Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЫЧАРПА́ЛЬНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

прыродныя рэсурсы, паслядоўнае выкарыстанне якіх можа паменшыцца да ўзроўню, пры якім далейшая іх эксплуатацыя робіцца эканамічна немэтазгоднай або ўзнікае пагроза іх поўнага знікнення. Да вычарпальных прыродных рэсурсаў належаць багацці нетраў і экасістэм: карысныя выкапні (пераважна складаныя злучэнні элементаў, руды); жывёльны і раслінны свет; глебы. Выкарыстанне вычарпальных прыродных рэсурсаў павінна быць комплексным. Частка вычарпальных прыродных рэсурсаў здольная да аднаўлення (гл. Узнаўляльныя прыродныя рэсурсы), што магчыма пры ўмове выканання дапушчальных памераў выняцца рэсурсаў і ажыццяўлення захадаў да паскоранага іх аднаўлення, другая належыць да неўзнаўляльных прыродных рэсурсаў. Гл. таксама Невычарпальныя прыродныя рэсурсы.

т. 4, с. 329

ВЫ́ЧУЛКІ,

радовішча глін каля в. Вычулкі Брэсцкага р-на. Паклад утвараюць азёрныя і азёрна-алювіяльныя адклады паазерскага зледзянення. Разведаныя запасы 6,4 млн. м³, перспектыўныя 4,94 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,6—10,7 м, ускрыцця 0,3—6,3 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, дрэнажных труб, аглапарыту. Адкрыта ў 1958, распрацоўваецца Брэсцкім камбінатам буд. матэрыялаў.

т. 4, с. 329

ВЫ́ЧЭГДА,

рака на Пн еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Комі і Архангельскай вобл., правы прыток Паўночнай Дзвіны. Даўж. 1130 км, пл. бас. 121 тыс. км². Пачынаецца на схілах Ціманскага кража. У вярхоўях даліна вузкая, ёсць парогі, ніжэй — шырокая; у пойме шмат праток і старыц. Гал. прытокі: Вым (справа), Сысала (злева).

Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з пачатку ліст. да канца красавіка. Сярэдні гадавы расход вады 1160 м³/с. Суднаходная да прыстані Вольдзіна (938 км). Сплаўная. На Вычэгдзе — г. Сыктыўкар, Сольвычагодск, Котлас (у вусці).

т. 4, с. 329