Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЫ́ЖЛЫ,

група парод паляўнічых сабак. Паходзяць ад стараж. сабак Зах. і Паўд. Еўропы. Пашыраны ва ўсіх краінах свету. Выкарыстоўваюцца для палявання на балотную, стэпавую і палявую дзічыну, радзей на звера. Выжлаў падзяляюць на астраўных англ. (пойнтэр і сетэры — англ., ірландскі і шатландскі, або гардон) і кантынентальных (ням. каратка-, даўга- і цвердашэрсная выжла, чэшскі фаўсек, венгерская і вял. мюнстэрлендэрская выжла і інш.).

Мускулістыя і зграбныя сабакі, выш. ў карку 53—67 см, характэрны алюр — галоп.

Для кантынентальных парод найб. уласціва гнаць дзічыну па крывавым следзе ўголас. Масць разнастайная, у залежнасці ад пароды. Астраўных выжлаў трымаюць як дэкар.-пакаёвых.

т. 4, с. 307

ВЫЖЫВА́ЛЬНАСЦЬ у біялогіі, 1) ступень захавання папуляцыі або віду ва ўмовах навакольнага асяроддзя ў гіст. аспекце.

2) Колькасць асобін, якія дажылі ў папуляцыі да пэўнага ўзросту. Вызначаецца ў працэнтах. Часта выжывальнасць вымяраюць адносінамі колькасці дарослых асобін, якія размнажаліся, да колькасці тых, што нарадзіліся ў кожным пакаленні. Кожны від мае сваю характэрную крывую выжывальнасці. Звычайна выжывальнасць адваротна прапарцыянальная плоднасці, але яна можа зведваць значныя ваганні пад уплывам прыродных (кліматычныя ўмовы, кормнасць угоддзяў, канкурэнцыя з інш. відамі і г.д.), а таксама генетычных і інш. фактараў. На працягу эвалюцыі выжывальнасць вырасла з сярэдняй у бактэрый 10​-7—10​-8 % да 10—30% у вышэйшых жывёл. Рост сярэдняй выжывальнасці ў ходзе эвалюцыі звязаны з удасканаленнем самарэгуляцыі і гамеастазу, павелічэннем колькасці назапашаных рэчываў у яйцы, пераходам да ўнутр. асемянення, жыванараджэннем, клопатам аб патомстве і інш.

т. 4, с. 307