БРАНД (Brand) Вэнс
(н. 9.5.1931, Лонгмант, штат Каларада, ЗША),
касманаўт ЗША. Скончыў Каларадскі ун-т (1953). З 1966 у групе касманаўтаў НАСА 15—25.7.1975 з Т.Стафардам і Д.Слейтанам здзейсніў палёт на касм. караблі «Апалон» па праграме ЭПАС, 11—16.11.1982 з Р.Овермаерам, Дж.Аленам, У.Ленуарам — палёт на шматразовым касм. караблі «Спэйс Шатл» («Калумбія»), 3—11.2.1984 з Р.Гібсанам, Р.Мак-Нэрам, Б.Мак-Кандлесам, Р.Сцюартам — палёт на касм. караблі «Спэйс Шатл». Залаты медаль імя Ю.А.Гагарына.
т. 3, с. 241
БРА́НДА (Brando) Марлан
(н. 3.4.1924, г. Омаха, ЗША),
амерыканскі акцёр. Вучыўся ў школе драм. мастацтва (Нью-Йорк, 1943). З 1944 іграў на Брадвеі. Вядомасць атрымаў пасля выканання ролі Стэнлі Кавальскага ў спектаклі «Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса. З 1950 здымаецца ў кіно. Мае ўласны стыль акцёрскай ігры — разнавіднасць сістэмы Станіслаўскага, прыстасаваная да кінакамеры. Выканаўца гал. роляў у драмах, камедыях, вестэрнах, дзе стварыў вобраз бунтоўнага героя, які не ў стане падтрымліваць сувязі з грамадствам: «Віва, Зана!», «Апошняе танга ў Парыжы», «Мужчыны», экранізацыя «Трамвая «Жаданне», «Апакаліпсіс», «У порце» (прэмія «Оскар», 1955), «Хросны бацька» (прэмія «Оскар», 1973, не прыняў) і інш. Супрацоўнічае з рэжысёрамі Ф.Копалай, Б.Берталучы, А.Пенам, Дж.Х’юстанам, Э.Дзмітрыкам. Як рэжысёр зняў вестэрн «Два аблічча помсты» (1960) і выканаў у ім гал. ролю.
т. 3, с. 241
БРАНДА́ЎЭР (Brandauer; сапр. Штэнг; Steng) Клаўс Марыя
(н. 22.6.1943, г. Бад-Аўсзе, Аўстрыя),
аўстрыйскі акцёр тэатра і кіно. З 1963 выступае на сцэнах буйнейшых т-раў Дзюсельдорфа, Вены, Мюнхена, Гамбурга, Берліна, Зальцбурга. Выканаўца гал. роляў у п’есах У.Шэкспіра, Ф.Шылера, П.Бамаршэ, а таксама ў сучасным рэпертуары. Міжнар. вядомасць атрымаў пасля здымкаў у фільмах І.Саба «Мефіста» (у сав. пракаце «Мефістофель»), «Палкоўнік Рэдль», «Ханусен» і С.Полака «Развітанне з Афрыкай». Здымаўся ў ролі Дантона ў тэлевіз. фільме «Французская рэвалюцыя».
т. 3, с. 241
БРАНДВА́ХТА
(ад галанд. brandwacht вартавы карабель),
1) карабель, які нясе вартавую службу на ўваходзе (выхадзе) на рэйд (у гавань, канал) і падтрымлівае ўстаноўлены рэжым плавання (рэгуляванне руху суднаў, выкананне ім мытных, каранцінных, рэйдавых і інш. правілаў).
2) Пост на беразе або на судне, прызначаны сачыць за пажарнай бяспекай на тэр. порта.
3) Несамаходнае судна — жыллё для экіпажа земснарадаў, вадалазных станцый, пошукавых партый, партовых рабочых і інш.
т. 3, с. 241
БРАНДСПО́ЙТ
(ад галанд. brandspuit пажарная помпа),
1) металічны наканечнік гнуткага шланга; устарэлая назва ствала ў пажарнай тэхніцы.
2) Пераносная ручная помпа для мыцця палуб, тушэння пажараў і інш. на суднах.
т. 3, с. 241
БРА́НДЫС (Brandys) Казімеж
(н. 27.10.1916, г. Лодзь, Польшча),
польскі празаік. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це. У раманах «Драўляны конь» і «Няскораны горад» (абодва 1946) адлюстраваў лёс і духоўныя пошукі польскай інтэлігенцыі. Партрэт маладога інтэлігента на фоне перадваен. і ваен. падзей стварыў у тэтралогіі «Паміж войнамі» (т. 1—4,1947—51), якую склалі раманы «Самсон», «Антыгона», «Трон — адкрыты горад», «Чалавек не памірае». Працэс станаўлення асобы прасачыў у рамане «Абывацелі» (1954). Маральна-філас. праблемы дамінуюць у зб-ках апавяданняў «Рамантычнасць» (1960), «Спосаб існавання» (1963), «Джокер» (1966), «Кірмаш» (1968), «Думка» (1974), «Ірэальнасць» (1977). У «Лістах да пані Z.» (т. 1—3, 1958—62) уражанні Брандыса ад падарожжа па краінах Еўропы. З 1981 на Захадзе, жыве ў Францыі. Аўтар дзённіка «Месяцы» (ч. 1—4, 1980—87), літ. эсэ «Характары і лісты» (1991).
Тв.:
Opowiadania. Warszawa, 1973;
Nowele filmowe. Warszawa, 1975;
Бел. пер. — Грамадзяне. Мн., 1958;
Рус. пер. — Между войнами Т. 1—2. М., 1957—58.
М.М.Хмяльніцкі.
т. 3, с. 241
БРА́НДЭНБУРГ
(Brandenburg),
зямля (адм. адзінка) на ПнУ ФРГ. Пл. 29,05 тыс. км². Нас. 2,67 млн. чал. (1995). Адм. ц. — г. Патсдам. Займае ч. Сярэднееўрап. раўніны, у межах якой вылучаюцца Мекленбургскае паазер’е на Пн і марэннае узв. Флемінг (да 201 м) на Пд; паміж імі — паласа пясчаных нізінных раўнін з шырокімі забалочанымі стараж. лагчынамі. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 18 °C, студз. каля 0 °C, ападкаў 550 мм за год. З карысных выкапняў найб. значэнне мае буры вугаль, ёсць буд. матэрыялы і торф. Букавыя і дубова-букавыя лясы. Асн. прамысл. цэнтры (выплаўка сталі, металаапрацоўка, машынабудаванне, электратэхніка) сканцэнтраваны вакол Берліна: Араніенбург, Генігсдорф, Патсдам, Брандэнбург, Тэльтаў і інш. Другі прамысл. раён — Нідэрлаўзіц на ПдУ, дзе на базе здабычы бурага вугалю развіта энергетыка (буйныя ЦЭС у гарадах Любенаў, Фечаў, Лаўгамеры і інш.) і хім. прам-сць. Франкфурт-на-Одэры — буйны цэнтр эл.-тэхн., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Вырошчванне збожжавых (пшаніца, жыта), бульбы, цукр. буракоў, агародніны і садавіны. Малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля. Транспарт чыгуначны, аўтамаб., унутр. водны.
Тэр. сучаснага Брандэнбурга да 4 ст. насялялі герм. плямёны, з 5 ст. — палабскія славяне (стадаране, або гаваляне). У 1157 ням. войскі на чале з маркграфам Альбрэхтам Мядзведзем заваявалі сталіцу стадаран Брэну (Бранібор) пераназвалі яе Брандэнбургам і зрабілі цэнтрам новаўтворанага Брандэнбургскага маркграфства — фарпоста герм. экспансіі на У (войны з Польшчай у сярэдзіне 13 ст., 1308, 1315—17 і інш.). З 1356 Брандэнбург — курфюрства (з 1415 правілі Гогенцолерны; іх рэзідэнцыя з 1486 — Берлін). У 1618 Брандэнбург аб’яднаны з герцагствам Прусія ў Брандэнбургска-прускую дзяржаву (гл. Прусія). У 1815 утворана пруская правінцыя Брандэнбург (існавала да 1945). З 1945 у складзе сав. зоны акупацыі. З 1949 зямля ГДР, з 1990 зямля ФРГ.
У.Я.Калаткоў (гісторыя).
т. 3, с. 241
БРА́НДЭНБУРГ
(Brandenburg),
горад на У ФРГ, зямля (адм. адзінка) Брандэнбург. Засн. каля 1150 на месцы разбуранага ў 927—928 г. Бранібор слав. племені гавалян. 90 тыс. ж. (1990). Порт на р. Гафель, вузел чыгунак. Вытв-сць сталі і пракату, маш.-буд., тэкст., швейная, харчасмакавая прам-сць. Арх. помнікі 12—15 ст.
т. 3, с. 242
БРА́НДЭР
(ням. Brander),
судна, нагружанае гаручымі і выбуховымі рэчывамі, якое падпальвалі і пускалі па ветры ці цячэнні на варожыя караблі. У 19 — сярэдзіне 20 ст. брандэрам называлі старыя судны, якія затапляліся на ўваходзе ў гавань праціўніка з мэтай загароды.
т. 3, с. 242
БРАНЕ́ЎСКІ Уладзімір Багданавіч
(1782, паводле інш. звестак 1784, 1786, в. Астахава Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 19.4.1835),
рускі ваен. пісьменнік, ген.-м. (1832). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1802). Удзельнік ваен. кампаній на Міжземным і Адрыятычным морах (1805—10), служыў на Чарнаморскім флоце (1812—16). З 1819 інспектар Аляксандраўскага дваранскага ваен. вучылішча ў г. Тула, з 1828 памочнік дырэктара Пажскага корпуса. Чл. Рас. акадэміі і Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх пры Маскоўскім ун-це (1829). Літ. дзейнасць пачаў у 1818. Творы «Запіскі марскога афіцэра» (т. 1—4, 1818—19), «Лісты марскога афіцэра» (т. 1—2, 1825—26), «Падарожжа ад Трыеста да Санкт-Пецярбурга ў 1810 г.» (т. 1—2, 1828) напісаны ў жанры дарожных нарысаў і заснаваны на ўспамінах пра марскую службу і наведванне еўрап. краін у 1805—10. Аўтар гіст. твораў «Агляданне Паўднёвага берага Таўрыды ў 1815 г.» (1822), «Гісторыя Данскога войска. Апісанне Данской зямлі і паездка на Каўказ» (ч. 1—4, 1833—34).
т. 3, с. 242