АШМЯ́НСКІ РАЁН,
на ПнУ Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,2 тыс. км² . Нас. 38,5 тыс. чал. (1995), гарадскога 41,3%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал/км². Цэнтр — г. Ашмяны; 375 сельскіх населеных пунктаў. 11 сельсаветаў: Барунскі, Гальшанскі, Граўжышкаўскі, Гродзінскі, Жупранскі, Кальчунскі, Каменналогскі, Крайванцаўскі, Муравана-Ашмянкаўскі, Навасёлкаўскі, Семярніцкі.
Раён размешчаны ў межах Ашмянскага узвышша. Пераважаюць выш. 220—250 м над узр. м., найвыш. пункт 311 м (каля в. Цюпішкі). Карысныя выкапні: торф, гліна, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 17,1 °C. Ападкаў 605 мм за год. Вегетац. перыяд 190 сут. Рэкі: Ашмянка, Альшанка, Клява. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Пад лясамі 34,5% тэрыторыі, пераважаюць хвойныя пароды, растуць бяроза, асіна, вольха, дуб. Агульная пл. балотаў 7,3 тыс. га (часткова асушаны).
На 1.1.1996 агульная пл. с.-г. Угоддзяў 65,7 тыс. га, з іх асушана 8,4 тыс. га. У раёне 11 калгасаў і 1 саўгас. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — ільнаводства, малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, рапс, гародніну. Развіта харч. (сыраробная, крухмальная, мясная, малочная — сухое абястлушчанае малако) прам-сць, металаапрацоўка (дакладнае ліццё і інструментальная вытв-сць), прыладабудаванне (радыётэхніка), лёгкая (тэкст. — ільновалакно, абутковая), камбікормавая і дражджавая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, жвіра-пясчаная сумесь), торфабрыкету. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Мінск—Вільнюс, аўтадарогі Мінск—Вільнюс і Астравец—Гродна. У раёне сельгастэхнікум, ПТВ, 14 сярэдніх, 13 базавых, 11 пач. і 1 спец., дзіцячая спарт. школы, 19 дашкольных устаноў, 6 бальнічных устаноў. Санаторый «Ашмяны», дзіцячы аздараўленчы лагер «Дружба». Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.Багушэвіча і філіял Нац. мастацкага музея Беларусі ў в. Гальшаны. Помнікі архітэктуры: манастыр базыльянаў (18 ст.) у в. Баруны, кляштар францысканцаў (17 ст.) і руіны замка (канец 16 — пач. 17 ст.) у в. Гальшаны, царква (19 ст.) у в. Гароднікі, Георгіеўскі касцёл (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Граўжышкі, Петрапаўлаўскі касцёл (19 ст.) у в. Жупраны, сядзіба (19 ст.) у в. Мікалаеўшчына, будынак друкарні (канец 18 — пач. 19 ст.) і касцёл Дзевы Марыі (канец 16 ст.) у в. Мураваная Ашмянка. Выдаецца газ. «Ашмянскі веснік».
С.І.Сідор.
т. 2, с. 167