БЭР Карл Максімавіч
(Карл Эрнст; 28.2.1792, Эстонія — 28.11.1876),
расійскі прыродазнавец, заснавальнік эмбрыялогіі. Акад. Пецярбургскай АН. (1828—30 і 1834—62; ганаровы чл. з 1862), замежны чл.-кар. (1826). Адзін з заснавальнікаў Рус. геагр. т-ва. Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1814). Працаваў у Аўстрыі і Германіі, у 1829—30 і з 1834 у Расіі. Адкрыў яйцаклетку ў млекакормячых, апісаў стадыю бластулы, вывучыў эмбрыягенез у кураняці, устанавіў падабенства эмбрыёнаў вышэйшых і ніжэйшых жывёл, паслядоўнае з’яўленне ў эмбрыягенезе адзнак тыпу, класа, атрада і інш.; апісаў развіццё ўсіх асн. органаў пазваночных. Удзельнік экспедыцый на Новую Зямлю (1837) і Каспійскае м. (1853—56). Растлумачыў заканамернасць падмыву берагоў рэк (Бэра закон). Рэдактар серыі выданняў па геаграфіі Расіі. Імем Бэра названы мыс на Новай Зямлі і востраў у Таймырскім зал., грады ў Прыкаспійскай нізіне (гл. Бэраўскія бугры).
Тв.:
Рус. пер. — Избранные работы. Л., 1924;
Автобиография. М., 1950;
История развития животных. Т. 1—2. М.; Л., 1950—53.
А.С.Леанцюк.
т. 3, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)