выцяжкі: а — каваннем; б — халоднай штампоўкай (1 — загатоўка, 2 — пуансон, 3 — матрыца, 4 — выраб).

т. 4, с. 329

ВЫ́ЦЯЖКА,

метад лячэння пашкоджанняў (пераломы, вывіхі) і некаторых захворванняў апорна-рухальнага апарата. Пры выцяжцы пераадольваецца мышачная рэтракцыя, адбываецца паступовае расцягвальнае дзеянне на пэўную вобласць цела для ліквідацыі дэфармацый і зрушэння адломкаў пры пераломе. Выкарыстоўваюцца шыны і апараты, фігурныя артапедычныя падушкі, для ліквідацыі зрушэння адломкаў па шырыні — петлі для ўпраўлення і фіксацыі.

Адрозніваюць выцяжку кароткачасовую (аднамомантную) і працяглую (пастаянную). Аднамомантная выцяжка робіцца рукамі хірурга для ўпраўлення адломкаў пры пераломах ці сустаўных канцоў касцей пры вывіхах. Пастаянную выцяжку робяць грузам з дапамогай спец. інструментаў і апаратаў для ўпраўлення адломкаў і ўтрымання іх у пэўным стане да з’яўлення касцявога мазаля. Выкарыстоўваюць пастаянную клеевую выцяжку як самастойны метад лячэння пераломаў сцягна ў дзяцей і забеспячэння спакою пашкоджаных канечнасцей і шкілетную выцяжку, як правіла, у дарослых, для ўпраўлення пераломаў ніжніх канечнасцей. Сістэма выцяжкі ўключае: правільную ўкладку пашкоджанай канечнасці і хворага, велічыню грузу, петлі для ўпраўлення і фіксацыі, спалучэнне шкілетнай цягі і клеевай выцяжкі і інш. Падводная выцяжка (вертыкальная і гарызантальная) спалучае пастаянную выцяжку з уздзеяннем вады. Выкарыстоўваюць яе пры астэахандрозах пазваночніка.

А.​У.​Руцкі.

т. 4, с. 329