ТЫПО́ВАЕ ў мастацтве,
абагульненае ўвасабленне ў маст. творчасці ў вобразнай форме рэальных людзей, падзей, фактаў. У аснове тыпізацыі (спосаб маст. абагульнення) — адлюстраванне спецыфічнага, характарнага ў з’явах рэчаіснасці, адносінах і паводзінах людзей, сац.-культ. працэсах. Характарнае ў Т. дасягае макс. выяўлення, усталёўваецца раўнадзеянне, баланс паміж індывід. і агульным. Т. ў маст. культуры адрозніваюць ад тыповага ў рэчаіснасці — сярэдняга, стэрэатыпнага, безаблічнага. Катэгорыя Т. — адна з вядучых у эстэтыцы, якая аддае перавагу мастацтву рэалізму.
У 19—20 ст. паняцце «Т.» шырока выкарыстоўвалася тэарэтыкамі мастацтва, крытыкамі, мастакамі; займала цэнтр. месца ў марксісцкай эстэтыцы. У сав. крытыцы 1920—50-х г. Т. разумелася вузка: як увасабленне ў мастацтве сац. пачатку; героі маст. твораў асэнсоўваліся ў якасці тыповых прадстаўнікоў пэўных сац. класаў, а іх індывід. рысы прызнаваліся класава абумоўленымі. што прыводзіла да схематызацыі і збяднення маст. вобразаў. З канца 20 ст. эстэт. тэорыя адмаўляе такі падыход да маст. творчасці і ігнараванне ролі індывід., непаўторнага ў Т.
В.А.Салееў.
т. 16, с. 78
ТЫПО́ВАЙ ГРАБЕ́НЬЧАТА-Я́МКАВАЙ КЕРА́МІКІ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. жылі на тэр. паўд.-ўсх. Прыбалтыкі і паўн. Беларусі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Мела наземныя жытлы, што размяшчаліся па берагах азёр і невял. рэчак. Крамянёвыя вырабы — кароткія наканечнікі стрэл вербалістай або рамбічнай формы і коп’і з двухбаковай рэтушшу, а таксама нажы, скрабкі, разцы і інш. касцяныя і рагавыя прылады. Кераміка — вялікія з круглаватым донцам гаршкі з дамешкамі жарствы ў тоўстых і добра абпаленых сценках, арнаментаваныя гарыз. паясамі з глыбокіх круглых ямак і адбіткаў шыраказубага грэбеня, якія ўтваралі рамбічныя ўзоры. У канцы неаліту плямёны гэтай культуры змяшаліся з носьбітамі нарвенскай культуры. На тэр. Беларусі найб. значныя помнікі: Скема, паселішчы на р. Свольна, воз. Бярэшча.
М.М.Чарняўскі.
т. 16, с. 78
ТЫПУ́ СУЛТА́Н (1750—4.5.1799),
правіцель (падзішах) паўд.-інд. дзяржавы Майсур [1782—99]. Вёў 3 вайны з Вялікабрытаніяй (гл. Англа-майсурскія войны). Уступіў на прастол у час 2-й англа-майсурскай вайны 1780—84. Пасля паражэння ў 3-й англа-майсурскай вайне 1790—92 спрабаваў стварыць баяздольную армію шляхам пераймання пэўных элементаў еўрап. ваен. арганізацыі. Дзеля гэтага заключыў саюз з урадам рэв. Францыі. У час 4-й англа-майсурскай вайны 1799 загінуў пры штурме англ. войскамі сталіцы Майсура — г. Серынгапатам.
т. 16, с. 78
ТЫ́ПЫ НЕРВО́ВАЙ СІСТЭ́МЫ, тыпы вышэйшай нервовай дзейнасці,
комплекс асн. прыроджаных і набытых індывід. уласцівасцей нервовай сістэмы чалавека і жывёл, што вызначае адрозненні ў паводзінах і адносінах да адных і тых жа ўздзеянняў навакольнага асяроддзя. Уведзены І.П.Паўлавым (1927). У аснове класіфікацыі — уяўленне пра сілу, ураўнаважанасць і рухомасць працэсаў узбуджэння і тармажэння. Існуе 4 гал. Т.н.с. Моцны неўраўнаважаны тып (адпавядае тэмпераменту халерыка) характарызуецца хуткай выпрацоўкай станоўчых (узбуджальных) умоўных рэфлексаў (УР) і слабай тармазных; у жывёл такога тыпу вегетатыўныя функцыі аднаўляюцца працягла і няроўна. Для моцнага ўраўнаважанага інертнага тыпу (флегматык) характэрна павольнае ўтварэнне станоўчых і тармазных УР; у жывёл рэакцыі прыстасавальнасці і ўзнаўлення вегетатыўных працэсаў адбываюцца павольна. У моцнага ўраўнаважанага рухальнага тыпу (сангвінік) станоўчыя і тармазныя УР утвараюцца хутка і лёгка трансфармуюцца пры змене раздражняльніка; жывёлам уласціва лёгкая прыстасавальнасць вегетатыўных функцый да змен навакольнага асяроддзя. Слабы тып (меланхолік) характарызуецца слабымі ўзбуджальнымі і тармазнымі працэсамі, УР выпрацоўваюцца з цяжкасцю, а тыя, што ўтварыліся, лёгка тармозяцца; у жывёл вегетатыўныя працэсы вялыя, лёгка парушаюцца, цяжка і няпоўна аднаўляюцца. У чалавека вылучаюць спец. тыпы, якія характарызуюцца ўзаемадзеяннем 1-й сігнальнай сістэмы, што адлюстроўвае рэчаіснасць у форме адчуванняў і ўспрыманняў, і другой сігнальнай сістэмы: тып мысліцельны з перавагай 2-й сігнальнай сістэмы; тып мастацкі з перавагай першай; тып сярэдні, калі абедзве сігнальныя сістэмы прадстаўлены ў роўных суадносінах. Неўрозы і псіхасаматычныя захворванні ўзнікаюць пераважна ў прадстаўнікоў моцнага неўраўнаважанага і слабага Т.н.с.
Літ.:
Русалов В.М. Биологические основы индивидуально-психологических различий. М., 1979.
С.С.Ермакоеа.
т. 16, с. 78
ТЫР,
старажытны фінікійскі горад-дзяржава на ўсх. узбярэжжы Міжземнага м. (цяпер г. Сур у Ліване). Узнік у 4-м тыс. да н.э. У 3—2-м тыс. да н.э. важны рамесніцкі і гандл. цэнтр Фінікіі. У 2-м тыс. (з перапынкамі) пад уладай Егіпта.
Найб. росквіту дасягнуў у сярэдзіне 10 ст. да н.э. пры цару Хіраме 1. У канцы 9 ст. да н.э. выхадцы з Т. засн. Карфаген, Утыку і інш. З 8 ст. да н.э. Т. пад уладай Асірыі, з пач. 6 ст. да н.э. — Новававілонскага царства, з 2-й пал. 6 ст. да н.э. — Ахеменідаў дзяржавы (фармальна захоўваў суверэнітэт). Меў важную ролю ў гандлі паміж краінамі Міжземнамор’я і Пярэдняй Азіі. У 332 да н.э. разбураны войскамі Аляксандра Македонскага. Пасля адбудовы Т. валодалі Пталамеі і Селеўкіды. З 64 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Сірыя, захоўваў аўтаномію. Да араб. заваявання (7 ст. н.э.) заставаўся буйным гандл. цэнтрам Усх. Міжземнамор’я. Раскопкі вядуцца з 2-й пал. 19 ст.
т. 16, с. 78
ТЫ́РА (Thēra),
Сантарын (Santorin), група астравоў у Эгейскім м., у архіпелагу Кіклады; тэр. Грэцыі. Пл. каля 80 км². Найб. в-аў — Тыра (74 км²). Астравы — рэшткі разбуранага магутным вывяржэннем вулкана Сантарын (1,4 тыс. гадоў да н.э.). Складзены з туфаў, лаў, шлакаў. Выш. да 566 м (на в-ве Тыра); на в-ве Каймені — малады дзеючы вулкан (вывяргаўся ў 19 ст.). Здабыча пемзы. Вінаграднікі. Порт — Тыра.
т. 16, с. 79
ТЫ́РА, Тырас (Tyras),
старажытнагрэчаскі горад, заснаваны ў 6 ст. да н.э. на зах. беразе лімана р. Тырас (сучасны Днестр) перасяленцамі з Мілета. У Т. развіваліся рамяство, рыбалоўства, гандаль з мясц. насельніцтвам і гарадамі Прыднястроўя. Каля 360 да н.э. тут пачалі чаканіць уласную манету. Уваходзіла ў склад дзяржавы Мітрыдата VI Еўпатара. Пры імператару Аўгусце падпарадкавана Рыму. У раннім сярэдневякоўі наз. Белгарад, з 1484 — Акерман, з 1944 — Белгарад-Днястроўскі.
А.Г.Зельскі.
т. 16, с. 79
ТЫРАДЭ́НТЫС (Tiradentes; сапр. Жаакін Жазэ да Сілва Шаўер; Silva Xavier; 12.11.1748, Памбал — 21.4.1792),
кіраўнік рэв. арг-цыі ў Бразіліі ў 1780-я г. Калі быў на партуг. ваен. службе, далучыўся да сакрэтнага т-ва, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ліберальнай інтэлігенцыі і афіцэрства. Пад яго кіраўніцтвам арг-цыя падрыхтавала змову з мэтай антыпартуг. паўстання з наступным абвяшчэннем незалежнай Бразільскай рэспублікі. У маі 1789 Т. і інш. змоўшчыкі арыштаваны партуг. ўладамі. Т., як кіраўнік змовы, пакараны смерцю. У Бразіліі Т. шануецца як заснавальнік руху за незалежнасць Бразіліі.
Літ.:
Игнатьев О. Тирадентис. М., 1966.
т. 16, с. 79
ТЫРА́Ж (франц. tirage ад tirer друкаваць),
1) колькасць экзэмпляраў якога-н. друкаванага выдання аднаго выпуску. Вызначаецца выдавецтвам. Адрозніваюць Т. малыя (да 15 тыс. экз.), сярэднія (да 100 тыс.), масавыя (больш за 100 тыс.).
2) У фінансавай дзейнасці — розыгрыш выйгрышаў у пазыках або латарэях; таксама пагашэнне аблігацый пазыкі або інш. папер установай, якая іх выпусціла.
3) У пераносным значэнні — тое, што выйшла з ужытку, устарэла.
т. 16, с. 79
ТЫРАЗІ́Н,
заменная амінакіслата, C6H4(OH)CH2CH(NH2)COOH. Уваходзіць у састаў многіх жывёльных і расл. бялкоў. Удзельнічае ў сінтэзе адрэналіну, меланінаў і інш. Выкарыстоўваюць у медыцыне.
т. 16, с. 79