ВЫЦІНА́НКА,
выстрыганка, ажурны ўзор, выразаны з рознакаляровай паперы. Радзіма выцінанкі — Стараж. Кітай, у 18—19 ст. былі пашыраны ў многіх народаў Еўропы. У беларусаў выкарыстоўваліся з канца 19 ст. для аздаблення інтэр’ера жылля (фіранкі на вокны, падзоры на паліцы, вушакі дзвярэй, бардзюры на рамы і інш.), на З Беларусі чорнымі ці паліхромнымі выцінанкамі аздаблялі беленыя сцены. Паводле кампазіцыі бел. выцінанкі падзяляюцца на замкнёныя (квадратныя, шматвугольныя, круглыя сурвэткі, якія выразалі з веерападобна складзенага ў 8—16 разоў аркуша паперы), рапортныя (паперу складвалі гармонікам, у выніку атрымліваліся фіранкі, падзоры) і сіметрычныя (выразалі з паперы, складзенай папалам, атрымлівалі аздобы на сцены з 2 сіметрычных палавін, напр. птушкі вакол дрэва або вазона). Найб. пашырэнне мелі аднаколерныя выцінанкі, часам — шматслойныя паліхромныя. Узоры пераважна геаметрычныя, радзей раслінныя, зааморфныя, антрапаморфныя, падобныя на вышываныя або маляваныя.
Я.М.Сахута.
т. 4, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)