ТЫР,
старажытны фінікійскі горад-дзяржава на ўсх. узбярэжжы Міжземнага м. (цяпер г. Сур у Ліване). Узнік у 4-м тыс. да н.э. У 3—2-м тыс. да н.э. важны рамесніцкі і гандл. цэнтр Фінікіі. У 2-м тыс. (з перапынкамі) пад уладай Егіпта.
Найб. росквіту дасягнуў у сярэдзіне 10 ст. да н.э. пры цару Хіраме 1. У канцы 9 ст. да н.э. выхадцы з Т. засн. Карфаген, Утыку і інш. З 8 ст. да н.э. Т. пад уладай Асірыі, з пач. 6 ст. да н.э. — Новававілонскага царства, з 2-й пал. 6 ст. да н.э. — Ахеменідаў дзяржавы (фармальна захоўваў суверэнітэт). Меў важную ролю ў гандлі паміж краінамі Міжземнамор’я і Пярэдняй Азіі. У 332 да н.э. разбураны войскамі Аляксандра Македонскага. Пасля адбудовы Т. валодалі Пталамеі і Селеўкіды. З 64 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Сірыя, захоўваў аўтаномію. Да араб. заваявання (7 ст. н.э.) заставаўся буйным гандл. цэнтрам Усх. Міжземнамор’я. Раскопкі вядуцца з 2-й пал. 19 ст.
т. 16, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)