Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЭР,

біялагічны эквівалент рэнтгена, пазасістэмная адзінка эквівалентнай дозы выпрамянення. Абазначаецца — бэр. У апошні час замяняецца зівертам (Зв). 1 бэр = 0,01 Дж/кг = 0,01 Зв.

т. 3, с. 384

БЭР Карл Максімавіч

(Карл Эрнст; 28.2.1792, Эстонія — 28.11.1876),

расійскі прыродазнавец, заснавальнік эмбрыялогіі. Акад. Пецярбургскай АН. (1828—30 і 1834—62; ганаровы чл. з 1862), замежны чл.-кар. (1826). Адзін з заснавальнікаў Рус. геагр. т-ва. Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1814). Працаваў у Аўстрыі і Германіі, у 1829—30 і з 1834 у Расіі. Адкрыў яйцаклетку ў млекакормячых, апісаў стадыю бластулы, вывучыў эмбрыягенез у кураняці, устанавіў падабенства эмбрыёнаў вышэйшых і ніжэйшых жывёл, паслядоўнае з’яўленне ў эмбрыягенезе адзнак тыпу, класа, атрада і інш.; апісаў развіццё ўсіх асн. органаў пазваночных. Удзельнік экспедыцый на Новую Зямлю (1837) і Каспійскае м. (1853—56). Растлумачыў заканамернасць падмыву берагоў рэк (Бэра закон). Рэдактар серыі выданняў па геаграфіі Расіі. Імем Бэра названы мыс на Новай Зямлі і востраў у Таймырскім зал., грады ў Прыкаспійскай нізіне (гл. Бэраўскія бугры).

Тв.:

Рус. пер. — Избранные работы. Л., 1924;

Автобиография. М., 1950;

История развития животных. Т. 1—2. М.; Л., 1950—53.

А.С.Леанцюк.

т. 3, с. 385

БЭР Мікалай Дзмітрыевіч

(8.1.1864, С.-Пецярбург — 17.3.1926),

рускі хормайстар, кампазітар і збіральнік нар. песень. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1889). У 1892—1917 хормайстар Вял. т-ра ў Маскве. Апошнія гады жыў у Ельні; арганізаваў муз. школу, мемарыяльны пакой М.Глінкі ў Смаленскім музеі. Разам з У.М.Дабравольскім вёў збіральніцкую дзейнасць на Смаленшчыне, запісаў каля 500 песенных мелодый да сабраных ім тэкстаў (частка запісаў у фондах Дзярж. літ. музея ў Маскве; 13 напеваў змешчана ў кн. Л.Кан-Новікавай «М.І.Глінка. Новыя матэрыялы і дакументы», вып. І, 1950). Запісы Б. выяўляюць характэрнае для Смаленшчыны інтанацыйнае перапляценне рус. і бел. песенных культур. Аўтар рамансаў, апрацовак цыганскіх песень для голасу і фп.

Літ: Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964. С. 186.

С.Г.Нісневіч.

т. 3, с. 385

БЭ́РАЎСКІЯ БУГРЫ́,

паралельныя, амаль шыротна выцягнутыя грады і ўзвышшы ў Прыкаспійскай нізіне, паміж вусцямі рэк Кума і Эмба. Маюць правільную авальную форму. Выш. ад 10 да 45 м, даўж. да 25 км, шыр. 200—300 м, адлегласць паміж грабянямі 1—2 км. Складзены з пяску і крошкі шчыльных карычневых глін. Магчыма, эолавага паходжання. Упершыню апісаны К.М.Бэрам; адсюль назва.

т. 3, с. 385

БЭ́РА ЗАКО́Н , Бэра — Бабінэ закон, тлумачыць адхіленне цячэння і падмыў берагоў рэк уплывам сутачнага вярчэння Зямлі. Абгрунтаваны ў 1857 К.М.Бэрам, які паказаў, што руславы паток рэк мерыдыянальнага напрамку пад уздзеяннем Карыяліса сілы адхіляецца ў Паўн. паўшар’і ўправа і падмывае правы бераг, у Паўд. — улева і падмывае левы бераг. Франц. вучоны Ж.Бабінэ даказаў, што так адхіляюцца ўсе рэкі, незалежна ад напрамку цячэння. Сіла Карыяліса на экватары роўная нулю і павялічваецца ў напрамку да полюсаў, а сіла адхілення патоку прапарцыянальная масе вады, таму Бэра закон найб. праяўляецца на вял. рэках сярэдніх шырот (Дняпро, Волга, Дунай, Парана, Уругвай і інш.).

т. 3, с. 385

БЭ́РА ЗАЛАТА́Я,

цукроўка двайная, сорт грушы народнай селекцыі. На Беларусі рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве, акрамя Віцебскай вобл.

Дрэва сярэднярослае, крона круглавата-пірамідальная, густая. Плоданашэнне пачынаецца на 5—6-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, амаль не пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (да 90 г), кароткаўсечана-канічнай формы. Скурка тонкая, гладкая, залаціста-жоўтая з інтэнсіўным румянцам чырванавата-бурага колеру амаль на ўсім плодзе. Мякаць белая, сакаўная, вельмі салодкая, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне жніўня.

М.Р.Мялік.

т. 3, с. 385

БЭ́РА ЛО́ШЫЦКАЯ,

сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Бэра слуцкая і Курская малдаўка. На Беларусі раянаваны ўсюды, акрамя Віцебскай вобл.

Дрэва сярэднярослае, крона пірамідальная, кампактная. Плоданашэнне пачынаецца на 4—5-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, мала пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (90—110 г), шырокагрушападобнай формы, гузаватыя. Скурка тонкая, светла-жоўтая з лёгкім аранжавым румянцам. Мякаць белая, дробназярністая, паўмасляністая, салодкая, здавальняючага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне верасня. Лёжкасць каля двух тыдняў.

М.Р.Мялік.

т. 3, с. 385

БЭРД,

Бёрд (Byrd) Рычард Эвелін (25.10.1888, г. Уінчэстэр, штат Віргінія, ЗША — 12.3.1957), амерыканскі палярны даследчык, лётчык. Адмірал. Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША (1912) і авіяц. школу (1918). 9 5.1926 першы праляцеў над Паўн. полюсам. Кіраўнік 4 амер. экспедыцый у Антарктыку (1928—30, 1933—35, 1939—41, 1946—47), якія правялі метэаралагічныя і геагр. назіранні, геал. даследаванні ў гарах Дронінг-Модс-Ф’ель, сейсмалагічныя даследаванні Ледзянога бар’ера Роса, аэрафотаздымку ўзбярэжжа Зах. Антарктыды і яе ўнутр. раёнаў; адкрылі плато Рокфелер, хр. Гросенар, хр. Эдсел-Форд, ледавік Амундсена, Зямлю Мэры Бэрд (1929), горы Хорлік (1934), Бераг Хобса, хр. Колер, Бераг, Усшгрына, Флетчэр (1940), плато Амерыкан-Хайленд (1947). У ліст. 1929 Б. праляцеў над Паўд. полюсам. Імем Бэрда названа амер. антарктычная навук. станцыя.

Тв.:

Рус. пер. — Над Южным полюсом. Л., 1935;

Снова в Антарктике. Л., 1937.

т. 3, с. 385

БЭРД

(Baird) Тадэвуш (26.7.1928, г. Гродзіск-Мазавецкі, Польшча — 2.9.1981),

польскі кампазітар, прадстаўнік польскага авангардызму. Чл. АМ ГДР (1979). Праф. (1977). Вучыўся ў Дзярж. вышэйшай муз. школе ў Варшаве (1947—51), Варшаўскім ун-це (1948—50). У 1949 засн. (з К.Сяроцкім і Я.Крэнцам) творчую суполку «Група-49». Творчую дзейнасць пачынаў пад уплывам неакласіцызму. З 1956 новую кампазіцыйную тэхніку (серыйная тэхніка, санорыка, пуантылізм) спалучаў з традыцыйнай. Сярод тв.: опера «Заўтра» (муз. драма, 1966); З сімфоніі (1950, 1952, 1969); канцэрты з арк., у т. л. «Журботны» для альта (1975); «Эротыка» для сапрана і арк.; «Эцюд» для «вакальнага арк.», ударных і фп.; Варыяцыі без тэмы; камерна-інстр. і вак. творы. Адзін з заснавальнікаў міжнар. муз. фестываляў «Варшаўская восень» (з 1956). Дзярж. прэміі Польшчы 1951, 1964, 1970.

Н.К.Мазоўка.

т. 3, с. 385

БЭ́РЫ,

Бары (Barry) Чарлз (23.5.1795, Лондан — 12.5.1860), англійскі архітэктар, прадстаўнік неакласікі і неаготыкі. У 1817—20 вандраваў па Італіі, Грэцыі, Б. Усходзе. Работы: Маст. галерэя ў Манчэстэры (1824—35), будынкі клубаў Падарожнікаў (1829—31) і Рэформаў (1837—41), ансамбль Парламента (1840—68, з О.П’юджын, Э.Бэры) у Лондане, ратуша ў Галіфаксе (Йоркшыр, 1859—62, скончана Э.Бэры).

т. 3, с. 385