ВАРВАНО́ВІЧ Надзея Прохараўна
(13.12.1903, Гомель — 10.3.1985),
бел. жывапісец. Вучылася ў студыях пры маст. вучылішчы ў Растове-на-Доне (1935—37) і пры Мінскім доме нар. творчасці, у М.Тарасікава і В.Волкава (1937—41). Працавала ў жанрах нацюрморта, пейзажа, партрэта. Насычаныя колеры ў яе творах перадаюць свежасць і непасрэднасць успрымання прыроды: «Нацюрморт з гарлачом» (1947), «Нацюрморт з кветкамі і ручніком» (1956), «Нацюрморт з беларускай посцілкай» (1966), «Жоўтыя кветкі на стале» (1973), «Карпы і ракі» (1976), «Півоні светлыя» (1980); пейзажы «Бераг Нарачы» (1954), «Мінскае мора» (1957); партрэты маці (1954), мастака М.В.Дучыца (1964), аўтапартрэт (1966) і інш.
Л.Ф.Салавей.
т. 4, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)