ВЫКА́ЗВАННЕ,
вылучаны ў пісьмовым ці вусным тэксце фрагмент, які выражае адносна закончаную, актуалізаваную думку, аформлены граматычна (і інтанацыйна — у вусным варыянце), захоўвае сэнсавыя і фармальныя сувязі з кантэкстам, дае магчымасць усвядоміць і мысленна ўзнавіць кансітуацыю. З’яўляецца камунікатыўна-сінтакс. адзінкай (адзінкай маўлення) у процілегласць канструкцыйна-сінтакс. адзінкам — сказу, яго семантыка-сінтакс. мадэлі і фармальна-грам. схеме. Найб. істотнае адрозненне ад сказа — абавязковае актуальнае чляненне, якое сведчыць і аб уключанасці выказвання ў кантэкст і кансітуацыю.
А.Я.Міхневіч.
т. 4, с. 309
ВЫКА́ЗНІК,
галоўны член сказа, які знаходзіцца ў сэнсавай і граматычнай залежнасці ад дзейніка і абазначае дзеянне, стан ці прыкмету прадмета, названага дзейнікам. Паводле будовы ў бел. мове адрозніваюць выказнікі простыя, састаўныя і складаныя.
Самыя пашыраныя простыя выказнікі; яны падзяляюцца на дзеяслоўныя (выражаюцца найчасцей дзеясловамі абвеснага, загаднага ці ўмоўнага ладу: «За ракой туманяцца лугі», А.Русак) і іменныя (выражаюцца звычайна назоўнікамі, прыметнікамі ці займеннікамі: «Душа народа — песня», Я.Брыль; «Неба сіняе, сіняе», В.Каваль; «Хлеб у нас свой», І.Шамякін). Састаўны выказнік складаецца з дзеяслоўнай звязкі і выказальнага слова, якім можа быць дзеяслоў і інш. часціны мовы: «Я рад паслухаць лесу шум» (3.Бядуля). Складаны выказнік — мнагачленнае словазлучэнне, куды ўваходзяць тры ці больш структурных кампанентаў: «Я хацеў навучыцца іграць на скрыпцы» (Я.Колас).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.
т. 4, с. 309
ВЫКАНА́ЎЧАЕ ВЯДЗЕ́ННЕ,
заключная стадыя цывільнага працэсу, у якой прымусова ажыццяўляюцца правы, пацверджаныя рашэннем суда. У Рэспубліцы Беларусь у парадку для выканання суд. рашэнняў выконваюцца таксама пастановы і рашэнні гасп. і трацейскіх судоў, выканаўчыя надпісы натарыяльных органаў і інш. Выканаўчае вядзенне ажыццяўляе судовы выканаўца.
т. 4, с. 309
ВЫКАНА́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,
у адпаведнасці з тэорыяй падзелу ўлад адна з самаст. галін дзярж. улады. Ажыццяўляе функцыі кіравання (кіраўнік дзяржавы, урад) паводле дзеючых законаў і інш. нарматыўных актаў. Прымае ўласныя пастановы і рашэнні для выканання актаў заканадаўчай улады. У Рэспубліцы Беларусь выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
т. 4, с. 309
ВЫКАНА́ЎЧЫЯ ДАКУМЕ́НТЫ,
дакументы, на падставе якіх ажыццяўляецца прымусовае выкананне пастаноў судовых, арбітражных і некаторых інш. органаў. Паводле выканаўчага вядзення Рэспублікі Беларусь выканаўчымі дакументамі з’яўляюцца: выканаўчыя лісты; выканаўчыя надпісы, загады гасп. судоў і органаў арбітражу; надпісы старшыні Марской арбітражнай камісіі аб набыцці рашэннем законнай сілы; неаплачаныя ў тэрмін плацежныя патрабаванні, акцэптаваныя плацельшчыкамі; пасведчанні, якія выдаюцца па прац. спрэчках камітэтамі прафсаюзаў на падставе рашэнняў камісій па прац. спрэчках, або пастановы і пасведчанні гэтых камітэтаў; пастановы адм. органаў і камісій па справах непаўналетніх аб правядзенні спагнанняў з грамадзян; рашэнні выканкомаў мясц. Саветаў аб спагнаннях з юрыд. асоб за патравы пасеваў і пашкоджанне насаджэнняў і інш. Парадак афармлення і тэрміны прад’яўлення выканаўчых дакументаў да выканання рэгламентаваны цывільным працэсуальным заканадаўствам.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 4, с. 310
ВЫКАНА́ЎЧЫЯ і РАСПАРА́ДЧЫЯ О́РГАНЫ дзяржаўнага кіравання. Ажыццяўляюць практычную рэалізацыю законаў і арганізацыю грамадскіх адносін з мэтаю забеспячэння дзярж. інтарэсаў пэўнага грамадскага і паліт. ладу. У Рэспубліцы Беларусь вышэйшым выканаўчым і распарадчым органам з’яўляецца Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь на чале з Прэм’ер-міністрам. Асн. звяном сістэмы выканаўчых і распарадчых органаў з’яўляюцца выканаўчыя камітэты мясц. Саветаў дэпутатаў розных узроўняў. Яны валодаюць агульнай кампетэнцыяй у сферы дзярж. кіравання адпаведнага ўзроўню, арганізуюць і кантралююць выкананне актаў мясц. Саветаў і вышэйстаячых органаў дзярж. улады і кіравання, распрацоўваюць і падаюць на разгляд у Саветы бягучыя і перспектыўныя планы эканам. і сац. развіцця, бюджэт, прымаюць меры па іх рэалізацыі, вядуць неабходную распарадчую дзейнасць, уключаючы выданне падзаконных нарматыўна-прававых актаў, ажыццяўляюць інш. паўнамоцтвы, прадугледжаныя заканадаўствам, указамі Прэзідэнта. Гл. таксама Мясцовае кіраванне і самакіраванне.
т. 4, с. 310
ВЫКАНА́ЎЧЫ АДДЗЕ́Л ЛІТВЫ́,
Літоўска-Беларускі чырвоны жонд, цэнтр па кіраўніцтве паўстаннем 1863—64 у Літве і Беларусі. Створаны ў Вільні 26.6.1863 паводле дэкрэта варшаўскага Нац. ўрада ад 10.5.1863 на базе Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Спачатку старшынёй быў Я.Гейштар, пасля яго арышту 12.8.1863 кіраўніком стаў К.Каліноўскі. Фармальна залежаў ад варшаўскага паўстанцкага ўрада, але фактычна вырашаў важнейшыя пытанні паўстання незалежна. Уваходзілі У.Малахоўскі, Ю.Каліноўскі, Ф.Зянковіч, Ц.Далеўскі, І.Здановіч, І.Ямант. Аддзел намагаўся ўмацаваць рэв. арг-цыю, наладзіць сувязі з рус. рэвалюцыянерамі, далучыць да паўстання шырокія нар. масы. Прадстаўнікамі выканаўчага аддзела Літвы за мяжою былі Д.Банольдзі, Б.Длускі, Малахоўскі. У Кёнігсбергу ў 1864 было наладжана выданне падп. газ. «Glos z Litwy» («Голас з Літвы»). Пасля арышту К.Каліноўскага 10.2.1864 у Вільні дзейнічалі рэшткі паўстанцкай адміністрацыі.
Літ.:
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. М., 1963;
Кісялёў Г.В. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Страницы биогр. Мн., 1988.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 309
ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т (выканком) Савета дэпутатаў, выканаўчы і распарадчы орган мясц. кіравання агульнай кампетэнцыі ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД. На Беларусі ўтвараецца на тэр. вобласці, раёна, горада, раёна ў горадзе, пасёлка, сельсавета на тэрмін паўнамоцтваў адпаведнага Савета. Старшыня абл. і Мінскага гар. выканаўчага камітэта назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з наступным зацвярджэннем на сесіі абл. (Мінскага гарадскога) Савета. Старшыні ніжэйстаячых выканаўчых камітэтаў адносна абл. і Мінскага гар. выканаўчых камітэтаў назначаюцца старшынямі вышэйстаячых выканаўчых камітэтаў у тым жа парадку. У склад выканаўчага камітэта ўваходзяць намеснікі старшыні выканаўчага камітэта, кіраўнік спраў (сакратар) і члены выканаўчага камітэта, якія назначаюцца старшынёй адпаведнага выканаўчага камітэта па ўзгадненні з вышэйстаячым выканаўчым і распарадчым органам. У склад выканаўчага камітэта мясц. Савета могуць уваходзіць дэпутаты гэтага Савета. Выканаўчы камітэт падсправаздачны і падкантрольны вышэйстаячаму выканаўчаму і распарадчаму органу, а таксама падсправаздачны адпаведнаму мясц. Савету па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыі Савета. Парадак дзейнасці і кампетэнцыі выканаўчых камітэтаў розных узроўняў вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» ад 20.2.1991 з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі і інш. нарматыўнымі актамі.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 309
ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т РА́ДЫ УСЕБЕЛАРУ́СКАГА З’Е́ЗДА,
орган улады, створаны 3.1.1918 Радай Усебеларускага з’езда 1917.
Першапачаткова быў правобразам урада Беларусі. У яго ўвайшлі Я.Я.Варонка (старшыня), П.А.Бадунова, Т.Т.Грыб, М.М.Касцевіч, А.У.Прушынскі (А.Гарун), С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.М.Серада, Л.І.Заяц, Я.Л.Дыла, І.В.Лагун. Пасля выезду з Мінска Аблвыкамзаха і СНК Зах. вобласці і фронту 19.2.1918 Выканком стаў легальным органам улады. 20.2.1918 ён выдаў Першую Устаўную грамату, у якой абвяшчаў сябе найвышэйшай часовай уладай Беларусі «для кіравання краем і склікання, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага Сойму». 21.2.1918 сфарміраваў урад — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Варонкам — і ўсклаў на яго выканаўчую ўладу. 9.3.1918 Выканком выдаў Другую Устаўную грамату, якая абвясціла стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
Рада Усебел. з’езда абвясціла сябе Радай БНР і т.ч. узяла на сябе функцыі парламента. У перыяд паміж пленарнымі пасяджэннямі Рады БНР вышэйшым органам дзярж. улады быў яе Прэзідыум на чале са старшынёй Рады. Выканком спыніў існаванне.
А. М.Сідарэвіч.
т. 4, с. 309
ВЫКАНА́ЎЧЫ ЛІСТ,
у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД судовы дакумент, які выдаецца спаганяльніку пасля ўступлення ў законную сілу рашэння, прыгавору і інш. судовых пастаноў па цывільных і крымін. справах у частцы маёмасных спагнанняў, рашэнняў арбітражу, гасп. судоў і некаторых інш. органаў.
т. 4, с. 310