ВАРАШЫ́ЛАЎ Клімент Яфрэмавіч
(4.2.1881, с. Верхняе Луганскай вобл., Украіна — 2.12.1969),
савецкі парт., дзярж. і ваен. дзеяч, Маршал Сав. Саюза (1935). Двойчы Герой Сав. Саюза (1956 і 1968), Герой Сац. Працы (1960). У грамадз. вайну камандзір і чл. РВС шэрагу армій і франтоў. З 1925 нарком абароны СССР. З 1940 нам. старшыні СНК СССР, з 1946 — СМ СССР. Чл. Палітбюро (Прэзідыума) ЦК КПСС у 1926—60. У 1953—60 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Уваходзіў у бліжэйшае паліт. акружэнне І.В.Сталіна, адзін з арганізатараў масавых рэпрэсій 1930 — пач. 1950-х г. сярод ваенных. Уваходзіў у т.зв. антыпартыйную групу (В.М.Молатаў, Л.М.Кагановіч, Г.М.Малянкоў і інш.), аднак на пленуме ЦК КПСС (чэрв. 1957) прызнаў свае памылкі і асудзіў фракцыйныя дзеянні.
т. 4, с. 7
ВА́РБАЛА,
гарадзішча 12—14 ст. у Эстоніі, у Рапласкім р-не, за 60 км на Пд ад Таліна. Пл. каля 2 га, умацавана валам выш. да 10 м. Даследавана ў 1938—41 і 1953.
У 1212 Варбала было абложана наўгародцамі і пскавічамі і прымушана плаціць даніну. У пач. 13 ст. апорны пункт эстаў у барацьбе з ням. і дацкімі захопнікамі. Разбурана, верагодна, у сярэдзіне 14 ст. пасля паўстання Юр’евай ночы 1343—45.
т. 4, с. 7
ВА́РБУРГ
(Warburg) Ота Генрых (8.10.1883, г. Фрайбург-ім-Брайсгаў, Германія — 1.8.1970),
нямецкі біяхімік і фізіёлаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Вучань Э.Фішэра. Вучыўся ў Берліне і Гайдэльбергу. З 1930 кіраўнік Ін-та фізіялогіі клеткі ў Берліне. Даследаваў акісляльна-аднаўляльныя працэсы ў жывой клетцы, прыроду і функцыі ферментаў. Растлумачыў механізм клетачнага дыхання ўздзеяннем ферментаў. Навук. працы па фотасінтэзе і анкалогіі, хіміі браджэння. Нобелеўская прэмія 1931.
т. 4, с. 7
ВАРВАНО́ВІЧ Надзея Прохараўна
(13.12.1903, Гомель — 10.3.1985),
бел. жывапісец. Вучылася ў студыях пры маст. вучылішчы ў Растове-на-Доне (1935—37) і пры Мінскім доме нар. творчасці, у М.Тарасікава і В.Волкава (1937—41). Працавала ў жанрах нацюрморта, пейзажа, партрэта. Насычаныя колеры ў яе творах перадаюць свежасць і непасрэднасць успрымання прыроды: «Нацюрморт з гарлачом» (1947), «Нацюрморт з кветкамі і ручніком» (1956), «Нацюрморт з беларускай посцілкай» (1966), «Жоўтыя кветкі на стале» (1973), «Карпы і ракі» (1976), «Півоні светлыя» (1980); пейзажы «Бераг Нарачы» (1954), «Мінскае мора» (1957); партрэты маці (1954), мастака М.В.Дучыца (1964), аўтапартрэт (1966) і інш.
Л.Ф.Салавей.
т. 4, с. 7
ВА́РВАРСКІЯ ПРА́ЎДЫ
(лац. Leges barbarorum літар. законы варвараў),
запісы звычаёвага права герм. плямён, складзеныя паміж 5 і 9 ст. Забяспечвалі парадак жыцця ў варварскіх каралеўствах (гл. Варвары). Мелі форму судзебнікаў, тлумачылі пераважна пытанні суда і пакарання. Вядомыя Вестгоцкая (2-я пал. 5 ст.), Салічная (канец 5 ст.), Бургундская (пач. 6 ст.), Рыпуарская (6—7 ст.), Баварская (сярэдзіна 7 ст.), Алеманская (7—8 ст.) варварскія праўды. Паводле свайго характару да іх набліжаюцца візантыйскі Земляробчы закон (мяжа 7—8 ст.) і Руская праўда.
т. 4, с. 7
ВА́РВАРЫ
(грэч. barbaroi, лац. barbari),
у старажытных грэкаў і рымлян назва ўсіх іншаземцаў, што гаварылі на не зразумелай ім мове і былі далёкія ад іх культуры (германцы, скіфы і інш.). У пераносным сэнсе — жорсткія, грубыя, некультурныя людзі.
т. 4, с. 8
ВАРВАРЫ́ЗМ
(ад грэч. barbarismos іншамоўны),
запазычанае слова ці выраз, якія ў бел. мове не асвоены або асвоены часткова (пераважна графічна). Вылучаюцца агульныя і індывідуальныя. Агульныя варварызмы выкарыстоўваюцца пастаянна і могуць паўтарацца ў розных тэкстах: cito — тэрмінова (у медыцыне), tête à tête — з вока на вока. Індывідуальныя сустракаюцца пераважна ў мове маст. л-ры для стварэння мясц. каларыту; яны звычайна не паўтараюцца і не выходзяць за межы аднаго твора: «Звон кафедральны кліча на Ave» (М.Танк), «Згодны... Суцінку!.. Лайёт!..» — загуло ў натоўпе» (П.Броўка).
Л.І.Бурак.
т. 4, с. 8
ВАРВАШЭ́ВІЧ Мікалай Фёдаравіч
(н. 10.10.1934, в. Раздзялавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. рэжысёр. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1961). З 1964 дырэктар Дома культуры ў Слоніме, адначасова рэжысёр, з 1967 і дырэктар нар. т-ра. З 1990 гал. рэжысёр і дырэктар Слонімскага беларускага драматычнага тэатра. Сярод пастановак: «Прымакі» Я.Купалы (1993), «Лекі ад кахання» (1992) і «Каханне з падманам» (1995) паводле п’ес У.Галубка «Пісаравы імяніны» і «Ветрагоны», «Хітрыкі бабы Ягі» А.Якімовіча і «Чырвоная Шапачка» Я.Шварца (1994).
т. 4, с. 8
ВАРВАШЭ́НЯ Іван Дзянісавіч
(31.12.1904, в. Быстрыца Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 4.3.1957),
партыйны дзеяч БССР, адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1934). У 1939—41 заг. аддзела, сакратар па транспарце Мінскага абкома КП(б)Б. У Айч. вайну з 21.7.1941 да мая 1943 сакратар Мінскага падп. абкома КП(б)Б, адначасова са жн. 1942 да крас. 1943 сакратар Слуцкага падп. міжрайкома КП(б)Б. З 1944 сакратар Мінскага абкома, з 1950 1-ы сакратар Мінскага гаркома КПБ. Чл. ЦК КПБ у 1952—56. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—57.
т. 4, с. 8
ВА́РГА Яўген Самуілавіч
(6.11.1879, Будапешт — 7.10.1964),
вучоны-эканаміст. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Будапешцкі ун-т. З 1918 праф. Будапешцкага ун-та. Пасля паражэння венг. рэвалюцыі 1919 эмігрыраваў у Аўстрыю, потым у СССР. У 1927—47 узначальваў Ін-т сусв. гаспадаркі і сусв. палітыкі АН СССР. Навук. працы па палітэканоміі капіталізму. Ленінская прэмія 1963.
т. 4, с. 8