Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЫ́ВАД у логіцы, разважанне, у ходзе якога з зыходных суджэнняў (выказванняў), пасылак ці прадпасылак выводзіцца заключэнне — суджэнне, што лагічна з іх вынікае. Вывад можа быць непасрэдны і ўскосны, дакладны і гіпатэтычны. У сімвалічнай логіцы вывад вызначаецца больш строга — як паслядоўнасць выказванняў ці формул, што складаецца з аксіём, пасылак і раней даказаных формул (тэарэм). У матэматычнай логіцы пад вывадам разумеюць паслядоўнасці формул, дзе кожная з’яўляецца або зыходнай формулай, або аксіёмай, або вынікам, атрыманым паводле правіл логікі з папярэдніх формул. Гл. Дэдукцыя, Індукцыя.

т. 4, с. 301

ВЫ́ВАДАК,

птушаняты або дзіцяняты адной кладкі ці аднаго прыплоду, якія жывуць пэўны час з бацькамі. Пасля набыцця імі здольнасцей да самаст. існавання вывадак звычайна распадаецца. Памеры залежаць ад патэнцыяльнай пладавітасці віду: у вывадку птушак бывае да 25 птушанят (шэрая курапатка), у звяроў — да 20 дзіцянят; на іх істотна ўплываюць кліматычныя, кармавыя і інш. ўмовы. Часам (напр., у дзікіх гусей) некалькі вывадкаў аб’ядноўваюцца ў адзін (аб’яднаны).

т. 4, с. 301

ВЫ́ВАДКАВЫЯ ПТУ́ШКІ,

птушкі, птушаняты якіх адразу пасля вылуплівання здольныя самастойна перамяшчацца і карміцца; адно з гал. падраздзяленняў птушак па характары постэмбрыянальнага развіцця. Роля бацькоў — дапамога ў пошуках корму, абарона і перыядычнае абаграванне вывадку. У яйцах вывадкавых птушак жаўток займае да 35% аб’ёму, птушаняты вылупліваюцца відушчыя, з адкрытымі слыхавымі праходамі, укрытыя густым пухам, яны ходзяць, бегаюць, плаваюць і ныраюць, смеццевыя куры лятаюць, маюць адносна развітую тэрмарэгуляцыю. Да вывадкавых птушак адносяцца афр. страусы, нанду, казуарападобныя, ківі, гусепадобныя, курападобныя і большасць сеўцападобных. Адносна шматлікія ва ўмераных шыротах. Гл. таксама Птушанятныя птушкі.

т. 4, с. 301

ВЫ́ВАДКАВЫЯ ПУПЫ́ШКІ,

спецыялізаваныя органы вегетац. размнажэння ў некаторых папарацепадобных і кветкавых раслін, якія ападаюць і даюць пачатак новым раслінам. Найчасцей маюць выгляд вельмі маленькіх, але сфарміраваных раслінных арганізмаў ці відазмененых цыбулін. Утвараюцца ў пазухах лістоў (напр., чысцяк, зубніца, некат. віды лілей), на лістах па іх краі (брыяфілум), на жылках (напр., папараць аспленіум жывародны), адцягнутых верхавінках лістоў (т.зв. вандроўная папараць з сям. аспленіевых). У псілоту голага (Psilotum nudum) назву вывадкавых пупышак маюць групы клетак, якія размешчаны на канцах рызоідаў, адпадаюць і таксама даюць пачатак новым раслінам. У слаяўцовых раслін (некаторых водарасцей і пячоначнікаў) — адна- ці шматклетачныя ўтварэнні рознай формы і выгляду, прыстасаваныя для вегетац. размнажэння.

т. 4, с. 301

ВЫВАЗНА́Я ПО́ШЛІНА,

гл. ў арт. Пошліна.

т. 4, с. 302

ВЫВАЗНЫ́Я ПРЭ́МІІ,

экспартныя прэміі, экспартныя субсідыі, фінансавыя льготы экспарцёрам пэўных тавараў; адзін са спосабаў стымулявання экспарту. Выкарыстоўваюцца дзяржавамі, манаполіямі, прадпрыемствамі, арг-цыямі і фірмамі для заахвочвання вывазу пэўных відаў прадукцыі з мэтаю пашырэння экспарту, завалодання знешнімі рынкамі, стварэння спрыяльных цэнавых умоў на замежных рынках. Вывазныя прэміі выступаюць у форме поўнага або частковага вызвалення экспарцёраў ад падаткаў, мытных і акцызных збораў, а таксама ў выглядзе прамога субсідзіравання экспарту.

У.М.Рудзянкоў.

т. 4, с. 302

ВЫ́ВАЗ КАПІТА́ЛУ,

змяшчэнне капіталу за мяжой у грашовай ці таварнай форме з мэтай павелічэння прыбытку, умацавання там эканам. ці паліт. пазіцый. Як эканам. з’ява вядома з канца 19 ст. Падрыхтавалі вываз капіталу за мяжу знешні гандаль, сусв. рынак, міжнар. крэдыт, развіццё шляхоў зносін. Неабходнасць вывазу капіталу ўзнікла ў сувязі з ростам адноснага лішку капіталу ў эканамічна развітых краінах (Англіі, Францыі, Германіі, ЗША, Японіі і інш.). Капітал вывозяць за мяжу не таму, што ён не можа быць выкарыстаны ўнутры краіны, а таму што ў інш. краінах ён атрымлівае больш высокі прыбытак, паколькі там больш танная рабочая сіла і сыравіна. Вываз капіталу адбываецца ў форме вытворчага (будуюцца прамысл., с.-г. ці трансп. прадпрыемствы), гандлёвага (адкрываюцца магазіны, якія гандлююць таварамі мясц. ці замежнай вытв-сці), пазыковага (даюцца пазыкі, крэдыты) капіталаў. Інвестыцыі ў форме вытв. і гандл. капіталаў укладваюцца ў працэсе прыватнай дзейнасці замежных грамадзян. У залежнасці ад таго, хто з’яўляецца ўласнікам капіталу, адрозніваюць вываз капіталу дзярж. і прыватны. Функцыяніруючы капітал падзяляецца на прамыя інвестыцыі (экспарцёр капіталу з’яўляецца поўным уласнікам замежнага прадпрыемства ці ўладальнікам кантрольнага пакета акцый) і партфельныя (набытыя акцыі не забяспечваюць поўнага кантролю над прадпрыемствам). Для эпохі імперыялізму найб. характэрны быў вываз капіталу ці перамяшчэнне вытв-сці ў эканамічна слабейшыя краіны. У сучасных умовах вываз капіталу павялічыўся і ажыццяўляецца ў розных формах. Часта ён вывозіцца з адных высокаразвітых краін у іншыя, дзе ёсць умовы атрымання больш высокіх прыбыткаў ці інш. эканам. і паліт. выйгрышаў. У 1975 вываз капіталу вырас больш чым у 11 разоў у параўнанні з 1913—14, у т. л. з ЗША больш як у 82 разы, з Англіі ў 4, Францыі ў 3 разы. Сталі набіраць тэмп у вывазе капіталу краіны, што пацярпелі паражэнне ў 2-й сусв. вайне (ФРГ і Японія); некат. былыя імпарцёры капіталу сталі экспарцёрамі (Канада і інш.). У развітыя краіны, якія перажываюць эканам. бум, ідзе больш палавіны інвестыцый. Распад СССР і садружнасці сац. краін значна пашырыў сферу вывазу капіталу. Ён служыць сродкам узмацнення знешнегандл. экспансіі, вядзе да міжнар. перапляцення капіталаў, інтэрнацыяналізацыі грамадскай вытв-сці, абвастрэння канкурэнтнай барацьбы за сферы выкарыстання капіталаў.

Літ.:

Гаврилюк В.В. Экспорт капиталистических отношений в развивающиеся страны. Мн., 1973;

Громыко А.А. Внешняя экспансия капитала: История и современность. М., 1982;

Янченко С.Е. Вывоз капитала. Мн., 1961;

Мелман С. Прибыли без производства: Пер. с англ. М., 1987.

С.Я.Янчанка.

т. 4, с. 301

ВЫ́ВАЗ СЯЛЯ́НСКІ,

у Расіі 15—17 ст перавоз, звоз сялян ад аднаго феадала да другога (па дамоўленасці з ім ці гвалтоўна). Паводле Судзебнікаў 1497 і 1550, сялянам дазваляўся пераход ад аднаго памешчыка да другога ў Юр’еў дзень. З узмацненнем заняволення сялян і абвастрэннем барацьбы феадалаў за працоўныя рукі выхад сялянскі абмяжоўваўся вывазам сялянскім. Урад змагаўся з гвалтоўным вывазам сялянскім. Паводле Саборнага ўлажэння 1649 быў устаноўлены бестэрміновы вышук па справах аб вывезеных і беглых сялянах. У запаведныя гады нароўні з выхадам сялянскім вываз сялянскі быў забаронены.

Літ.:

Греков Б.Д. Крестьяне на Руси с древнейших времен до XVII в. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1952—54.

т. 4, с. 302

ВЫ́ВЕРГНУТЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

гл. Магматычныя горныя пароды.

т. 4, с. 302

ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ,

працэс мех. разбурэння і хім. змянення горных парод і мінералаў зямной паверхні і прыпаверхневых слаёў літасферы. Адбываецца пад уплывам атмасферы (ападкі, вецер, сезонныя і сутачныя ваганні т-ры паветра, уздзеяння на пароды атм. кіслароду і інш.), грунтавых і паверхневых вод, жыццядзейнасці раслінных і жывёльных арганізмаў і прадуктаў іх распаду. Вылучаюць выветрыванне фіз. (механічнае), хім. і арган. (біялагічнае). Своеасаблівыя рысы мае падводнае выветрыванне (гальміроліз).

У выніку фіз. выветрывання адбываецца разбурэнне горных парод з распадам іх на абломкі. Гал. агенты фіз. выветрывання — ваганне т-ры і нераўнамернае награванне і ахаладжэнне парод, расшырэнне шчылін у пародзе замерзлай вадой (марознае выветрыванне), разбуральная дзейнасць ветру. Пры хім. выветрыванні зменьваецца хім. састаў парод з утварэннем мінералаў. Асн. агенты хім. выветрывання — вада, кісларод, солі, вуглекіслата і арган. кіслоты; асн. працэсы — вышчалочванне, гідратацыя, гідроліз і акісленне. Арганічнае выветрыванне выяўляецца ў змяненні парод пад уплывам жыццядзейнасці раслін, макра- і мікраарганізмаў і прадуктаў іх распаду. Асобы тып выветрывання — глебаўтварэнне, пры якім найб. актыўна дзейнічаюць біял. фактары. Фіз. і хім. выветрыванне цесна ўзаемадзейнічаюць; інтэнсіўнасць іх залежыць ад клімату, рэльефу, саставу, структуры і трываласці парод, працягласці працэсаў і інш. Прадукты выветрывання застаюцца на месцы (элювій) або перамяшчаюцца па схілах узвышшаў дажджавымі і расталымі водамі (дэлювій), спаўзаюць пад уплывам сілы цяжару, марознага зруху і цякучасці (саліфлюкцыя), пераносяцца ветрам. Вобласць літасферы, дзе адбываюцца працэсы выветрывання, называецца зонай выветрывання, разбураныя і пераўтвораныя пароды — карой выветрывання. Зону выветрывання наз. таксама зонай гіпергенезу, працэсы ў ёй — гіпергеннымі. Адрозніваюць сучасныя (прыпаверхневыя) і стараж. (выкапнёвыя) коры выветрывання, пахаваныя пад больш маладымі. Макс. глыбіня выветрывання больш за 0,5 км. Працэсы выветрывання — важны фактар утварэння рэльефу, які прыводзіць да сплашчэння і выраўноўвання паверхні. Працэсы выветрывання мінулых геал. эпох уплывалі на ўтварэнне розных карысных выкапняў: кааліну, вохры, вогнетрывалых глін, пяскоў і інш.

На Беларусі ў сучасных геал. умовах пераважаюць выветрыванні хім. і арганічнае. Тоўшча сучаснай кары выветрывання 5—8 м, покрыва алювіяльна-дэлювіяльных утварэнняў (пяскоў і гліністых парод) да 3—5 м, зрэдку больш. Перамешчаныя ветрам прадукты выветрывання ўтвараюць характэрныя формы рэльефу — эолавыя ўзгоркі і грады, на асобных, незадзернаваных участках пяскі, якія развейваюцца. Працэсы выветрывання выклікаюць эрозію глебы, у т. л. развяванне асушаных тарфянікаў, зніжаюць апорную здольнасць грунтоў пад інж. збудаваннямі і інш., разбураюць буд. матэрыялы. Каб пазбегнуць шкодных вынікаў выветрывання, замацоўваюць схілы, адхоны, пяскі, якія развейваюцца, вядзецца барацьба з эрозіяй глебы і інш.

т. 4, с. 302