БЭ́КАН
(Bacon) Роджэр (каля 1214, Ілчэстэр, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 11.6.1294),
англійскі філосаф, прыродазнавец. Манах-францысканец. Праф. Оксфардскага ун-та. Выступаў супраць схаластыкі і сляпога пакланення перад царк. аўтарытэтамі. У 1257 адхілены ад выкладання, у 1278 асуджаны і зняволены на 14 гадоў у манастырскую турму. Абстрактным і неправераным тэарэт. меркаванням супрацьпастаўляў прынцып канкрэтных доследных ведаў. Матэматыку лічыў «дзвярыма і ключом» да інш. навук. У тэорыі пазнання быў прыхільнікам наміналізму. Займаўся оптыкай і астраноміяй, прадбачыў многія пазнейшыя адкрыцці (тэлескоп, лятальныя апараты і інш.).
т. 3, с. 383
БЭ́КАН
(Bacon) Фрэнсіс (22.1.1561, Лондан — 9.4.1626),
англійскі філосаф, пачынальнік матэрыялізму і метадалогіі доследнай навукі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1575). У 1618—21 лорд-канцлер пры каралю Якаве І. У трактаце «Новы Арганон» (1620) развіў новае разуменне задач навукі і асновы навук. індукцыі. Лічыў, што ўладу над прыродай можа даць чалавеку толькі навука, якая спасцігае сапраўдныя прычыны з’яў і не абмежавана схаластыкай, дагматызмам, не з’яўляецца павярхоўным, неасэнсаваным збіраннем фактаў; такая навука павінна рацыянальна перапрацоўваць факты, усебакова абагульняць іх з дапамогай індукцыі, аснова якой — эксперымент. Паводле Бэкана, шляхам «эксперыментуючага ўспрымання» праз індукцыю можна прыйсці да агульнага вываду або закону. Перашкодай у дасягненні сапраўдных ведаў з’яўляюцца спадчынныя і набытыя «ідалы» (памылковыя думкі), а ісціна абумоўлена ўсім быццём свайго часу і яе нельга прывязваць ні да асобнага прыродазнаўцы, ні да метаду. Філасофію разумеў як «пазнанне з натуральных прычын» і як «агульную маці ўсіх іншых навук»; павярхоўная філасофія схіляе чалавека да бязбожнасці, а глыбінная — да рэлігіі. Паводле паліт. поглядаў быў прыхільнікам абсалютнай манархіі, ваен. і паліт. магутнасці нац. дзяржавы, арганізацыі і планавання вытворчасці, укаранення ў гаспадарку і быт дасягненняў навукі і тэхнікі. Аўтар утопіі «Новая Атлантыда» (1617).
Тв.:
The works. Vol. 1—14. London, 1857—74;
Рус. пер. — Соч. Т. 1—2. 2 Изд. М., 1977—78.
В.М.Пешкаў.
т. 3, с. 383