БЭ́НДЭ Лукаш Апанасавіч

(1.11.1903, в. Шчакоцк Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.12.1961),

бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў Камуніст. ун-т БССР імя У.І.Леніна (1926). Друкаваўся з 1925. Працы Бэндэ («Андрэй Александровіч», «Янка Купала», абедзве 1932, і інш.) не вызначаліся ні навук., ні эстэт. глыбінёй. У 1930-я г. адзін з найб. адыёзных крытыкаў. Ідучы ад канцэпцыі «сацыялогіі мастацтва» У.Фрычэ, Бэндэ вульгарызаваў і спрашчаў яе. Літ. вобраз разглядаў толькі як ілюстрацыю класавай ідэалогіі і паліт. светапогляду, ігнаруючы своеасаблівасць і індывідуальнасць маст. пазнання рэчаіснасці. Прыкрываючыся ідэяй «новай пралетарскай культуры», цалкам адмаўляў культурны набытак мінулага, усю дарэв. бел. л-ру абвяшчаў контррэвалюцыйнай, прасякнутай бурж.-ліберальнай ідэалогіяй. З гэтых пазіцый займаўся паліт. і літ. дыскрэдытацыяй Я.Купалы і Я.Коласа. Абвінавачваў членаў літ. аб’яднанняў «Узвышша» і «Полымя» ў бурж. нацыяналізме. Архіў Бэндэ ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва Беларусі.

І.Э.Багдановіч.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)