АША́НІН Леў Іванавіч
(н. 30.5.1912, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл.),
рускі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1936—39). Аўтар зб-каў вершаў «Дзеці розных народаў» (1950), «Вершы пра каханне» (1957), «Проста я працую чараўніком» (1966), «Ішоў я праз завіруху...» (1970), «Здалёк — доўга» (1977), «Самалёты і салаўі» (1982), «Пакуль я дыхаць умею...» (1985), «Таму што мне васемнаццаць» (1987) і інш., рамана ў вершах «Мой сябра Барыс» (1944), рамана ў баладах «Вада бяссмерця» (1975), аповесці ў вершах «Гаспадар агню» (1977). Асн. тэматыка твораў — рамантыка стваральнай працы, маладосць, каханне. Многія яго вершы, пакладзеныя на музыку («Песня пра трывожную маладосць», «Цячэ Волга», «Хай заўсёды будзе сонца»), сталі вядомымі песнямі.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1980—81.
т. 2, с. 165
АША́НЦІ,
Канфедэрацыя Ашанці, дзяржава ашанці ў Зах. Афрыцы ў канцы 17—19 ст. Сталіца — г. Кумасі. Узначальвалася асантэхене (царом), першым з якіх і заснавальнікам канфедэрацыі быў Асей Туту (п. у 1731). Каля 1800 Ашанці ахоплівала тэрыторыі сучасных Цэнтр. Ганы, часткова Кот-д’Івуар і Буркіна-Фасо. Асновай эканам. магутнасці Ашанці быў гандаль рабамі, золатам і інш. з еўрап. фартамі на Залатым Беразе. У выніку англа-ашанційскіх войнаў (1806, 1811, 1814—15, 1823—26, 1863, 1873—74, 1895—96) Ашанці страціла незалежнасць і стала брыт. пратэктаратам, хоць захавала свой унутрыпаліт. лад. Пасля няўдалага паўстання 1900 супраць англічан у складзе іх калоніі Залаты Бераг (1902—60). Першы прэзідэнт Ганы К.Нкрума пазбавіў улады апазіцыйнага яму асантэхене.
Літ.:
Попов В.А. Ашантийцы в XIX в.: Опыт этносоциол. исслед М., 1982. С. 14—25.
т. 2, с. 165
АША́НЦІ,
народ групы акан у Гане. 3,7 млн. чал. (1987). Захоўваюць традыц. вераванні. Ёсць хрысціяне і мусульмане-суніты.
т. 2, с. 166
АШАРЫ́,
аль-Ашары Абу-ль-Хасан Алі Ібн Ісмаіл (873, Басра — 935), арабскі багаслоў, адзін з заснавальнікаў каламу—мусульм. артадаксальнай схаласт. тэалогіі. Яго вучэнне — спроба кансалідаваць суніцкае веравучэнне на аснове сінтэзу мутазілізму і ханбазілізму (гл. ў арт. Іслам). Асн. творы — «Вучэнне мусульман» і «Тлумачэнне асноў веры». Сцвярджаў абсалютны характар божай усёмагутнасці, рэальнае існаванне божых атрыбутаў, багатворнасць Карана. Адказнасць чалавека за свае дзеянні імкнуўся абгрунтаваць з дапамогай тэорыі, паводле якой чалавечыя ўчынкі робяцца непасрэдна Богам, а чалавек вольны быццам бы прыпісваць іх сабе.
т. 2, с. 166
АШАРЫ́Т
(ад назвы месца знаходкі каля г. Ашэрслебен у Германіі),
сайбелііт, мінерал класа баратаў, Mg2(OH)[B2O4(OH)]. Мае прымесі жалеза, марганцу. Вядомы дзве манаклінныя і адна рамбічная мадыфікацыі. Крышталі рэдкія, часцей тонкавалакністыя агрэгаты, шчыльныя і зямлістыя масы, канкрэцыі. Колер белы, шараваты, жаўтаваты. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 2,69 г/см³. Пашыраны мінерал эндагенных радовішчаў борных рудаў і саляносных асадкавых тоўшчаў. Борная руда.
т. 2, с. 166