ВЫНО́СЛІВАСЦЬ у біялогіі, здольнасць жывых арганізмаў вытрымліваць экстрэмальныя ўздзеянні навакольнага асяроддзя: абіятычнага, біятычнага і антрапагеннага. Асабліва важныя засухаўстойлівасць і тэрмаўстойлівасць відаў. Па тэрмаўстойлівасці адрозніваюць стэнатэрмныя віды, якія прыстасаваліся да абмежаваных ваганняў тэмператур (напр., водныя расліны і жывёлы), мегатэрмныя — да высокіх тэмператур (напр., насенне і споры), мікратэрмныя — да нізкіх (напр., здольнасць раслін не траціць жыццядзейнасці пасля прымаразкаў) і эўрытэрмныя — да значных ваганняў тэмператур (напр., пугач, або філін). Высокая вынослівасць з’яўляецца перадумовай выжывальнасці, нізкая вынослівасць пры ўмовах заўсёднага змянення (у т. л. антрапагеннага) навакольнага асяроддзя прыводзіць да скарачэння відаў і амаль да поўнага вымірання.
т. 4, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)