Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАРНЯ́НСКІ АРХІТЭКТУ́РНЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік горадабудаўніцтва барока. Сфарміраваўся ў 1760—70-я г. ў в. Варняны (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Арганізаваны вакол прамавугольнай у плане плошчы. Дамінантай ансамбля з’яўляецца размешчаны на ўсх. баку Георгіеўскі касцёл (пабудаваны ў 1767—69 у стылі позняга барока, дабудаваны ў 1880, 1909, фундатарка — уладальніца Варнян М.Абрамовіч, арх. А.Казакоўскі) — двухвежавы 1-нефавы мураваны храм з трансептам. Арх. пластыка (прафіляваныя цягі, ліштвы, вязкі пілястраў, раскрапоўкі, фігурныя завяршэнні вежаў і шчыта) сканцэнтравана на гал. фасадзе. Касцёл фланкіруюць 2-павярховыя мураваныя дом аптэкара і плябанія (1770), якія ствараюць перад касцёлам раскрыты на плошчу курданёр з акруглай па абрысе агароджай. На зах. баку плошчы быў палацава-паркавы комплекс (2-я пал. 18 — 1-я пал. 19 ст.; не захаваўся). На паўд. і паўн. баках плошчы размяшчалася па 8 аднатыпных драўляных 1-павярховых жылых дамоў, накрытых вальмавымі дахамі (захаваліся часткова). Мураваныя сцены іх фасадаў, злучаныя паміж сабой арачнымі праездамі, утваралі суцэльны фронт вулічнай забудовы, у якую ўваходзілі карчма і гандлёвыя рады.

А.М.Кулагін.

т. 4, с. 10

ВАРНЯ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км ад г.п. Астравец, 216 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гудагай, на шашы, што звязвае Варняны з Астраўцом. 1336 ж., 481 двор (1995).

У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 1391. У 1397 належалі вял. кн. ВКЛ Ягайлу і перададзены Віленскаму капітулу. У 16 ст. належалі Пронскім, Свірскім, Чыжам, з канца 16 ст. да 1860 — Абрамовічам, потым — Снядэцкім і Хамінскім. З 1688 мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1880-я г. 249 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1970 — 1284 жыхары.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Варнянскі архітэктурны ансамбль.

т. 4, с. 11

ВАРО́Н Марк Тэрэнцый

(Marcus Terentius Varro; 116 да н.э., г. Рыеты, Італія — 27 да н.э.),

старажытнарымскі пісьменнік і вучоны-энцыклапедыст. Паходзіў з саслоўя коннікаў, займаў паліт. і ваен. пасады. У грамадз. вайне 49 выступаў супраць Цэзара. У 47 пасля прымірэння з Цэзарам па яго даручэнні арганізаваў і ўзначаліў першую ў Рыме публічную б-ку. Аўтар гіст., геагр., філас., літ. прац, асн. з іх «Старажытнасці...» (41 кн., не захаваліся), «Пра лацінскую мову» (25 кн.), «Навукі», «Меніпавы сатыры» (150 кн.), «Пра сельскую гаспадарку» (3 кн.).

т. 4, с. 11

ВАРО́НА вёска ў Беларусі, у Варнянскім с/с Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Цэнтр калгаса. За 19 км ад Астраўца, 259 км ад Гродна, 24 км ад чыг. ст. Гудагай. 365 ж., 135 двароў (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — Георгіеўскі касцёл (18 ст.).

т. 4, с. 11

ВАРО́НЕЖ,

горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр Варонежскай вобл. Засн. ў 1586. 974,1 тыс. ж. (1994). Вузел чыг. ліній і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (самалётабудаванне; ракетныя рухомыя ўстаноўкі, экскаватары, с.-г. машыны, станкі; кавальска-прэсавае абсталяванне, тэхн. абсталяванне для жывёлагадоўчых ферм; вытв-сць мед. і быт. тэхнікі; рамонт вагонаў і лакаматываў і інш.), хім. (сінт. каўчук, шыны, лакі і фарбы), хіміка-фармацэўтычная (медыкаменты), дрэваапр., лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Фізіка-хім. НДІ і інш. Ун-т, аграрны ун-т, Міжнар. ун-т камп’ютэрных тэхналогій. Ін-ты: інжынерна-буд., лесатэхн., пед., політэхн. і інш. Тэатры драм., оперы і балета і інш. Краязнаўчы і маст. музеі.

Р.А.Жмойдзяк.

т. 4, с. 11

ВАРО́НЕЖСКАЯ АНТЭКЛІ́ЗА,

дадатная тэктанічная структура на Пд Рускай пліты з высокім заляганнем дакембрыйскага фундамента. Ахоплівае тэр. ПдЗ еўрап. ч. Расіі, ПнУ Украіны, на У Магілёўскай і ПнУ Гомельскай абласцей Беларусі. Абмежавана на ПнЗ Аршанскай упадзінай і Жлобінскай седлавінай, на ПдЗ і Пд Прыпяцка-Данецкім аўлакагенам, на У Прыкаспійскай упадзінай і на ПнУ Маскоўскай сінеклізай. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 800 км, шыр. 300—400 км. У скляпеннай ч. паверхня фундамента залягае на глыб. 40—250 м (месцамі выходзіць на паверхню зямлі), на тэр. Беларусі — на глыб. 400 м. Паўн.-ўсх. і ўсх. схілы спадзістыя, паўд. больш стромкія. У межах Беларусі вылучаюцца падпарадкаваныя Варонежскай антэклізе структуры: Суражскі і Грамяцкі пахаваныя выступы, якія падзелены Клінцоўскім грабенам. Платформавы чахол на крылах складзены з асадкавых парод рыфею і венду (на У), дэвону і пярмі — трыясу (на Пд), мезазою і кайназою. Варонежская антэкліза сфарміравалася пераважна ў герцынскі этап тэкгагенезу (гл. ў арт. Герцынская складкавасць). Да антэклізы прымеркаваны жал. руды Курскай магнітнай анамаліі.

У.І.Шкуратаў.

т. 4, с. 11

ВАРО́НЕЖСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ у Расійскай Федэрацыі. Утворана 13.6.1934. Пл. 52,4 тыс. км². Нас. 2475,4 тыс. чал. (1994). Цэнтр — г. Варонеж. Найб. гарады: Барысаглебск, Ліскі, Новаваронеж, Астрагожск, Росаш, Калач.

Прырода. Варонежская вобласць размешчана ў цэнтры Усх.-Еўрапейскай раўніны. Заходняя ч. (Данское правабярэжжа) ляжыць на Сярэднярускім узв. (выш. да 268 м), моцна расчлянёная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Усходняя (Данское левабярэжжа) займае плоскую Окска-Данскую раўніну (выш. 80—178 м) і Калацкае ўзв. (выш. да 234 м) з ярка выяўленым эразійным рэльефам. Карысныя выкапні: мел, цэментныя мергелі, вогнетрывалыя, керамічныя і фарбавальныя гліны, граніт, медна-нікелевыя руды, кварцавы пясок. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -9 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. Гал. рака Дон з прытокамі Патудань, Ціхая Сасна, Чорная Калітва, Варонеж, Біцюг, Асярэдзь, Хапёр (з прытокам Варона). Варонежскае вадасх. Пераважаюць чарназёмныя глебы. Буйныя лясныя масівы, у асн. дубровыя і хваёвыя бары, абвешчаны запаведнікамі; захаваліся ўчасткі карэннага стэпу. Варонежскі запаведнік і Хапёрскі запаведнік.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (самалёты-аэробусы, экскаватары, с.-г. машыны, цеплаходы буксірныя); станкабудаванне; абсталяванне кавальска-прэсавае, эл.-энергет., для аграпрамысл. комплексу і футравай прам-сці; транспарцёры, рэзервуары для нафтапрадуктаў, электрарухавікі; прыладабудаванне (тэлевізары, радыёпрыёмнікі, відэамагнітафоны, эл. прылады, сродкі выліч. тэхнікі); рамонт абсталявання для АЭС, лакаматываў і інш.; развіты хім. (сінт. каўчук, аміяк, салетра, фарбы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, дрэваапр. (піламатэрыялы, мэбля, домікі садовыя), лёгкая (абутковая, трыкат., вытв-сць дываноў і баваўнянай тканіны), харч. (масла-тлушчавая, цукр., малочная, мясная, плодакансервавая) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (вогнетрывалыя вырабы; жалезабетонныя канструкцыі, фундаменты і пліты; цэгла керамічная). Новаваронежская АЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень, жыта), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік) і кармавых культур. Вырошчваюць зернебабовыя і бульбу. Садаводства. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свіна-, авечка-, конегадоўля). Птушкагадоўля. Гал. чыгункі Масква—Варонеж—Растоў-на-Доне, Харкаў—Пенза, аўтадарогі Масква—Варонеж—Растоў-на-Доне, Курск—Варонеж—Барысаглебск, Масква—Астрахань. Перасякаюць тэр. газаправоды Стаўраполле—Масква, Шабялінка—Астрагожск.

Р.А.Жмойдзяк.

т. 4, с. 11

ВАРО́НЕЖСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

біясферны запаведнік у Расіі, на мяжы Варонежскай і Ліпецкай абл., у цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны на водападзеле р. Варонеж і Усмань. За 40 км на Пн ад Варонежа. Засн. ў 1927 для аховы і аднаўлення колькасці рачнога бабра. З 1984 біясферны запаведнік. Пл. 31 053 га, у т. л. 28 481 га пад лесам, 535 га займаюць лугі і 121 га — вадаёмы. У запаведніку, размешчаным у паўн. ч. Усманскага бору, зберагаюцца астраўныя бары і дубровы лесастэпавай зоны, якія маюць водаахоўнае значэнне. У фауне звычайныя бабёр, высакародны алень, дзік, казуля, з рэдкіх відаў — хахуля, сярод птушак — шэры журавель, няясыць і інш. Доследны гадавальнік па вывучэнні і развядзенні бабра.

Літ.:

Заповедники СССР: Заповедники Европейской части РСФСР. Ч. 2. М., 1989.

т. 4, с. 11

ВАРО́НЕЧ,

гл. Варонічы.

т. 4, с. 12

ВАРО́НІН Мікалай Мікалаевіч

(13.12.1904, г. Уладзімір, Расія — 4.4.1976),

рускі археолаг і гісторык мастацтва. Д-р гіст. н. (1945), праф. (1946). Скончыў Уладзімірскі ін-т нар. асветы (1923), Ленінградскі ун-т (1926). З 1932 навук. супрацоўнік Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры (з 1959 Ін-та археалогіі АН СССР). Вывучаў гісторыю культуры і дойлідства гарадоў Стараж. Русі. У 1949 вёў раскопкі на Замкавай гары ў Гродне. Даследаваў збудаванні і фрэскі Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра ў Полацку, дойлідства Смаленска 12—13 ст. Арганізатар выдання, рэдактар і адзін з аўтараў «Гісторыі культуры Старажытнай Русі» (т. 1—2, 1948—51). Дзярж. прэмія СССР 1952, Ленінская прэмія 1965.

Т.М.Каробушкіна.

т. 4, с. 12