ВАЎЖЭ́ЦКІ Тамаш

(паміж 1753—59, Браслаўскі пав. — 5.8.1816),

грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. З маладых гадоў, практыкуючы ў земскіх судах, набыў вядомасць як выдатны знаўца права. Пасол ад Браслаўскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, дзе далучыўся да дэмакр. плыні, быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791. У сваім маёнтку ліквідаваў паншчыну і даў сялянам волю. Адстойваў пашырэнне праў мяшчанства. Удзельнічаў у распрацоўцы рэформы мясц. адм. кіравання ў ВКЛ праз стварэнне ваяводскіх і павятовых парадкавых цывільна-вайск. камісій. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 быў саветнікам камандуючага арміяй ген.-лейт. Ю.Юдзіцкага; удзельнік бітвы пад Мірам (11.6.1792). У час паўстання 1794 уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду; з сярэдзіны мая 1794 адзін з кіраўнікоў паўстання на Жмудзі і ў Курляндыі; у канцы мая прызначаны А.Т.Б.Касцюшкам чл. Найвышэйшай нац. рады ў Варшаве — гал. органа паўстання. Атрымаў ад Касцюшкі званне ген.-лейтэнанта. У верасні пад націскам рас. войск вывеў рэшткі сваіх атрадаў пад Гродна. Пасля паланення Касцюшкі выбраны «вышэйшым начальнікам» — кіраўніком паўстання на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. Пасля капітуляцыі Варшавы (6 ліст.) трапіў у палон, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе напісаў успамін пра паўстанне. У 1796 амнісціраваны і вярнуўся на радзіму. У 1812 узначаліў Літоўскі грамадз. к-т па забеспячэнні харчамі рас. войска. Пасля вайны 1812 міністр юстыцыі і пажыццёвы ваявода ў Каралеўстве Польскім. Пахаваны ў г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.

Літ.:

Szyndler B. Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania kościuszkowskiego. Warszawa, 1976;

Пракопчык Л. Генерал касінераў // Пракопчык Л. «Дрэмле памятка дзён...» Мн., 1991.

У.П.Емяльянчык.

т. 4, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)