ВЫСАГО́РАЦ Міхаіл Амосавіч
(н. 19.11.1920, в. Стрыжава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Віцебскі настаўніцкі ін-т (1940), Маскоўскае ваенна-інж. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір сапёрных узвода, роты капітан Высагорац вызначыўся ў 1944 пры інж. разведцы і буд-ве паромнай пераправы цераз р. Днестр, мастоў цераз р. Прут, Зах. Буг, Сан, Віслу. Пасля вайны на гасп. рабоце.
т. 4, с. 320
ВЫ́САДКА ў металаапрацоўцы, кавальская апрацоўка загатоўкі частковай яе асадкай з мэтай стварэння мясц. патаўшчэнняў за кошт памяншэння даўжыні. Бывае гарачая і халодная.
Гарачая высадка пры серыйнай вытв-сці робіцца на гарызантальна-ковачных і электравысадачных машынах (гл. Ковачная машына), пры дробнасерыйнай вытв-сці — на ковачных молатах або прэсах у кольцах ці штампах. Гарачай высадкай вырабляюць пакоўкі шасцерняў, клапанаў, фланцаў, валікаў і г.д. Халодная высадка на халодна-высадачных аўтаматах, вертыкальных крывашыпных і фрыкцыйных прэсах выкарыстоўваецца для вырабу балтоў, заклёпак, шруб, цвікоў, гаек і інш. вырабаў з дакладнымі памерамі і добрай якасцю паверхні.
т. 4, с. 320
ВЫСАКАГО́РНАЯ ПУСТЫ́НЯ,
тып пустыні ў халодных і сухіх высакагор’ях. Расліннасць разрэджаная, яе беднасць абумоўліваецца пераважна нізкімі т-рамі паветра. Пераважаюць паўхмызнячкі і падушкападобныя расліны. Пераважаюць высакагорныя пустыні на высокападнятых выраўнаваных тэрыторыях (Тыбецкае нагор’е, сырты Цэнтральнага Цянь-Шаня, Усходняга Паміра, пласкагор’і Андаў і інш.).
т. 4, с. 320
ВЫСАКАГО́РНЫ КЛІ́МАТ,
разнавіднасць горнага клімату. Фарміруецца на вышыні больш за 2—3 тыс. м над узр. м. Характарызуецца паніжэннем (адносна нізін, раўнін і нізкіх гор) атм. ціску, т-ры і вільготнасці паветра, значнай чысцінёй атмасферы, павышэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, багатай на ультрафіялетавыя прамяні, і эфектыўнага выпрамянення. Амплітуда т-ры на працягу сутак памяншаецца на горных вяршынях, але павялічваецца на плато. Колькасць ападкаў, як правіла, з вышынёй памяншаецца, а на наветраных схілах павялічваецца. Высакагорны клімат спрыяльны для здароўя і лячэння некаторых хвароб чалавека.
т. 4, с. 320
ВЫСАКАГО́РНЫ ТЫП РЭЛЬЕ́ФУ,
высакагор’е. Характарызуецца глыбокай расчлянёнасцю (ад некалькіх соцень да 2000 і больш метраў), стромкімі схіламі, мноствам скал і асыпкаў, вышчарбленымі грабянямі, наяўнасцю ледавіковых формаў рэльефу, праяўленнямі актыўнага фізічнага і марознага выветрывання. Уласцівы маладым горным краінам, якія ўздымаюцца вышэй за снегавую лінію (Альпы, Гімалаі і інш.). Гл. таксама Альпійскі рэльеф.
т. 4, с. 321
ВЫСАКАРО́ДНЫЯ МЕТА́ЛЫ,
золата, серабро, плаціна і металы плацінавай групы (ірыдый, осмій, паладый, родый, рутэній), якія атрымалі сваю назву гал. чынам за высокую хім. ўстойлівасць і прыгожы вонкавы выгляд у вырабах. Золата, серабро і плаціна маюць таксама высокую пластычнасць, а металы плацінавай групы — тугаплаўкасць. Высакародныя металы і іх сплавы шырока выкарыстоўваюцца ў тэхніцы, хім. прам-сці, медыцыне, ювелірнай справе і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве; некаторыя (пераважна золата) маюць функцыі валютных металаў (гл. ў арт. Грошы).
т. 4, с. 321
ВЫСАКАРО́ДНЫ КАРА́Л,
чырвоны карал (Corallium rubrum), кішачнаполасцевая жывёла атр. гарганарыяў, або рагавых каралаў, кл. каралавых паліпаў. Жыве на глыбіні 10—300 м у Міжземным м. і Атлантычным ак. каля Канарскіх а-воў.
Дрэвападобныя калоніі, да 40 см вышынёй, прырастаюць да скалістага грунту. Звонку ўкрыты мяккай карой розных адценняў чырвонага колеру — ад слаба-ружовага да цёмна-чырв., амаль чорнага. Восевы шкілет утвараецца ў выніку зліцця вапняковых спікул. На фоне галін калоніі вылучаюцца снежна-белыя паліпы, венчык з 8 перыстых шчупальцаў, пры дапамозе якіх высакародны карал корміцца рачкамі і іх лічынкамі. Пераважна раздзельнаполыя, бываюць гермафрадыты. Аб’ект промыслу, са шкілета вырабляюць упрыгожанні.
т. 4, с. 321