Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВОЕНАЧА́ЛЬНІК,

вайсковы або флоцкі начальнік, які займае высокую камандную ці штабную пасаду ва ўзбр. сілах дзяржавы. У Рэспубліцы Беларусь да военачальнікаў адносяцца камандуючыя і начальнікі штабоў родаў войск, армій і інш. аператыўных аб’яднанняў. Паняцце «военачальнік» абагульняльнае, у т. л. для палкаводцаў і флатаводцаў.

т. 4, с. 254

«ВОЕ́ННО-ИСТОРИ́ЧЕСКИЙ ЖУРНА́Л»,

часопіс Ген. штаба Узбр. Сіл Расіі. Выходзіць з 1939 у Маскве на рус. мове штомесяц. У 1939—40 орган Нар. камісарыята абароны СССР, у студз.ліп. 1941 — Ген. штаба РСЧА; з пач. Айч. вайны выданне спынена, адноўлена ў 1959. Да 1991 орган Мін-ва абароны СССР. Друкуе артыкулы, дакументы і матэрыялы па гісторыі рас. і сав. ваен. майстэрства, успаміны палкаводцаў (флатаводцаў) і военачальнікаў (у т. л. па гісторыі рас. палкоў, Вял. Айч. вайны 1941—45), рэцэнзіі, навук. інфармацыю і інш.

т. 4, с. 254

«ВО́ЖЫК»,

сатырычна-гумарыстычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца штомесячна ў Мінску на бел. мове. Пачаў выходзіць у ліп. 1941 як сатыр. плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» ў Гомелі, потым у Маскве. Са жн. 1945 часопіс «Вожык». Друкуе фельетоны, байкі, гумарэскі, апавяданні, пародыі, інтэрмедыі, скетчы, памфлеты, анекдоты, пераклады сатыр. твораў, карыкатуры, малюнкі, шаржы. З 1957 выдае «Бібліятэку «Вожыка».

т. 4, с. 254

ВО́ЖЫК-РЫ́БА

(Diodon histrix),

рыба сям. вожыкі-рыбы атр. іголкабрухападобных. Пашырана ў трапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. пераважна каля камяністых узбярэжжаў і каралавых рыфаў.

Даўж. да 60 см. Афарбоўка аліўкавая з дробнымі цёмнымі плямкамі на спіне і хвасце. Цела ўкарочанае, амаль шарападобнае, укрытае вострымі, зрэдку доўгімі (да 5 см) масіўнымі, рухомымі шыпамі, якія могуць прыціскацца або падымацца, як у вожыка. Мае сківічныя косці, з дапамогай якіх раздрабляе ракавіны і адкусвае галінкі каралавых паліпаў. Скура і вантробы ядавітыя. Аб’ект промыслу. У Акіяніі і Кітаі надзьмутых і высушаных рыб выкарыстоўваюць для вырабу кітайскіх ліхтарыкаў.

т. 4, с. 254

ВО́ЖЫК ЗВЫЧА́ЙНЫ

(Erinaceus europaeus),

млекакормячая жывёла сям. вожыкавых атр. насякомаедных. Пашыраны ў Еўропе, Азіі. Жыве ў лясах, лесастэпах, стэпах, на высечках, у пасевах с.-г. культур, на агародах, у садах, поймах рэк. На Беларусі трапляецца ўсюды.

Даўж. цела 20—31 см, маса 700—800 г. Спіна і бакі цела ўкрыты калючкамі, знізу — шорсткай поўсцю. Канечнасці пяціпальцыя, кіпцюры моцныя і доўгія. У прыплодзе да 10 дзіцянят, якія кормяцца малаком маці. Дарослыя кормяцца насякомымі (пераважна жукамі), чарвямі, жабамі, птушанятамі і яйцамі птушак, яшчаркамі, дробнымі грызунамі, радзей ягадамі. Малаадчувальны да ядаў, у т. л. да змяінага. Упадае ў спячку. Пры небяспецы згортваецца ў клубок. Пераносчык узбуджальнікаў небяспечных хвароб. Добра пераносіць няволю. Увесну шмат гіне на аўтадарогах.

т. 4, с. 254

ВО́ЖЭ,

возера на Пн Валагодскай вобл. Расіі. Пл. 416 км². Глыб. да 4,5 м. Берагі пераважна нізінныя, забалочаныя. Упадаюць каля 20 рэк, найб. — Вожэга, Мадлона. Сцёк цераз р. Свідзь ў воз. Лача.

т. 4, с. 254

ВОЗ,

рабочая павозка для коннай ці валовай цягі; тое, што калёсы.

т. 4, с. 254

ВО́ЗЕМЛЯНСКІ БОЙ 1941,

бой паміж партыз. атрадам «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Ц.П.Бумажкоў), падраздзяленнем Чырв. Арміі (падпалк. Л.В.Курмышоў) і ням.-фаш. захопнікамі 18 ліп. ў в. Воземля Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Нечакана для гітлераўцаў да вёскі па чыг. ветцы Бабруйск—Рабкор падышоў браняпоезд і адкрыў артыл. агонь па штабе ням. дывізіі і агнявых пунктах ворага. Потым зводны атрад партызан і чырвонаармейцаў атакаваў праціўніка. У выніку бою была вызвалена ад захопнікаў вёска, партызаны захапілі палонных, трафеі, важныя штабныя дакументы і перадалі іх камандаванню сав. войск.

т. 4, с. 254

ВО́ЗЕРА,

гл. Азёры.

т. 4, с. 254

ВО́ЗЕРА,

вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы. За 35 км на ПнУ ад г.п. Узда. 29 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Койданава, каля аўтадарогі Мінск—Слуцк. 817 ж., 322 двары (1996). Пякарня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, Дом быту, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (2-я пал. 19 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 4, с. 255