ВЫ́ШАНСКІ Іван
(паміж 1545—50, г. Судовая Вішня Львоўскай вобл., Украіна — пасля 1620),
украінскі пісьменнік. Прадстаўнік палемічнай літаратуры. У 1570-я г. стаў манахам-пустэльнікам, перасяліўся на Афон (Грэцыя), дзе пачаў літ. дзейнасць. Творы Вышанскага прымеркаваны да канкрэтных падзей тагачаснага жыцця ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Абараняў праваслаўе, асуджаў нац. і сац. прыгнёт. Прапаведаваў сац. утопію «царства божага», заснаванага на брацтве і роўнасці ўсіх перад Богам, ідэал чалавека бачыў у аскетызме. Аўтар пасланняў і палемічных трактатаў (вядома 16), адметных публіцыстычнай вастрынёй, прастатой мовы, эмацыянальнасцю, багаццем фалькл. сродкаў. Пры жыцці надрукаваў толькі адно пасланне ў «Астрожскай кніжыцы» (1598). На яе ўзор склаў «Кніжку», куды ўключыў 10 твораў канца 16 ст. з дзвюма прамовамі.
Тв.:
Твори. Київ, 1959;
Рус. пер. — Соч. М.; Л., 1955.
т. 4, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)