Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ВО́ЛЬВА»

(Volvo A.B.),

самае буйное машынабудаўнічае акц. т-ва Швецыі. Засн. ў 1915 як даччына фірма па зборцы аўтамабіляў швед. падшыпнікавага канцэрна СКВ. Выпускае аўтамабілі з 1927. З 1935 самастойнае. З 1979 супрацоўнічае з франц. аўтам. кампаніяй «Рэно». Адзін з найб. у свеце вытворцаў рухавікоў для суднаў, у Зах. Еўропе — грузавых аўтамабіляў вял. грузападымальнасці, аўтобусных шасі і буд. машын. Выпускае (1992) 304 000 легкавых і 46 500 грузавых аўтамабіляў, 5700 аўтобусаў (уключаючы шасі). Вырабляе таксама авіяц. маторы, абсталяванне для суднаў і сувязі, харч., харчасмакавую і біятэхнал. прадукцыю. Гал. цэнтры вытв-сці: Гётэбарг, Удэвала і Кальмар у Швецыі, Гент у Бельгіі, Борн (прав. Лімбург) у Нідэрландах, Галіфакс у Канадзе.

т. 4, с. 266

«ВО́ЛЬВА»

(Volvo),

марка аўтамабіляў і аўтобусаў канцэрна «Вольва». Легкавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1927 (з 1979 мадэлі асабліва малога, малога і сярэдняга класаў), грузавыя і аўтобусы — з 1928. Легкавыя аўтамабілі серый 400 і 800 пярэднепрыводныя. Рабочы аб’ём рухавіка 1,1—2,6 л, магутнасць 33—150 кВт, скорасць да 212 км/гадз. Грузавыя аўтамабілі рознага прызначэння маюць грузападымальнасць да 21 т; аўтобусы — умяшчальнасць 37—105 пасажыраў.

т. 4, с. 266

ВО́ЛЬГА

(пасля хрышчэння Алена; ? — 969),

вялікая княгіня кіеўская [945—957], жонка кн. Ігара. Паводле некаторых звестак, паходзіла з Пскова. Кіравала дзяржавай пры непаўналетнім Святаславе Ігаравічу, пазней — у час яго паходаў. Жорстка расправілася з драўлянамі, якія паўсталі ў 945 і забілі яе мужа за непамерную даніну: спаліла іх гал. г. Іскорасцень (946) і загадала забіць каля 5 тыс. чал. «Аповесць мінулых гадоў» расказвае пра паход Вольгі ўлетку 947 да Пскова. Паводле Віцебскага летапісу, заклала на месцы будучага г. Віцебска драўляны замак (наз. ад р. Віцьба), пабудавала ў Верхнім замку мураваную царкву св. Міхаіла, а ў Ніжнім — Благавешчання. Каб умацаваць гандл. і паліт. сувязі з Візантыяй, двойчы (946, 955) ездзіла ў Канстанцінопаль, была ўрачыста прынята візант. імператарам Канстанцінам VII, у час другой паездкі прыняла хрысціянства. Падтрымала дыпламат. адносіны з герм. каралём Атонам І, з якім абмянялася пасольствамі. Кананізавана рус. правасл. царквою.

Літ.:

Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986. С. 226—250;

Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 1. С. 97—104.

І.А.Масляніцына.

т. 4, с. 266

ВО́ЛЬКА,

вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Шчара. Цэнтр сельсавета. За 27 км на ПнУ ад г. Івацэвічы, 163 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Даманава. 824 ж., 352 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, дзіцячы сад, аддз. сувязі.

т. 4, с. 266

ВО́ЛЬНА,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Вольна-Чэрніхава». За 27 км на ПнУ ад г. Баранавічы, 228 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Пагарэльцы, на аўтадарозе Баранавічы — Мір. 861 ж., 357 двароў (1996).

Вядома з 2-й пал. 16 ст. як маёнтак Хадкевічаў. У 17—19 ст. існаваў базыльянскі манастыр. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. належала Слізням, уваходзіла ў Навагрудскі пав. Мінскай губ. У 1880-я г. 470 ж. З 1921 у Навагрудскім ваяв. Польшчы, з 1925 цэнтр гміны Баранавіцкага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага р-на. З 1962 у Баранавіцкім р-не. У 1970 — 1084 ж.

Цэх па вытв-сці сокаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Вольнаўская Троіцкая царква.

т. 4, с. 266

ВОЛЬНААДПУ́ШЧАНІКІ,

у антычным і раннефеад. грамадстве рабы, адпушчаныя на волю ці выкупленыя на ўласныя зберажэнні. Грамадз. правы вольнаадпушчанікаў былі абмежаваны, часцей яны па-ранейшаму служылі сваім гаспадарам. У Стараж. Грэцыі пры вызваленні рабам не давалі грамадзянства, і яны станавіліся метэкамі пад патранатам б. гаспадара. У Стараж. Рыме вольнаадпушчанікі атрымлівалі радавое імя б. гаспадара і рым. грамадзянства, але без права адпраўляць магістратуры і служыць у арміі. У герм. плямёнах і ў «варварскіх» дзяржавах рабоў звычайна адпускалі з захаваннем іх асабістай залежнасці ад ранейшага патрона.

т. 4, с. 266

ВО́ЛЬНАЕ ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ РАСІ́ЙСКАЙ СЛАВЕ́СНАСЦІ,

літаратурна-грамадская арг-цыя ў Пецярбургу ў 1816—25. З 1819 вядучае становішча ў ім займалі Ф.М.Глінка, К.Ф.Рылееў, М.А. і А.А.Бястужавы, В.К.Кюхельбекер, М.І.Гнедзіч, А.А.Дэльвіг, А.С.Грыбаедаў і інш. У памяркоўнай паліт. праграме, надрукаванай у час. т-ва «Соревнователь просвещения и благотворения», адлюстраваўся ўплыў ідэалогіі дзекабрыстаў: патрабаванне нац. самабытнасці л-ры, інтарэс да гіст.-патрыят. тэмы, да нар. паэзіі.

т. 4, с. 266

ВО́ЛЬНАЕ ЭКАНАМІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

першае ў Расіі навук.-эканам. т-ва ў 1765—1919. Засн. ў С.-Пецярбургу па ініцыятыве Кацярыны II. Задачы і метады работы, статут распрацаваны М.В.Ламаносавым. Вывучала эканам. стан у дзяржаве, прапагандавала перадавыя спосабы апрацоўкі зямлі, укараняла лепшыя сарты збожжа і тэхн. культур, спрыяла развіццю жывёлагадоўлі, пчалярства, шаўкаводства і інш. Аб’яўляла конкурсныя задачы палітэканам. і навук.-гасп. характару. Праводзіла гасп. анкетныя абследаванні, выстаўкі. Выдавала навук. і навук.-папулярную л-ру, навуч. дапаможнікі, «Труды», «Экономические известия», «Лесной журнал», «Русский пчеловодный листок», «Почвоведение» і інш. Апублікавала больш за 160 работ па розных галінах ведаў, у якіх змешчаны матэрыялы і з Беларусі: пра асваенне балот Палесся, ураджайнасць с.-г. культур, клімат, вынікі навук. і практычнай дзейнасці Горы-Горацкай земляробчай школы, справаздачы Мінскага і інш. с.-г. т-ваў Беларусі. Сярод дзеячаў А.Т.Болатаў, А.І.Сінявін, Г.Р.Дзяржавін, К.Дз.Кавелін, Дз.І.Мендзялееў, В.В.Дакучаеў, А.М.Бутлераў і інш. У 2-й пал. 1880-х г. у Вольным эканамічным таварыстве пачалі пераважаць сілы ліберальнай апазіцыі. У 1915 т-ва забаронена, але працягвала працу. Распалася пасля спынення фінансавання ўрадам.

Літ.:

Орешкин В.В. Вольное экономическое общество в России, 1765—1917: Ист.-экон. очерк. М., 1963;

Гриценко Н.Ф. Вольное экономическое общество и земское либеральное движение в последней четверти XIX в. // Общественное движение в России XIX в.: Сб. ст. М., 1986.

т. 4, с. 267

ВО́ЛЬНАЎ Уладзімір Мікалаевіч

(н. 29.8.1939, в. Гародна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. графік і жывапісец. Скончыў Харкаўскі маст.-прамысл. ін-т (1971). Сярод ранніх твораў пераважаюць графічныя кампазіцыі, выкананыя ў традыц. жанрах: серыі літаграфіі «Зямля» (1977—79) і пастэлей «Горад майго дзяцінства» (1982). Трагічны лёс вёскі, узаемаадносіны чалавека і навакольнага асяроддзя, пытанні экалогіі ў творах «Чырвоны спрут» (1974), «Рытмы хіміі» (1976), «Вячэра на траве» (1979), «Трывожны сон птушкі» (1981), серыя «Мёртвая вёска» (1991—92). Успаміны аб вайне — у аснове кампазіцый «Памяці партызана» (1975), «Вяртанне. Прысвячаецца бацьку» (1985), стараж. Віцебску прысвечаны серыя «Мой горад» (1981), трыпціх «Сцёртыя рысы твару» (1985), «Стары горад» (1991). У творах 1990-х г. дамінуючае месца занялі ідэі хрысц. маралі, праблемы духоўнасці, клопат аб захаванні спадчыны, увасобленыя ў складаныя метафарычныя вобразы («Памяць», «Шлях да храма», «Прысвячэнне», «Паклон зямлі», «Пераможаны»).

М.Л.Цыбульскі.

т. 4, с. 267

ВО́ЛЬНАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры ракако. Пабудавана ў 1768 у в. Вольна (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) як уніяцкі касцёл базыльян, з 1895 правасл. царква. Мураваная 3-нефавая, 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай, бакавымі сакрысціямі і трансептам. Гал. фасад вырашаны хвалістай плоскасцю сцяны, завершанай тонка прафіляваным карнізам, па вуглах і цэнтры ўмацавана ступеньчатымі контрфорсамі, крапавана тонкімі пілястрамі, лучковымі нішамі. У цэнтры размешчаны ляпны картуш з лісця аканту, з каронай і воінскай атрыбутыкай. У арх. дэкоры — плоскія нішы, валюты, вазы, вытанчаныя капітэлі.

А.М.Кулагін.

т. 4, с. 267