БРАНЕ́ЎСКІ Уладзімір Багданавіч
(1782, паводле інш. звестак 1784, 1786, в. Астахава Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 19.4.1835),
рускі ваен. пісьменнік, ген.-м. (1832). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1802). Удзельнік ваен. кампаній на Міжземным і Адрыятычным морах (1805—10), служыў на Чарнаморскім флоце (1812—16). З 1819 інспектар Аляксандраўскага дваранскага ваен. вучылішча ў г. Тула, з 1828 памочнік дырэктара Пажскага корпуса. Чл. Рас. акадэміі і Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх пры Маскоўскім ун-це (1829). Літ. дзейнасць пачаў у 1818. Творы «Запіскі марскога афіцэра» (т. 1—4, 1818—19), «Лісты марскога афіцэра» (т. 1—2, 1825—26), «Падарожжа ад Трыеста да Санкт-Пецярбурга ў 1810 г.» (т. 1—2, 1828) напісаны ў жанры дарожных нарысаў і заснаваны на ўспамінах пра марскую службу і наведванне еўрап. краін у 1805—10. Аўтар гіст. твораў «Агляданне Паўднёвага берага Таўрыды ў 1815 г.» (1822), «Гісторыя Данскога войска. Апісанне Данской зямлі і паездка на Каўказ» (ч. 1—4, 1833—34).
т. 3, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)