Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАТЭРЛІ́НІЯ

(галанд. water-lijn ад water вада + lijn лінія),

лінія судакранання паверхні вады з корпусам судна, што плавае. Грузавая ватэрлінія супадае са спакойнай паверхняй вады пры поўнай загрузцы судна і адпавядае найбольшай дапушчальнай у эксплуатацыі асадцы; адзначаецца грузавой маркай. Тэарэтычныя ватэрлініі атрымліваюць сячэннем паверхні корпуса судна гарыз. плоскасцямі на чарцяжы. Форма ватэрлініі і велічыня абведзенай ёю плошчы ўплываюць на характарыстыкі ходкасці і астойлівасці судна.

т. 4, с. 39

ВАТЭРЛО́О

(Waterloo),

горад у Бельгіі, у правінцыі Брабант, на Пд ад Бруселя. Каля 30 тыс. ж. (1990). Каля Ватэрлоо 18.6.1815 адбылася бітва паміж англа-галандска-прускай арміяй і франц. войскамі Напалеона I. Франц. армія пацярпела паражэнне (з 72 тыс. было забіта 32 тыс. салдат і афіцэраў), што з’явілася апошнім знішчальным ударам для напалеонаўскай імперыі. Напалеон здаўся англічанам і быў высланы на в-аў Св. Алены. У Францыю зноў вярнуліся Бурбоны. У краінах Зах. Еўропы бітва пад Ватэрлоо вядома таксама як бітва пад Бель-Альянс (нас. пункт каля Ватэрлоо).

т. 4, с. 39

ВАТЭРПО́ЛА,

тое, што воднае пола.

т. 4, с. 39

ВАТ-ГАДЗІ́НА,

пазасістэмная адзінка работы і энергіі. Абазначаецца Вт·гадз. 1 Вт·гадз = 3600 Дж.

т. 4, с. 36

ВАУ́ЛІ ПІЕТО́МІН,

Ваўлё Ненянге, кіраўнік паўстання ненецкай беднаты ў 1830—40-я г. Аленявод нізавой тундры з р. Таз. На чале ўзбр. дружыны вёў барацьбу супраць мясц. князькоў, багатых аленяводаў, купцоў і царскіх чыноўнікаў. У студз. 1841 з атрадам (400 чал.) падышоў да г. Абдорск (цяпер г. Салехард). Быў схоплены, дастаўлены ў г. Бярозаў, пасля ў г. Табольск і сасланы на катаргу ва Усх. Сібір, дзе памёр. Паўстанне Ваулі Піетоміна ўпершыню апісала ў сваім дзённіку ўраджэнка Беларусі Е.Фялінская, якая адбывала ў Бярозаве ссылку за рэв. дзейнасць.

Літ.:

История Сибири с древнейших времен до наших дней. Т. 2. Л., 1968;

Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 188—203.

Ю.В.Бажэнаў.

т. 4, с. 39

ВАЎЖЭ́ЦКІ Тамаш

(паміж 1753—59, Браслаўскі пав. — 5.8.1816),

грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. З маладых гадоў, практыкуючы ў земскіх судах, набыў вядомасць як выдатны знаўца права. Пасол ад Браслаўскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, дзе далучыўся да дэмакр. плыні, быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791. У сваім маёнтку ліквідаваў паншчыну і даў сялянам волю. Адстойваў пашырэнне праў мяшчанства. Удзельнічаў у распрацоўцы рэформы мясц. адм. кіравання ў ВКЛ праз стварэнне ваяводскіх і павятовых парадкавых цывільна-вайск. камісій. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 быў саветнікам камандуючага арміяй ген.-лейт. Ю.Юдзіцкага; удзельнік бітвы пад Мірам (11.6.1792). У час паўстання 1794 уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду; з сярэдзіны мая 1794 адзін з кіраўнікоў паўстання на Жмудзі і ў Курляндыі; у канцы мая прызначаны А.Т.Б.Касцюшкам чл. Найвышэйшай нац. рады ў Варшаве — гал. органа паўстання. Атрымаў ад Касцюшкі званне ген.-лейтэнанта. У верасні пад націскам рас. войск вывеў рэшткі сваіх атрадаў пад Гродна. Пасля паланення Касцюшкі выбраны «вышэйшым начальнікам» — кіраўніком паўстання на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. Пасля капітуляцыі Варшавы (6 ліст.) трапіў у палон, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе напісаў успамін пра паўстанне. У 1796 амнісціраваны і вярнуўся на радзіму. У 1812 узначаліў Літоўскі грамадз. к-т па забеспячэнні харчамі рас. войска. Пасля вайны 1812 міністр юстыцыі і пажыццёвы ваявода ў Каралеўстве Польскім. Пахаваны ў г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.

Літ.:

Szyndler B. Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania kościuszkowskiego. Warszawa, 1976;

Пракопчык Л. Генерал касінераў // Пракопчык Л. «Дрэмле памятка дзён...» Мн., 1991.

У.П.Емяльянчык.

т. 4, с. 39

ВАЎКАВІ́ЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Чавускім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Раста. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПдЗ ад г. Чавусы, 35 км ад Магілёва, 18 км ад чыг. ст. Раста. 542 ж., 198 двароў (1995). Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. Сувязі.

т. 4, с. 40

ВАЎКАВЫ́СК,

горад у Беларусі абл. падпарадкавання, цэнтр Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Рось. За 98 км ад Гродна. Вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Бераставіцу, Свіслач і аўтадарог на Масты, Слонім, Ружаны, Бераставіцу. 43,6 тыс. ж. (1995).

Першыя паселішчы на тэр. Ваўкавыска ўзніклі ў 10 ст., што пацвярджаюць археал. матэрыялы, выяўленыя на гарадзішчы Муравельнік, дзядзінцы Шведская гара і Замчышчы (вакольны горад). Упершыню Ваўкавыск (летапісны Волковыескъ) упамінаецца ў 1252. У 13 ст. цэнтр Ваўкавыскага княства, быў аб’ектам барацьбы паміж галіцка-валынскімі і літ. князямі. З пач. 14 ст. ў ВКЛ. Ваўкавыская харугва ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410. З 15 ст. цэнтр староства, з 16 ст. цэнтр Ваўкавыскага павета. Неаднаразова быў спалены ў час войнаў 17 — пач. 18 ст. У час паўстання 1794 заняты паўстанцамі. З 1795 у Рас. імперыі. На пач. вайны 1812 у Ваўкавыску размяшчалася штаб-кватэра камандуючага 2-й Зах. рус. арміяй ген. П.І.Баграціёна, горад значна пацярпеў ад ваен. дзеянняў. У 1885 праз Ваўкавыск пракладзена чыг. Баранавічы—Беласток. У 1891 у Ваўкавыску 19 фабрык і прамысл. прадпрыемстваў. У 1897 — 10 323 ж. Жыхары горада ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07, тут адбыліся хваляванні салдат і навабранцаў. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. У 1909—18 працавала Ваўкавыская жаночая гімназія. У 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Ваўкавыскага раёна. 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ваўкавыску і раёне больш за 29 тыс. чал., у т. л. 20 тыс. у лагеры ваеннапалонных. З лют. 1942 дзейнічала Ваўкавыская раённая антыфашысцкая арганізацыя. 14.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў выніку Беластоцкай аперацыі 1944. У 1969 — 21,5 тыс. жыхароў.

Цэнтр маш.-буд. (Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання), буд. матэрыялаў (Ваўкавыскае вытворчае аб’яднанне будаўнічых матэрыялаў, «Ваўкавыскцэментнашыфер») і харч. (Ваўкавыскі малочнакансервавы камбінат дзіцячых прадуктаў «Беллакт», мясакамбінат) прам-сці. Пед. вучылішча і Ваўкавыскі саўгас-тэхнікум. Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей. Помнік П.І.Баграціёну. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс Вызваліцелям, брацкая магіла сав. ваеннапалонных, магілы ахвяр фашызму.

В.У.Шаблюк (гісторыя).

т. 4, с. 40

ВАЎКАВЫ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ.

Створана ў 1946 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. як прамкамбінат. З 1969 камбінат буд. матэрыялаў, з 1981 сучасная назва. Уключае з-д сілікатнай цэглы, лесазавод, з-д па вытв-сці керамічнай цэглы і кафлі, цэх клеявой стужкі. Асн. прадукцыя (1996): цэгла сілікатная і керамічная, кафля пячная, стужка клеявая папяровая, сталярныя вырабы, мел школьны.

т. 4, с. 40

ВАЎКАВЫ́СКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,

бел. рукапісны помнік 16 ст. Месца стварэння невядомае. Зробленая на кнізе ў 1751 прэсвітэрам «церкви Волковицкой» айцом Іаанам Савічам прыпіска дала магчымасць В.Шматаву звязаць Евангелле з Ваўкавыскам, аднак, магчыма, кніга знаходзілася ў в. Ваўкавічы Навагрудскага пав. (у прыпісцы ўпамінаецца пан Казімір Корсак, навагрудскі гарадскі суддзя). У 19 ст. А.Рачынскі вывез Евангелле з Віцебскага Маркавага манастыра ў Віленскую публічную б-ку. Ваўкавыскае евангелле — рэдкі ўзор рукапіснай бел. кнігі рэнесансавага стылю: шматколерныя раслінныя арнаменты ініцыялаў і заставак выходзяць на правыя і левыя палі рукапісу. Рукапіс пашкоджаны: няма пачатку Евангелляў ад Марка, Матфея, няправільна збрашураваны Саборнік 12 месяцаў і казанні евангелістаў на кожны дзень. Зберагаецца ў б-цы АН Літвы (Вільня).

М.В.Нікалаеў.

т. 4, с. 40