Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЭН

(Benn) Готфрыд (2.5.1886, г. Мансфельд, Германія — 7.7.1956),

нямецкі паэт і пісьменнік. Пачынаў як паэт-экспрэсіяніст. Уменне спалучаць прыгожае з агідным, дэманстраваць найб. цяжкія і страшныя бакі жыцця, праўдзіва гаварыць пра чалавечыя пакуты выявілася ўжо ў першых зб-ках «Морг» (1912), «Плоць» (1917), «Шчэбень» (1919). У гады нацысцкага рэжыму Бэн у т.зв. унутр. эміграцыі. Яго творы забаронены да друку. У зб-ках «Статычныя вершы» (1948), «П’яны прыліў» (1949), «Дыстыляцыі» (1953) і інш. пераважалі філас. матывы, разважанні над шляхамі цывілізацыі (у свеце крывавых падзей 20 ст. погляд паэта часта песімістычны), над вечнай адзінотай чалавека, душу якога можа выратаваць толькі мастацтва. Позняй лірыцы Бэна ўласцівыя класічная яснасць і філігранная апрацоўка формы. Аўтар аповесці «Пталамеец» (1949), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў.

Тв.:

Рус. пер. — Сумерки человечества. М., 1990;

Избр. стихотворения. М., 1994.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 384

БЭНБУ́,

Банбу, Бэнпу, горад на У Кітая, у прав. Аньхой. Каля 450 тыс. ж. (1990). Порт на р. Хуанхэ. Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Вываз солі, збожжа, каменнага вугалю. Перапрацоўка с.-г. сыравіны (у т. л. вытв-сць алею). Маш-буд., харч. (мукамольная, мясная, тытунёвая), тэкст., хім., папяровая, шкловая прам-сць. Суднарамонт, вытв-сць метал. вырабаў.

т. 3, с. 384

БЭ́НДЭ Лукаш Апанасавіч

(1.11.1903, в. Шчакоцк Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.12.1961),

бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў Камуніст. ун-т БССР імя У.І.Леніна (1926). Друкаваўся з 1925. Працы Бэндэ («Андрэй Александровіч», «Янка Купала», абедзве 1932, і інш.) не вызначаліся ні навук., ні эстэт. глыбінёй. У 1930-я г. адзін з найб. адыёзных крытыкаў. Ідучы ад канцэпцыі «сацыялогіі мастацтва» У.Фрычэ, Бэндэ вульгарызаваў і спрашчаў яе. Літ. вобраз разглядаў толькі як ілюстрацыю класавай ідэалогіі і паліт. светапогляду, ігнаруючы своеасаблівасць і індывідуальнасць маст. пазнання рэчаіснасці. Прыкрываючыся ідэяй «новай пралетарскай культуры», цалкам адмаўляў культурны набытак мінулага, усю дарэв. бел. л-ру абвяшчаў контррэвалюцыйнай, прасякнутай бурж.-ліберальнай ідэалогіяй. З гэтых пазіцый займаўся паліт. і літ. дыскрэдытацыяй Я.Купалы і Я.Коласа. Абвінавачваў членаў літ. аб’яднанняў «Узвышша» і «Полымя» ў бурж. нацыяналізме. Архіў Бэндэ ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва Беларусі.

І.Э.Багдановіч.

т. 3, с. 384

БЭНЧЫ́ЛЭ

(Băncilă) Актаў (27.1.1872, г. Корні, Румынія — 3.4.1944),

румынскі жывапісец. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Ясах (1887—93; выкладаў у ёй у 1916—37) і ў АМ у Мюнхене (1894—98). Аўтар цыклаў твораў пра сялянскае паўстанне 1907: «Адчай», «1907 год», «Апазнаванне забітых», «Пахаванне» (1907—12); карцін «Галодны», «Стары кравец» (абедзве 1908), «Рабочы» (1911), «Забастоўшчык» (1914), «У полі» (1915) і інш.

т. 3, с. 384

БЭНЬСІ́,

горад на ПнУ Кітая, у правінцыі Ляанін. 751 тыс. ж. (1989). Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Адзін з гал. цэнтраў чорнай металургіі краіны, здабыча жал. руды і каксавальных вуглёў, вытв-сць вогнетрывалых матэрыялаў, кіслот, угнаенняў. Маш.-буд. (у т. л. вытв-сць трансп. сродкаў), хім., цэм., дрэваапр. прам-сць. Горны ін-т.

т. 3, с. 384

БЭ́НЬЯН,

Баньян (Bunyan) Джон (28.11.1628, Элстаў, каля г. Бедфард, Вялікабрытанія — 31.8.1688), англійскі пісьменнік і прапаведнік. У час праследавання Сцюартамі дысідэнтаў зняволены (1660—72). Форму «прывідных уяўленняў» выкарыстаў у аўтабіягр. аповесці «Шчодрая міласэрнасць, што выліваецца на галоўнага грэшніка» (1666) і барочным алегарычным рамане «Шлях паломніка» (ч. 1—2, 1678—84), прысвечаных тэме пакутлівых пошукаў ісціны і сэнсу жыцця. Разбэшчанасці і цынізму эпохі Рэстаўрацыі Бэньян проціпаставіў высокія ідэалы хрысціянства, імкненне чалавечай душы да маральнага самаўдасканалення. Яго гратэскны вобраз Кірмашу Пыхлівасці, на якім усё прадаецца і купляецца, лёг у аснову рамана У.Тэкерэя з аднайм. назвай. Сатырычны вобраз англ. буржуа стварыў у рамане «Жыццё і смерць містэра Бэдмана» (1680).

Літ.:

Самарин Р.М. Джон Бэньян // Виппер Ю.Б., Самарин Р.М. Курс лекций по истории зарубежных литератур XVII в. М., 1954;

Яго ж. Бэньян;

Бетлер // Историа всемирной литературы. М., 1987. Т. 4.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 384