ВАРАТЫ́НСКІ Міхаіл Іванавіч
(каля 1510 — 12.6.1573),
рускі палкаводзец, князь, баярын. Вызначыўся ў 1552 пры ўзяцці Казані, у 1550—60-я г. перыядычна кіраваў рус. арміяй на паўд. граніцы. Летам 1572 разбіў крымскіх татараў у бітве пры Моладзях (непадалёку ад Масквы). У 1573 арыштаваны па лжывым даносе, абвінавачаны ў здрадзе і закатаваны.
т. 4, с. 7
ВАРАТЫ́НЬ,
вёска ў Беларусі, у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Ала. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 36 км на ПдУ ад г. Бабруйск, 146 км ад Магілёва, 2 км ад чыг. ст. Амельня. 702 ж., 220 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.
т. 4, с. 7
ВАРАХША́,
гарадзішча ва Узбекістане, якое існавала з антычных часоў да 11 ст. ў гіст. вобласці Согд (Сагдыяна). За 40 км на З ад г. Бухара. Захаваліся рэшткі гафрыраваных сцен цытадэлі, на З ад іх — палац. Выяўлены размалёўкі 7 ст. на сценах палаца (змаганне герояў з фантастычнымі жывёламі, сцэны бітваў коннікаў, палявання, урачыстасці прыёму цара); часткі палаца, пабудаваныя ў 8 ст., упрыгожаны раслінным арнаментам, фігуркамі людзей і жывёл, фантастычнымі пейзажамі і інш., выразанымі па алебастравай тынкоўцы. Знаходкі сведчаць пра сінкрэтычны характар мастацтва сагдыйцаў, дзе мясц. элементы спалучаюцца са стараж. антычнымі традыцыямі і рысамі будыйскага мастацтва.
т. 4, с. 7
ВАРАШНІ́Н Леанід Рыгоравіч
(н. 20.2.1936, в. Альхоўка Курганскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1976), праф. (1978). Скончыў Чэлябінскі політэхн. ін-т (1959). З 1962 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па хіміка-тэрмічнай апрацоўцы металаў і сплаваў. Прапанаваў металатэрмічны метад атрымання дыфузійных пакрыццяў шматмэтавага прызначэння (зноса-, гарача-, кавітацыйнаўстойлівых і інш.).
Тв.:
Антикоррозионные диффузионные покрытия. Мн., 1981.
т. 4, с. 7
ВАРАШЫ́ЛАЎ Клімент Яфрэмавіч
(4.2.1881, с. Верхняе Луганскай вобл., Украіна — 2.12.1969),
савецкі парт., дзярж. і ваен. дзеяч, Маршал Сав. Саюза (1935). Двойчы Герой Сав. Саюза (1956 і 1968), Герой Сац. Працы (1960). У грамадз. вайну камандзір і чл. РВС шэрагу армій і франтоў. З 1925 нарком абароны СССР. З 1940 нам. старшыні СНК СССР, з 1946 — СМ СССР. Чл. Палітбюро (Прэзідыума) ЦК КПСС у 1926—60. У 1953—60 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Уваходзіў у бліжэйшае паліт. акружэнне І.В.Сталіна, адзін з арганізатараў масавых рэпрэсій 1930 — пач. 1950-х г. сярод ваенных. Уваходзіў у т.зв. антыпартыйную групу (В.М.Молатаў, Л.М.Кагановіч, Г.М.Малянкоў і інш.), аднак на пленуме ЦК КПСС (чэрв. 1957) прызнаў свае памылкі і асудзіў фракцыйныя дзеянні.
т. 4, с. 7
ВА́РБАЛА,
гарадзішча 12—14 ст. у Эстоніі, у Рапласкім р-не, за 60 км на Пд ад Таліна. Пл. каля 2 га, умацавана валам выш. да 10 м. Даследавана ў 1938—41 і 1953.
У 1212 Варбала было абложана наўгародцамі і пскавічамі і прымушана плаціць даніну. У пач. 13 ст. апорны пункт эстаў у барацьбе з ням. і дацкімі захопнікамі. Разбурана, верагодна, у сярэдзіне 14 ст. пасля паўстання Юр’евай ночы 1343—45.
т. 4, с. 7
ВА́РБУРГ
(Warburg) Ота Генрых (8.10.1883, г. Фрайбург-ім-Брайсгаў, Германія — 1.8.1970),
нямецкі біяхімік і фізіёлаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Вучань Э.Фішэра. Вучыўся ў Берліне і Гайдэльбергу. З 1930 кіраўнік Ін-та фізіялогіі клеткі ў Берліне. Даследаваў акісляльна-аднаўляльныя працэсы ў жывой клетцы, прыроду і функцыі ферментаў. Растлумачыў механізм клетачнага дыхання ўздзеяннем ферментаў. Навук. працы па фотасінтэзе і анкалогіі, хіміі браджэння. Нобелеўская прэмія 1931.
т. 4, с. 7
ВАРВАНО́ВІЧ Надзея Прохараўна
(13.12.1903, Гомель — 10.3.1985),
бел. жывапісец. Вучылася ў студыях пры маст. вучылішчы ў Растове-на-Доне (1935—37) і пры Мінскім доме нар. творчасці, у М.Тарасікава і В.Волкава (1937—41). Працавала ў жанрах нацюрморта, пейзажа, партрэта. Насычаныя колеры ў яе творах перадаюць свежасць і непасрэднасць успрымання прыроды: «Нацюрморт з гарлачом» (1947), «Нацюрморт з кветкамі і ручніком» (1956), «Нацюрморт з беларускай посцілкай» (1966), «Жоўтыя кветкі на стале» (1973), «Карпы і ракі» (1976), «Півоні светлыя» (1980); пейзажы «Бераг Нарачы» (1954), «Мінскае мора» (1957); партрэты маці (1954), мастака М.В.Дучыца (1964), аўтапартрэт (1966) і інш.
Л.Ф.Салавей.
т. 4, с. 7
ВА́РВАРСКІЯ ПРА́ЎДЫ
(лац. Leges barbarorum літар. законы варвараў),
запісы звычаёвага права герм. плямён, складзеныя паміж 5 і 9 ст. Забяспечвалі парадак жыцця ў варварскіх каралеўствах (гл. Варвары). Мелі форму судзебнікаў, тлумачылі пераважна пытанні суда і пакарання. Вядомыя Вестгоцкая (2-я пал. 5 ст.), Салічная (канец 5 ст.), Бургундская (пач. 6 ст.), Рыпуарская (6—7 ст.), Баварская (сярэдзіна 7 ст.), Алеманская (7—8 ст.) варварскія праўды. Паводле свайго характару да іх набліжаюцца візантыйскі Земляробчы закон (мяжа 7—8 ст.) і Руская праўда.
т. 4, с. 7
ВА́РВАРЫ
(грэч. barbaroi, лац. barbari),
у старажытных грэкаў і рымлян назва ўсіх іншаземцаў, што гаварылі на не зразумелай ім мове і былі далёкія ад іх культуры (германцы, скіфы і інш.). У пераносным сэнсе — жорсткія, грубыя, некультурныя людзі.
т. 4, с. 8