Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВО́ЛЬСКІ

(сапр. Вольскі-Зэйдэль) Віталь Фрыдрыхавіч (5.9.1901, С.-Пецярбург — 22.8.1988),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1971). Канд. філал. н. (1934). Скончыў Камуніст. ун-т Беларусі (1927). У 1932—36 дырэктар Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі, у 1948—54 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкаваўся з 1926. На аснове фальклору стварыў п’есы «Цудоўная дудка» (паст. 1939), «Дзед і жораў» (паст. 1939), «Машэка» (1946, паст. 1954). Найб. папулярная камедыя «Несцерка» (паст. 1941; аднайм. фільм 1955). Аўтар краязнаўчых кніг «Па лясных сцежках» (1948), «На бабровых азёрах» (1957), «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968), «Палессе» (1974) і інш., літ.-знаўчых прац «Эдуард Самуйлёнак» (1951), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпохі феадалізму» (1958). У некаторых артыкулах праявы вульгарнага сацыялагізму.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1977;

Лёс Дункана. Мн., 1978.

т. 4, с. 269

ВО́ЛЬСКІ Мікола

(1762—1803),

мысліцель, гісторык, літаратар. Працаваў бібліятэкарам у І.І Храптовіча. Удзельнічаў у рабоце «Таварыства аматараў навук» у Варшаве. Аўтар вершаў, перакладаў і твораў па гісторыі. У працы «Прамова..., якая мае заўвагі пра першапачатковую гісторыю свету» (Вільня, 1784; на польск. мове) прытрымліваўся асветніцкіх поглядаў на прыроду чалавека і натуральнае права, ёсць элементы матэрыяліст. разумення ролі эканам. адносін у гісторыі, аднак асноўная пазіцыя ідэалістычная. Прыхільнік моцнай каралеўскай улады, выступаў супраць рэв., «якабінскіх» ідэй. Творчасць Вольскага прасякнута памяркоўнай асв. ідэалогіяй.

т. 4, с. 269

ВО́ЛЬСЯ,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 8 км на З ад г. Паставы. Пл. 0,25 км², даўж. 840 м, найб. шыр. 390 м, найб. глыб. 2,5 м, даўж. берагавой лініі 2,6 км. Пл. вадазбору 43,2 км². Схілы катлавіны выш. 3—4 м, на Пд і ПдУ 5—7 м, разараныя, месцамі пад лугамі. Берагі нізкія, месцамі сплавінныя. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 5—250 м. Упадае ручай Вінгра, выцякае ручай у Мядзелку.

т. 4, с. 269

ВОЛЬТ,

адзінка электрычнага напружання, эл. патэнцыялу, рознасці эл. патэнцыялаў і электрарухальнай сілы (эрс) у СІ. Абазначаецца В. 1 В роўны эл. напружанню на ўчастку эл. ланцуга з пастаянным такам сілай 1 А, у якім затрачваецца магутнасць 1 Вт (гл. Ампер, Ват). Названы ў гонар А.Вольты.

т. 4, с. 269

ВО́ЛЬТА

(Volta),

рака ў Зах. Афрыцы, пераважна ў Гане. Утвараецца ад зліцця Чорнай Вольты і Белай Вольты. Даўж. 1600 км (ад вытоку р. Чорная Вольта). Пл. бас. 394 тыс. км². Упадае ў Гвінейскі заліў, утварае балоцістую дэльту. Буйныя прытокі — Оты (левы), Афрам (правы). Паўнаводная са жн. да снежня. Сярэдні расход вады 1288 м³/с. Гадавы сцёк 41 км³. ГЭС. Вадасх. Вольта. Рыбалоўства. Суднаходная за 400 км ад вусця. Гал. парты — Кетэ-Крачы, Акасомба.

т. 4, с. 269

ВО́ЛЬТА

(Volta),

вадасховішча ў Гане, на р. Вольта. Пл. 8480 км², даўж. 400 км. Утворана ў 1964—67 для энергетыкі, ірыгацыі, суднаходства і рыбалоўства.

т. 4, с. 269

ВО́ЛЬТА,

лёгкая шаўкавістая баваўняная тканіна палатнянага перапляцення. Вырабляюць з тонкай грабеннай пражы. Бывае са стракатымі набіванымі рысункамі, гладкаафарбаваная, адбеленая. З вольты шыюць жаночыя летнія сукенкі, бялізну.

т. 4, с. 269

ВО́ЛЬТА

(Volta) Алесандра (18.2.1745, г. Кома, Італія — 5.3.1827),

італьянскі фізік, хімік і фізіёлаг. Вучыўся ў школе езуітаў. Працаваў ва ун-тах Павіі (1779—1815) і Падуі (1815—19). Вынайшаў (1799) т.зв. вольтаў слуп — першую крыніцу пастаяннага эл. току. Адкрыў кантактную рознасць патэнцыялаў. Сканструяваў шэраг эл. прыбораў (кандэнсатар, электраскоп, электрометр і інш.). Выявіў і даследаваў уздзеянне электрычнасці на жывыя тканкі жывёл і чалавека. Яго імем названа адзінка эл. напружання — вольт.

т. 4, с. 269

ВОЛЬТАМПЕ́РНАЯ ХАРАКТАРЫ́СТЫКА (ВАХ),

залежнасць падзення напружання на элеменце эл. ланцуга ад сілы току, што працякае праз яго (або залежнасць сілы току праз элемент ланцуга ад прыкладзенага напружання). Калі супраціўленне элемента не залежыць ад току, то ВАХ — прамая лінія, якая праходзіць праз пачатак каардынат. ВАХ нелінейных элементаў (эл.-вакуумныя, газаразрадныя і цвердацелыя прылады) маюць нелінейныя ўчасткі і розную форму. Гл. таксама Адмоўнае супраціўленне.

т. 4, с. 269

ВО́ЛЬТЭР

(Volteris) Эдуард Аляксандравіч (18.3.1856, Рыга — 14.12.1941),

літоўскі і латышскі гісторык, філолаг, этнограф, археолаг. Вучыўся ў Лейпцыгскім (1875—77) і Дэрпцкім (г. Тарту, 1877—80) ун-тах. У 1895—1918 прыват-дацэнт Петраградскага ун-та. У 1922—33 у Каўнасе праф. ун-та, дырэктар гар. музея. У канцы 1890-х г. разам з В.А.Шукевічам раскопваў стараж. могільнікі на Бел. Панямонні, збіраў археал. і этнагр. матэрыялы ў паўн.-зах. Беларусі. Адзін з першых біёграфаў Т.Нарбута. Паставіў задачу комплекснага вывучэння Нясвіжскай ардынацкай б-кі як помніка культуры.

Тв.:

Археологические коллекции частных лиц в Северо-Западном крае. Вильна, 1889;

О ятвягах // Ежегодник Русского антропологического о-ва при имп. С.-Петербургском ун-те. 1908. Т. 2.

т. 4, с. 269