Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВО́ДНЫЯ ВІ́ДЫ СПО́РТУ,

агульная назва відаў спорту, якія звязаны з вадой. Да іх адносяцца вадналыжны спорт, веславанне акадэмічнае, веславанне на байдарках і каноэ, віндсёрфінг, вяслярны слалам, воднае пола, водна-маторны спорт, падводны спорт, парусны спорт, скачкі ў ваду і інш.

т. 4, с. 253

ВО́ДНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,

жывёлы, усё жыццё якіх праходзіць у вадзе. Адрозніваюць першаснаводных (напр., рыбы, ракі) і другаснаводных (ластаногія, кіты, сірэны, некат. чарапахі, змеі, жукі, клапы, лёгачныя бруханогія малюскі).

Паводле спосабу жыцця падзяляюцца на водных жывёл, што жывуць на дне (гл. ў арт. Бентас), прымацаваныя да субстрату над дном (перыфітон), у тоўшчы вады, якія не могуць хутка актыўна перамяшчацца (гл. ў арт. Планктон), у тоўшчы вады і актыўна перамяшчаюцца (нектон), на паверхневай плеўцы вады (нейстон). Воднае асяроддзе (амаль у 800 разоў шчыльнейшае за паветранае) дае магчымасць водным жывёлам з празрыстым, студзяністым целам існаваць без трывалага покрыва або шкілетнага апарату, абумоўлівае характэрныя спосабы руху і інш. Толькі водным жывёлам уласціва размнажэнне дзяленнем і пачкаваннем. Дыханне ажыццяўляецца праз спец. вонкавыя нарасці цела — шчэлепы або ўсёй паверхняй цела.

Г.​А.​Семянюк.

т. 4, с. 253

ВО́ДНЫЯ ЛІША́ЙНІКІ,

гл. ў арт. Лішайнікі.

т. 4, с. 253

ВО́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія растуць у вадзе. Адрозніваюць расліны, паглыбленыя ў ваду толькі ніжняй часткай (гідрафіты) і цалкам або большай сваёй часткай (гідатафіты). Вядома больш за 260 відаў водных раслін, з іх на Беларусі больш за 150 відаў. Воднае асяроддзе абумовіла асаблівыя рысы арганізацыі водных раслін: значнае павелічэнне паверхні цела, што палягчае паглынанне неабходнай колькасці кіслароду і інш. газаў, якіх у вадзе ў 30 разоў менш, чым у паветры. У водных раслін развіта разналістасць: падводнае, плаваючае і паверхневае лісце на адной расліне адрозніваецца ўнутр. і вонкавай будовай. Амаль усе — мнагалетнікі, размнажаюцца вегетатыўна. Насенне і плады разносяцца птушкамі або воднымі цячэннямі. Водныя расліны ўдзельнічаюць у прыроднай ачыстцы вадаёмаў, ва ўзбагачэнні вады кіслародам, у назапашванні сапрапеляў і торфу. Многія — добрыя індыкатары чысціні вады, выбіральна паглынаюць шкодныя рэчывы. Масавае развіццё водных раслін можа выклікаць замор рыбы, зарастанне.

Г.​А.​Семянюк.

т. 4, с. 253

ВО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

прыдатныя для гасп. выкарыстання аднаўляльныя паверхневыя воды, глебавыя воды і падземныя воды; адзін з найважнейшых відаў прыродных рэсурсаў. Асн. крыніцай водных рэсурсаў служаць прэсныя воды сушы, якія папаўняюцца за кошт ападкаў атмасферных і аднаўляюцца ў працэсе кругавароту вады на Зямлі.

Складаюцца з расходных элементаў воднага балансу рачных басейнаў — сцёку і выпарэння (гл. Водны баланс Зямлі) Рэсурсы сцёку вял. тэрыторый ці рачных вадазбораў вызначаюцца па велічыні паверхневага і падземнага сцёку, рэсурсы глебавай вільгаці — па велічыні выпарэння з сушы ў цёплы (вегетацыйны) перыяд года. Паводле сярэдніх шматгадовых паказчыкаў, рэсурсы сцёку сушы Зямлі складаюць 44,6 тыс. км³ за год, у т. л. Еўропы 3,2, Азіі 14,4, Афрыкі 4,6, Паўн. Амерыкі 8,2, Паўд. Амерыкі 11,8, Аўстраліі і Акіяніі 2,4 тыс. км³ за год. Найб. аб’ём сцёку мае Бразілія — 22% сусв. рэсурсаў (за кошт р. Амазонка). У якасці водных рэсурсаў у асобных мясцовасцях выкарыстоўваюць атм. вільгаць, марскую ваду (апрэсненую), ваду, атрыманую з ледавікоў, і інш. Зямля забяспечана воднымі рэсурсамі, іх дэфіцыт у некаторых краінах узнікае пераважна ў выніку антрапагеннага забруджвання і разбурэння прыродных экасістэм. Комплекснае выкарыстанне і ахова водных рэсурсаў — задача воднай гаспадаркі. Водныя рэсурсы эксплуатуюцца пры водакарыстанні і водазабеспячэнні. Адрозніваюць натуральныя (патэнцыяльныя) і змененыя (наяўныя) рэсурсы рачнога сцёку, натуральныя і эксплуатацыйныя (якія можна выкарыстаць) рэсурсы падземных вод.

Водныя рэсурсы Беларусі складаюцца з рачнога сцёку, глебавай вільгаці і падземных вод. За год выпадае 146 км³ атм. ападкаў, з іх 110 км³ ідзе на выпарэнне, астатняе — на сцёк. Сярэднешматгадовыя натуральныя рэсурсы сцёку (км за год): мясцовыя 36,4, агульныя (разам з прытокам з-за мяжы) каля 58, наяўныя мясцовыя каля 38,8, агульныя — 63. Прырост наяўных рэсурсаў адбыўся ў выніку гідрамеліярацыі ў вадазборы Прыпяці. Рэсурсы глебавай вільгаці складаюць каля 90 км³ за год. Натуральныя рэсурсы падземных вод складаюць 15,9, эксплуатацыйныя — 18,1, з іх разведаныя агульныя эксплуатацыйныя запасы — 2,31 км³ за год. Пытанні выкарыстання і аховы водных рэсурсаў рэгулююцца актамі воднага заканадаўства і інш.

В.​В.​Дрозд.

т. 4, с. 253

ВО́ДНЫЯ ШЛЯХІ́,

водныя прасторы, якія выкарыстоўваюцца для суднаходства і сплаву лесу. Найб. эканамічныя з усіх шляхоў зносін. Падзяляюцца на знешнія (акіяны, знешнія моры, залівы), унутр. (унутр. моры, азёры і рэкі), штучныя (шлюзаваныя рэкі, суднаходныя каналы, штучныя моры, вадасховішчы). Беларусь мае ўнутр. і штучныя водныя шляхі. Гл. Водны транспарт.

т. 4, с. 253

ВО́ДНЫ БАЛА́НС ЗЯМЛІ́,

суадносіны паміж прыходам вады, якая паступае на паверхню зямнога шара ў выглядзе ападкаў атмасферных, і расходам вады праз выпарэнне з паверхні сушы і Сусветнага ак. за пэўны прамежак часу. Разлічваецца паводле ўраўнення воднага балансу, у якім звязаны ўсе расходныя і прыходныя элементы ўсяго зямнога шара або асобных тэрыторый. Паводле сярэдніх шматгадовых характарыстык, водны баланс Зямлі за год складаецца з 577 тыс. км³ атм. ападкаў у прыходнай частцы і такой жа велічыні выпарэння ў расходнай. Водны баланс сушы фарміруецца ў вобласці вонкавага сцёку, дзе прыход вады складаюць атм. ападкі (110 тыс. км³), мінус сцёк (47 тыс. км³), расход — выпарэнне (63 тыс. км³), і ў вобласці ўнутранага сцёку, дзе ападкі і выпарэнне складаюць па 9 тыс. км³. Водны баланс Сусветнага ак. мае ў прыходнай частцы 458 тыс. км³ атм. ападкаў і 47 тыс. км³ рачнога сцёку, у расходнай — 505 тыс. км³ на выпарэнне. Водны баланс Зямлі — колькаснае выражэнне кругавароту вады на Зямлі — цесна звязаны з цеплавым балансам Зямлі і зонамі геаграфічнымі. Разлікамі элементаў воднага балансу рачных басейнаў, тэр. асобных краін, прыродных зон і інш. шырока карыстаюцца ў гідралогіі для вывучэння воднага рэжыму. Водны баланс тэр. Беларусі для прыродных умоў у сярэднім за год складаецца з прыходу вады — 146 км³ атм. ападкаў, расходу — 110 км³ на выпарэнне і 36,4 км³ на сцёк. Пад уплывам меліярацыі выпарэнне за год знізілася на 2,4 км³, што прывяло да адпаведнага павелічэння сцёку рэк.

Літ.:

Мировой водный баланс и водные ресурсы земли. Л., 1974.

В.​В.​Дрозд.

Схема воднага балансу рачнога басейна: 1 — снегавое покрыва; 2 — глеба; 3 — горныя пароды; P — ападкі; S — паверхневы сцёк; U — падземны сцёк; R — рачны сцёк; W — валавое ўвільгатненне глебы; N — выпарэнне з глебы; T — транспірацыя; E — сумарнае выпарэнне; V — водаабмен з падземнымі водамі, якія ляжаць ніжэй за ўзровень дрэнажу ракі.

т. 4, с. 252

ВО́ДНЫ КАДА́СТР,

сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх выкарыстанні і якасці вод. Вядзенне воднага кадастра ўключае сістэму інфарм. абслугоўвання карыстальнікаў; перыядычна папаўняецца і абнаўляецца. Выкарыстоўваецца для ацэнкі водных рэсурсаў і складання планаў забеспячэння патрэб розных галін нар. гаспадаркі пры ажыццяўленні воднагасп. мерапрыемстваў. Парадак вядзення дзярж. воднага кадастра Беларусі ўстанаўліваецца Саветам Міністраў. У СССР водны кадастр па ўсіх відах вод падрыхтаваны ў 1930-я г., сістэматычна вёўся з 1978. У ім адлюстроўваліся звесткі аб водных рэсурсах тэр. Беларусі.

Водны кадастр Рэспублікі Беларусь вядзецца з 1994 і складаецца з кадастраў паверхневых і падземных вод і выкарыстання водных рэсурсаў. У кадастры ўключаны каталогі водных і воднагасп. аб’ектаў, гідралаг., гідрагеал. і гідрахім. штогоднікі і штогоднікі водакарыстання, шматгадовыя характарыстыкі водных рэсурсаў. Водны кадастр вядзе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з Мін-вам па надзвычайных сітуацыях і Мін-вам аховы здароўя; галаўная арг-цыя па вядзенні воднага кадастра — Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў.

А.​М.​Калабаеў.

т. 4, с. 252

ВО́ДНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе грамадскія адносіны ў галіне водакарыстання. Зацверджаны Вярх. Саветам Беларусі 27.12.1972, уведзены ў дзеянне з 1.7.1973. Складаецца з 5 раздзелаў. Вызначае задачы воднага заканадаўства рэспублікі ў рэгуляванні водных адносін, замацоўвае выключную ўласнасць дзяржавы на воды, парадак кантролю за выкарыстаннем і аховай вод, умовы размяшчэння, будаўніцтва і эксплуатацыі прадпрыемстваў і збудаванняў, што ўплываюць на становішча вод. Вызначае кола водакарыстальнікаў, іх правы і абавязкі, аб’екты і віды водакарыстання, мерапрыемствы па ахове вод, рэгламентуе парадак дзярж. ўліку вод і іх выкарыстання, вядзенне воднага кадастра і інш. Вызначае крымін., адм. і матэрыяльную адказнасць за парушэнне воднага заканадаўства.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 252

ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М у гідралогіі,

змена ў часе ўзроўняў і аб’ёмаў вады ў рэках, азёрах і балотах. Гадавы цыкл воднага рэжыму падзяляецца на характэрныя фазы: разводдзе, межань (летняя і зімовая), дажджавыя паводкі. На раўнінных рэках Беларусі найб. выразная фаза разводдзя.

т. 4, с. 252