Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВО́ЛЬНАЯ БАРАЦЬБА́,

від спарт. барацьбы, у якім шырока выкарыстоўваюцца тэхн. і сілавыя прыёмы — захопы (у т. л. ніжэй пояса), падсечкі, падбівы, перавароты і інш. У схватцы (3 перыяды па 3 мін) перамагае той, хто пакладзе саперніка на лапаткі ці набярэ больш ачкоў за тэхн. прыёмы і актыўнасць.

Узнікла ў Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст. З 1904 (за выключэннем 1912) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1951 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).

На Беларусі падобнае на вольную барацьбу адзінаборства вядомае здаўна як барацьба «да крыжа». Як від спорту вольная барацьба развіваецца з 1948. Праводзяцца чэмпіянаты ў розных узроставых катэгорыях, традыц. міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы А.Мядзведзя (аднесены ФІЛА да спаборніцтваў вышэйшай катэгорыі), матчавыя сустрэчы бел. барцоў з камандамі інш. краін. Сярод бел. майстроў вольнай барацьбы найб. поспехаў дамагліся трохразовы алімпійскі чэмпіён, неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы Мядзведзь, а таксама В.​Сюльжын (чэмпіён свету 1973, Еўропы 1972—73, уладальнік Кубка Еўропы 1974—75), Л.​Кітоў (чэмпіён Еўропы 1970), В.​Яўпоеў (чэмпіён Еўропы 1984), А.​Сабееў (чэмпіён Еўропы 1989—90), С.​Смаль (чэмпіён свету 1991, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 1992), В.​Аруджаў (чэмпіён свету 1991, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 1992).

т. 4, с. 267

«ВО́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,

грамадска-паліт., эканам. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 28.5(10.6).1917 да ліст. 1918 у Мінску на бел. мове. У 1917 выходзіла 2 разы на тыдзень, у 1918 штотыднёва. Рэдактар Я.​Лёсік, выдавец — Беларускі нацыянальны камітэт, з ліп. 1917 Т-ва бел. культуры. Спачатку выступала за культ.-нац. і дзярж. аўтаномію Беларусі ў складзе будучай дэмакр. федэратыўнай Расіі. Пасля абвяшчэння БНР «Вольная Беларусь» пачала выступаць за незалежную дэмакр. Беларусь, заклікала да стварэння бел. нац. войска, крытыкавала палітыку ваен. камунізму і «цэнтралізму» бальшавікоў. Актыўнымі супрацоўнікамі газеты былі З.​Бядуля, А.​Гарун, М.​Гарэцкі.

Газета «Вольная Беларусь».

т. 4, с. 267

ВО́ЛЬНЫ (сапр. Ажгірэй) Анатоль Іўсцінавіч

(2.12.1902, ст. Пухавічы Мінскай вобл. — 29.10.1937),

бел. пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). Вучыўся ў БДУ. Літ. дзейнасць пачаў у 1921. У зб-ках вершаў «Камсамольская нота» (1924, з А.​Александровічам), «Чарнакудрая радасць» (1925), «Табе» (1927) услаўляў рэв. здзяйсненні. У паэт. стылістыцы Вольнага абстрактна-сімвалічная фразеалогія, штучныя неалагізмы. У некаторых ранніх вершах сум, летуценнасць. Прыгодніцкая аповесць «Два» (1924—25) прысвечана барацьбе супраць польск. акупантаў, аповесць «Антон Савіцкі» (1927) — грамадз. вайне. Штучнасць у падачы асобных фактаў і падзей, неглыбокае раскрыццё псіхалогіі герояў зніжалі маст. вартасці твораў. Аўтар паэмы «Кастусь Каліноўскі» (1925), незакончаных паэм «Сінія кветкі», «Лэя» (абедзве 1926). Адзін з аўтараў рамана «Ваўчаняты» (1925, з Александровічам і А.​Дударом). Пісаў гумарэскі і фельетоны (зб. «Суседзі», 1932, пад псеўд. Алёша), драматызаваныя агітжарты, п’есы (камедыя «Ратуй, божа!», 1932, з. Р.​Кобецам), сцэнарыі фільмаў («Атэль «Савой», «У агні народжаныя», 1930; «Сонечны паход», 1931, «Новая радзіма», 1935, і інш.). У 1936 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Шасцідзесятая паралель: Кінааповесць. Мн., 1935.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 267

ВО́ЛЬНЫЯ ХЛЕБАРО́БЫ, свабодныя хлебаробы,

былыя прыватнаўласніцкія сяляне ў Расіі, вызваленыя ад прыгоннай залежнасці паводле ўказа цара Аляксандра I ад 20.2.1803. Памешчыкам дазвалялася адпускаць прыгонных паасобку або цэлымі вёскамі з абавязковым надзяленнем іх зямлёй за выкуп ці за выкананне павіннасцей. Калі абавязацельствы парушаліся, сялян вярталі назад. Паводле 9-й рэвізіі (1851) у вольныя хлебаробы пераведзены 137 034 душы мужчынскага полу (1 % прыгонных) з надзелам 6,9 дзес. на рэвізскую душу, да сярэдзіны 19 ст. — 151 тыс. На Беларусі вядомы толькі адзіны выпадак выкарыстання ўказа: у 1819 дзяржава выкупіла ў памешчыка 57 рэвізскіх душ з в. Жарцы Полацкага пав., «зважаючы на выдатныя паслугі, зробленыя імі ў вайне 1812 года». Да вольных хлебаробаў часта адносілі ўсіх сялян, якія сталі ўласнікамі зямлі, таму паводле 8-й рэвізіі (1834) іх налічвалася ў Віцебскай губ. 305, у Магілёўскай — 364 душы мужчынскага полу. У 1848 вольныя хлебаробы ўключаны ў склад дзяржаўных сялян на ўласных землях.

т. 4, с. 268

ВО́ЛЬНЫ ВЕРШ,

від рыфмаванага сілаба-танічнага верша, у якім адвольна спалучаюцца радкі з рознай колькасцю стоп. Найчасцей не мае страфічнай будовы, інтанацыйна блізкі да звычайнай гутаркі і выкарыстоўваецца ў байках, эпіграмах, эпітафіях, вершаваных надпісах. Вольным вершам напісаны камедыя А.​Грыбаедава «Гора ад розуму», драма М.​Лермантава «Маскарад». У бел. паэзіі гэты верш выкарыстоўваецца ў буйных ліраэпічных творах («Сцяг брыгады» А.​Куляшова, «Люцыян Таполя» М.​Танка), асобных вершах, але найчасцей у байках.

т. 4, с. 268

ВО́ЛЬНЫ ГО́РАД,

горад з асаблівым міжнар. рэжымам, вылучаны ў самаст. паліт. адзінку, прававы статус якога вызначаецца міжнар. дагаворамі і гарантуецца дзяржавамі ці міжнар. арг-цыямі. Назва засталася ад сярэднявечча, калі вольнымі гарадамі называлі ням. гарады Гамбург, Брэмен, Рэгенсбург, Любек, Франкфурт-на-Майне і інш., што не залежалі ад феад. княстваў. Паступова вольныя гарады ўраўняліся з імперскімі гарадамі. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 статус вольнага горада атрымаў Кракаў, паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 — Гданьск (Данцыг). Пасля 2-й сусв. вайны быў распрацаваны статус вольнага горада Трыесту (Італія), але не быў уведзены. Рэжым, блізкі да вольнага горада, існаваў у Танжэры (Марока), Зах. Берліне і інш.

т. 4, с. 268

«ВО́ЛЬНЫ СЦЯГ»,

літаратурна-мастацкі і навук.-ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў вер. 1920 — студз. 1922 у Мінску на бел. мове. Працягваў традыцыі час. «Рунь». Адлюстроўваў стан бел. грамадскай думкі і маст. л-ры пач. 1920-х г. Друкаваў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Гарэцкага, З.​Бядулі, М.​Чарота, Я.​Журбы, Ц.​Гартнага і інш. З літ. спадчыны апублікаваў творы А.​Гаруна і К.​Каганца. Надрукаваў шэраг крытычных, літ.- і мастацтвазнаўчых артыкулаў Я.​Лёсіка, М.​Піятуховіча, Г.​Гарэцкага, Я.​Карскага, Бядулі, А.​Раманоўскага і інш. Змяшчаў фотарэпрадукцыі краязнаўчага і культ.-гіст. характару. У рэдагаванні часопіса удзельнічаў Я.​Купала. Маст. афармленне першых нумароў Я.​Драздовіча. Выйшла 9 нумароў, апошні ў каляровай вокладцы (мастак невядомы).

А.​С.​Ліс.

т. 4, с. 268

«ВО́ЛЬНЫ СЦЯГ»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 5.6 да 25.10.1923 у Вільні на бел. мове. З мэтаю канспірацыі і з прычыны цэнзурных забарон выходзіла пад рознымі назвамі: «Наш сцяг» (5.6—12.8), «Падняты сцяг» (16.8), «Сцяг» (19.8), «Сцяг народа» (23.8) і інш. Адстойвала сац. і нац. інтарэсы бел. народа, найперш сялянства, заклікала да еднасці паміж сялянамі і рабочымі, да больш актыўнай работы паслоў-беларусаў у сейме, паведамляла пра забастоўкі, выступала ў абарону паліт. вязняў. Шмат увагі аддавала бел. нац.-вызв. руху. Пісала пра паліт., эканам. і культ. пераўтварэнні ў БССР. Выйшаў 21 нумар. Закрыта польскімі ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 4, с. 268

ВО́ЛЬСКІ (Антон Мікалаевіч) (24.6.1897, с. Залары Іркуцкай вобл., Расія — 7.1.1966),

савецкі вучоны ў галіне металургіі і металазнаўства. Акад. АН СССР (1960; чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі (1924). Навук. працы па фізікахіміі і металургіі каляровых, рэдкіх і радыеактыўных металаў. Распрацаваў тэорыю хім. раўнавагі ў расплавах у дачыненні да металургічных працэсаў. Ленінская прэмія 1965. Дзярж. прэмія СССР 1949, 1953.

А.М.Вольскі.

т. 4, с. 268

ВО́ЛЬСКІ (сапр. Вольскі-Зэйдэль) Артур Віталевіч

(н. 23.9.1924, г. Дзяржынск Мінскай вобл.),

бел. паэт. Сын В.Вольскага. Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы (1938—41), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1962). З 1942 служыў на флоце, у 1945 удзельнічаў у баях супраць Японіі. Працаваў у прэсе, з 1963 заг. літ.-пед. часткі, у 1966—78 дырэктар Бел. рэсп. тэатра юнага гледача. Друкуецца з 1937. Асн. матывы яго паэзіі — услаўленне ваен. подзвігу маракоў, будні марской службы, духоўныя імкненні сучасніка (зб-кі «Водбліскі далёкіх маякоў», 1958; «Дабрата», 1966; «Выратавальны круг», 1974; «Строма», 1982). Аўтар кніг для дзяцей «Маленькім сябрам» (1955), «Чарнічка» (1964), «Жывыя літары» (1973), «Еду ў госці да слана» (1978) і інш., п’ес «За лясамі дрымучымі» (з П.​Макалём, паст. 1958), «Сцяпан — вялікі пан» (паст. 1979) і інш.

Тв.:

Чалавек, якому баліць: Выбр. Мн., 1984;

Наваселле дрэў: Вершы і паэма. Мн., 1990.

т. 4, с. 268