ВАРНЯ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км ад г.п. Астравец, 216 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гудагай, на шашы, што звязвае Варняны з Астраўцом. 1336 ж., 481 двор (1995).

У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 1391. У 1397 належалі вял. кн. ВКЛ Ягайлу і перададзены Віленскаму капітулу. У 16 ст. належалі Пронскім, Свірскім, Чыжам, з канца 16 ст. да 1860 — Абрамовічам, потым — Снядэцкім і Хамінскім. З 1688 мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1880-я г. 249 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1970 — 1284 жыхары.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Варнянскі архітэктурны ансамбль.

т. 4, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)