ВЫНО́СЛІВАСЦЬ матэрыялаў, здольнасць матэрыялаў супраціўляцца ўздзеянню паўторных (цыклічных), знакапераменных нагрузак, у выніку якіх развіваецца стомленасць матэрыялаў. Характарызуецца мяжой вынослівасці — колькасцю цыклаў нагрузак да ўзнікнення макрашчылін або поўнага разбурэння матэрыялу. Мяжа вынослівасці можа быць меншая за мяжу трываласці або мяжу цякучасці. Вынослівасць залежыць ад уласцівасцей матэрыялу, віду нагрузкі, стану паверхні, памераў дэталі або канструкцыі і інш. Улічваецца пры канструяванні машын і праектаванні збудаванняў.

М.К.Балыкін.

т. 4, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)