Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЭТАТРО́Н,

цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў віхравым эл. полем, якое ствараецца пераменным у часе магн. патокам, што пранізвае арбіту электронаў.

Утрыманне электронаў на раўнаважнай кругавой арбіце ажыццяўляецца кіравальным магн. полем. Пастаянства радыуса раўнаважнай арбіты забяспечваецца падборам формы полюсных наканечнікаў электрамагніта, паміж якімі знаходзіцца тараідальная вакуумная камера, сувосевая з індуцыруючым патокам. Электроны перыядычна інжэкціруюцца ў камеру па датычнай да раўнаважнай арбіты ў адпаведны момант часу. Паскарэнне электронаў адбываецца ў час росту магн. поля. У канцы цыкла паскарэння з дапамогай спец. зрушвальнай абмоткі пучок электронаў адхіляецца ад раўнаважнай арбіты і накіроўваецца на мішэнь, якая знаходзіцца ўнутры камеры воддаль ад раўнаважнай арбіты. Бэтатрон адрозніваецца малымі памерамі крыніцы выпрамянення, магчымасцю плаўнай рэгуліроўкі энергіі. Бэтатрон выкарыстоўваецца для радыяцыйнай дэфектаскапіі матэрыялаў і вырабаў, у ядзерных даследаваннях, у медыцыне (прамянёвая тэрапія).

Літ.:

Арцимович Л.А., Лукьянов С.Ю. Движение заряженных частиц в электрических и магнитных полях. 2 изд. М., 1978.

М.А.Паклонскі.

т. 3, с. 386

БЭ́ТА-ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

β-выпрамяненне, паток электронаў ці пазітронаў (β-часціц), якія выпраменьваюцца пры бэта-распадзе. Бэта-выпрамяненне выклікае іанізацыю, люмінесцэнцыю, уздзейнічае на фотаэмульсію.

Дзеянне бэта-выпрамянення на жывыя арганізмы падобна да біялагічнага дзеяння іанізавальных выпрамяненняў інш. відаў. Пры вонкавым апрамяненні арганізма бэта-выпрамяненнем пашкоджвае паверхневыя тканкі (пранікальная здольнасць β-часціц не перавышае некалькіх міліметраў). Пры пападанні β-радыеактыўных ізатопаў у арганізм асаблівасці прамянёвага пашкоджання залежаць ад размеркавання іх у тканках і ад перыяду паўраспаду (можа адбывацца гібель клетак, тканак і ўсяго арганізма). Адносная біялагічная эфектыўнасць бэта-выпрамяненняў блізкая да 1. Выкарыстоўваецца ў медыцыне (прамянёвая тэрапія).

т. 3, с. 386

БЭ́ТА-РАСПА́Д,

β-распад, самаадвольнае ператварэнне ўнутры атамнага ядра аднаго з нейтронаў у пратон (ці наадварот), а таксама свабоднага нейтрона ў пратон, абумоўленае слабым узаемадзеяннем. Адзін з асн. тыпаў радыеактыўнасці. Ператварэнне нейтрона ў пратон суправаджаецца выпусканнем электрона e​- і электроннага антынейтрына ν̃e, а пратона ў нейтрон — выпусканнем пазітрона e​+ і электроннага нейтрына νе (гл. Бэта-выпрамяненне).

Пры электронным бэта-распадзе (β​-) утвараецца ядро з колькасцю пратонаў, большай на 1 за іх колькасць у зыходным ядры, напр.: 14 6 c 14 7 N + e + ν̃e . Пры пазітронным бэта-распадзе (β​+) колькасць пратонаў у ядры памяншаецца на 1: 11 6 c 11 5 β + e+ + νe . Да бэта-распаду адносяць таксама электронны захоп. Энергія, якая вылучаецца пры бэта-распадзе, размяркоўваецца пераважна паміж e​- і ν̃e (ці e​+ і νe). Перыяды паўраспадаў β-актыўных ядраў ад 10​-2 с да 10​18 гадоў. Пры бэта-распадзе не захоўваецца прасторавая цотнасць, што выяўляецца ў асіметрыі прасторавых напрамкаў у руху электронаў, якія выпраменьваюцца ядрамі: у напрамку спіна ядраў вылятае менш электронаў, чым у адваротным. Асновы тэорыі бэта-распаду закладзены Э.Фермі (1934). Далейшае развіццё тэорыі бэта-распаду прывяло да стварэння адзінай тэорыі слабых і эл.-магн. узаемадзеянняў (гл. Электраслабае ўзаемадзеянне).

М.А.Паклонскі.

т. 3, с. 386

БЭ́ТА-СПЕКТРО́МЕТР,

прылада для вымярэння энергетычнага размеркавання (спектра) электронаў ці пазітронаў, што ўтвараюцца пры бэта-распадзе, а таксама электронаў, якія вылучаюцца рэчывам пры ўздзеянні на яго іанізавальных выпрамяненняў.

Асн. характарыстыкі бэта-спектрометра: раздзяляльная здольнасць (найменшая розніца ў энергіі электронаў, якая можа быць зарэгістравана) і святласіла (адносіны колькасці электронаў, што папалі ў дэтэктар, да ўсёй колькасці электронаў дадзенай энергіі, якія вылучаны крыніцай). Здабытак святласілы на плошчу крыніцы электронаў наз. свяцільнасцю: чым яна большая, тым больш адчувальны бэта-спектрометр. Адрозніваюць бэта-спектрометры, што вымяраюць энергію электронаў па выніку іх уздзеяння на рэчыва (іанізацыйныя камеры, сцынцыляцыйныя лічыльнікі, паўправадніковыя дэтэктары), і бэта-спектрометры, якія прасторава раздзяляюць электроны розных энергій у эл. і магн. палях.

т. 3, с. 386

БЭ́ТА-ЧАСЦІ́ЦЫ,

β-часціцы, элементарныя часціцы — электроны і пазітроны, якія выпраменьваюцца атамнымі ядрамі пры бэта-распадзе.

т. 3, с. 386

БЭ́ТЛЕР,

Батлер (Butler) Сэмюэл (8.2.1612, каля г. Вустэр, Вялікабрытанія — 25.9.1680), англійскі паэт-сатырык эпохі Рэстаўрацыі. Аўтар іроікамічнай, антыпурытанскай паэмы ў стылі барока «Гудыбрас» (ч. 1—3, 1663—78, не скончана). Бэтлер звяртаецца да «Дон Кіхота» М.Сервантэса (рыцар пурытанізму Гудыбрас выпраўляецца ў падарожжа са сваім верным «збраяносцам» — кручкатворам і крывадушнікам Ральфа) і парадзіруе куртуазныя (рыцарскія) раманы. У паэме створана цэласная сатыр. карціна англ. жыцця 17 ст. Гал. зброя сатыры Бэтлера — іронія і гратэск. Яго вершаваныя сатыры і эпіграмы сабраны ў «Розных думках» (выд. 1759).

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977.

Літ.:

Самарин М.Р. Бэньян;

Бетлер // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4;

Ступников И.В. Литература эпохи Реставрации // История зарубежной литературы XVII в. М., 1987.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 386

БЭ́ТСАН,

Бейтсан (Bateson) Уільям (8.8.1861, г. Уітбі, Вялікабрытанія — 8.2.1926), англійскі біёлаг, адзін з заснавальнікаў генетыкі. Замежны чл.-кар. АН СССР (1923). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1892), з 1908 праф. у ім. З 1910 дырэктар Ін-та садовых культур у Мертане. Навук. працы па вывучэнні генетычных высноў спадчыннасці. Тлумачыў узнікненне новых прыкмет у арганізмаў выпадзеннем тармозячых фактараў (тэорыя «прысутнасці — адсутнасці»; 1905). Аўтар многіх генетычных тэрмінаў, у т. л. і тэрміна «генетыка» (1906). Чл. Нац. АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва (1894).

т. 3, с. 386