А́ШКЕРЦ
(Aškerc) Антон (9.1.1856, в. Глабока, Славенія — 10.6.1912),
славенскі паэт, драматург. У 1881—98 святар. Друкаваўся з 1880. Аўтар зб-каў «Балады і рамансы» (1890), «Лірычныя і эпічныя вершы» (1896) і інш., п’ес («Ізмайлаў», 1906, і інш.). Перавагу аддаваў баладам, паэмам, сатырам. Стварыў рэаліст. карціны сял. жыцця (балады «Вяселле ў Логах», 1887; «Камень на мяжы», 1888), увёў у славенскую паэзію вобраз рабочага. Нізка балад «Старая праўда» (1888) прысвечана сярэдневяковым сял. паўстанням. Адстойваў ідэю адзінства славян, асуджаў манархічны дэспатызм і захопніцкія войны («Новыя вершы», 1900). Папулярнасць набылі яго творы на гіст. тэмы (вершы «Прымаж Трубар», «Пакутнікі» і інш.). На бел. мову яго творы перакладаў Н.Гілевіч.
М.М.Трус.
т. 2, с. 166