Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАНЦУГОВАЯ КАМПАЗІ́ЦЫЯ структура вершаванага твора, калі наступныя вершаваныя радкі развіваюць думку асобных папярэдніх радкоў:

Растуць на радзіме маёй неабсяжныя дрэвы.
Кожнае з іх мае крону з шумлівых галінаў.
Кожная з гэтых галінаў — зялёны прамень.
Кожны прамень — гэта некалькі звонкіх жалеек.
З кожнай жалейкі, калі заіграеш,
То салаўі вылятаюць,
то кнігаўкі, то жаўрукі.
О, не сячыце дрэў гэтых пявучых, Калі свае любіце песні.
(М.Танк. «Тапор»).

У асобных цвёрдых формах верша суседнія строфы яднаюцца рыфмамі або наступныя строфы часам поўнасцю ўключаюць у сябе асобныя радкі папярэдніх (гл. ў арт. Тэрцыны, Вянок санетаў). У некаторых творах з Л.к. трапляецца ланцуговая рыфма. Л.к. — характэрная рыса некаторых бел. нар. песень.

В.П.Рагойша.

т. 9, с. 126

ЛАНЦУГО́ВАЯ ЛІ́НІЯ,

плоская трансцэндэнтная крывая, форму якой набывае пад уздзеяннем сілы цяжару гнуткая аднародная і нерасцягвальная важкая нітка з замацаванымі канцамі. Яе ўраўненне y = ach(x/a), дзе ch(x/a) — гіпербалічны косінус (гл. Гіпербалічныя функцыі). Выкарыстоўваецца ў разліках, звязаных з правісаннем правадоў, тросаў і інш. Паверхня, утвораная вярчэннем дугі Л.л. вакол восі Ox, наз. катэноідам.

Ланцуговая лінія y = ach(x/a).

т. 9, с. 126

ЛАНЦУГО́ВАЯ ПЕРАДА́ЧА,

механізм для перадачы вярчэння паміж паралельнымі валамі пры дапамозе двух жорстка замацаваных на іх зубчастых колаў, праз якія перакінуты бясконцы ланцуг. Гарантавана ад праслізгання, мае даволі высокі (да 0,96—0,97) ккдз. Выкарыстоўваецца ў транспартных, сельскагаспадарчых і інш. машынах.

Ланцуговая перадача: 1 — бясконцы ланцуг; 2, 3 — зорачкі.

т. 9, с. 126

ЛАНЦУГО́ВАЯ ПІЛА́,

піла для грубага папярочнага рэзання драўніны з дапамогай бясконцага пілавальнага ланцуга з рэжучымі зубамі.

Мае бензінавы матор або электрарухавік, муфту счаплення, рэдуктар і кансольны рэжучы механізм у выглядзе накіравальнай шыны, па якой рухаецца пілавальны ланцуг. Бываюць спецыяльныя (для валкі дрэў, абрэзкі сучкоў) і універсальныя; цяжкага, сярэдняга, лёгкага і асабліва лёгкага класаў. Найб. пашыраны Л.п. з карбюратарным рухавіком (тыпу «Дружба») і электрапілы (для папярочнага раскрою леса- і піламатэрыялаў).

т. 9, с. 126

ЛАНЦУГО́ВАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, што спалучае радкі вершаванага твора, паступова пераходзячы з адной страфы ў другую. Трапляецца ў некаторых цвёрдых формах верша, у прыватнасці ў тэрцынах, віланелі. Характэрна і для твораў з ланцуговай кампазіцыяй, у якіх асобныя радкі папярэдніх строф пачынаюць сабой строфы наступныя:

Ішла Купалка сялом, сялом,
Закрыўшы вочкі пяром, пяром,
Закрыўшы вочкі пяром, пяром,
Вітала хлопцаў чалом, чалом,
Вітала хлопцаў чалом, чалом,
Святліла ночкі агнём, агнём
(Бел. народная песня).

Ужываецца ў класічным санеце, дзе яднае 2 катрэны (чатырохрадкоўе) і 2 тэрцэты (трохрадкоўе), у вянках санетаў (пераходзіць з аднаго санета ў другі) і інш.

В.П.Рагойша.

т. 9, с. 126

ЛАНЦУГО́ВАЯ Я́ДЗЕРНАЯ РЭА́КЦЫЯ,

ядзерная рэакцыя, у якой часціцы, што выклікаюць яе, утвараюцца як прадукты гэтай рэакцыі. Звязана з вял. энергавыдзяленнем (каля 200 МэВ на кожны акт дзялення ядра урану ці плутонію) і праходзіць з удзелам павольных ці хуткіх нейтронаў. Выкарыстоўваецца як крыніца энергіі (гл. Ядзерны рэактар), на ёй заснаваны прынцып работы ядзернай зброі.

Адзіная вядомая Л.я.р. — рэакцыя дзялення урану і некаторых трансуранавых элементаў пад уздзеяннем нейтронаў — здзейснена Э.Фермі (1942) з дапамогай уран-графітавага рэактара. Суправаджаецца выдзяленнем некалькіх нейтронаў, якія ў сваю чаргу могуць захоплівацца нераздзеленымі ядрамі і выклікаць іх дзяленне. Характарыстычная велічыня Л.я.р — каэфіцыент размнажэння k, які вызначаецца ўсярэдненымі лікамі актаў дзялення ў паслядоўных звёнах ланцуга. Самападтрымная рэакцыя магчыма толькі пры к>1; маса дзялільнага рэчыва для здзяйснення такой рэакцыі наз. крытычнай; яе велічыня залежыць ад формы і ізатопнага складу гэтага рэчыва і вагаецца ад соцень грамаў да соцень тон. Рухомыя стрыжні з матэрыялу, які добра паглынае павольныя нейтроны, дазваляюць зрабіць Л.я.р. кіравальнай.

Э.А.Рудак.

Першыя пакаленні нейтронаў, якія ўтвараюцца пры ланцуговай ядзернай рэакцыі.

т. 9, с. 126

ЛАНЦУГО́ВЫЯ ХІМІ́ЧНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

хімічныя рэакцыі, у якіх узнікненне прамежкавай актыўнай часціцы (атама, свабоднага радыкала, іона) і яе рэгенерацыя (узнаўленне) у кожным элементарным акце рэакцыі выклікаюць вялікую колькасць (ланцуг) пераўтварэнняў зыходных рэчываў у прадукты рэакцыі. Тыповыя Л.х.р. — тэрмічны крэкінг, піроліз, акісленне, радыкальная полімерызацыя, галагеніраванне.

Л.х.р. складаецца з некалькіх элементарных стадый: зараджэнне ланцуга (ініцыіраванне) — утварэнне актыўных часціц (АЧ), якое адбываецца, напр., у выніку дысацыяцыі малекул; працяг ланцуга — узаемадзеянне АЧ з зыходнымі рэчывамі, якое прыводзіць да ўтварэння малекул прадукту рэакцыі і новых АЧ; абрыў ланцуга («знікненне» АЧ) у выніку рэкамбінацыі свабодных радыкалаў, узаемадзеяння АЧ са сценкамі пасудзін ці з інгібітарамі. Адрозніваюць Л.х.р. неразгалінаваныя і разгалінаваныя. У неразгалінаваных на кожную АЧ, якая расходуецца пры працягу ланцуга, узнікае адна актыўная часціца, напр., рэакцыя хларыравання вадароду. Пры ініцыіраванні ўтвараецца свабодны атам хлору (Cl), які ўзаемадзейнічае з малекулай вадароду H2(Cl+H2 → HCl+H) з утварэннем малекулы хлорыстага вадароду HCl і свабоднага атама вадароду, які ўзаемадзейнічае з малекулай Cl2(H+Cl2 → HCl+Cl), і г.д. У разгалінаваных Л.х.р. на адну АЧ, расходаваную пры працягу ланцуга, узнікае некалькі АЧ (2 і больш), адна з іх працягвае першы ланцуг, а інш. пачынаюць новыя, што прыводзіць да разгалінавання. Калі скорасць разгалінавання меншая за скорасць знікнення АЧ, разгалінаваная Л.х.р. адбываецца ў стацыянарным рэжыме. Пры нестацыянарным рэжыме (скорасць знікнення АЧ меншая за скорасць разгалінавання) агульная скорасць ланцуговага працэсу імкліва ўзрастае. Пераход да нестацыянарнага рэжыму адбываецца скачком і разглядаецца як самазагаранне рэакцыйнай сумесі ці ланцуговы выбух. Значны ўклад у развіццё тэорыі Л.х.р. М.М.Сямёнава і С.Н.Хіншэлвуда. Гл. таксама Кінетыка хімічная.

Літ.:

Семенов Н.Н. О некоторых проблемах химической кинетики и реакционной способности. 2 изд. М., 1958;

Яго ж. Развитие теории цепных реакций и теплового воспламенения. М., 1969.

Дз.І.Мяцеліца.

т. 9, с. 127

ЛАНЦЭ́ТНІКІ

(Amphioxus),

род марскіх жывёл падтыпу бесчарапных тыпу хордавых. Апісаны П.С.Паласам (1774). 7 відаў. Пашыраны ўсюды ў цёплых і ўмераных водах. Жывуць на пясчаным грунце на глыб. да 30 м і больш.

Даўж. да 8 см. Цела паўпразрыстае, ружаватага колеру. Спінны плаўнік пераходзіць у хваставы, які мае форму ланцэта (адсюль назва). Шкілет прадстаўлены хордай. Сэрца адсутнічае. Дыханне шчэлепнае. Кормяцца планктонам. Раздзельнаполыя.

Ланцэтнік.

т. 9, с. 127

ЛАНЬ, даніэль (Cervus dama),

млекакормячая жывёла сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы, акліматызавана ў Амерыцы і Аўстраліі. Жыве ў мяшаных і лісцевых лясах. 1 падвід — Л. іранская (C.d. mesopotamica) — у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 1,6 м, выш. ў карку да 1 м, маса да 120 кг, самкі драбнейшыя. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая з белымі плямамі, зімой шаравата-бурая. Каля хваста невял. белая пляма — «люстэрка». Рогі ў самцоў лапатападобныя, самкі бязрогія. Корміцца травяністай, хмызняковай расліннасцю, лісцем, парасткамі, галінкамі, карой лісцевых парод дрэў. Палігамы. Нараджаюць 1—2 цялят. Аб’ект палявання і гадоўлі.

Лань.

т. 9, с. 127

ЛАНЬ,

рака ў Мінскай і Брэсцкай абл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 147 км. Пл. вадазбору 2190 км2. Пачынаецца за 1,5 км на 3 ад в. Гарбуны Нясвіжскага р-на, цячэ ў межах Капыльскай грады і нізіны Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: Нача, Люта (справа), Цапра, Балванка (злева). Даліна ў верхнім цячэнні скрынкападобная (шыр. 1—1,5 км), на астатнім працягу невыразная. Пойма шыр. 0,6—1 км, парэзаная меліярац. каналамі. Рэчышча каналізаванае, шыр. 4—8 м, у ніжнім цячэнні 15—20 м. Берагі пераважна адкрытыя, тарфяністыя, выш. ў верхнім цячэнні 1,5—2 м, на астатнім працягу 1—1,5 м. На рацэ створана вадасх. Лактышы, якое моцна ўплывае на гідралагічны рэжым ракі. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем да рэгулявання ракі 1,5 м, найбольшая 1,9 м (1947) каля в. Лактышы. У летні перыяд рэжым узроўняў рэгулюецца шлюзамі. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,3 м3/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На рацэ г. Клецк.

Рака Лань каля вёскі Мокрава Лунінецкага раёна.

т. 9, с. 127