ВА́ПНАЎКА
(Gypsophila),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Аўстраліі (1 від). На Беларусі 7 відаў: 2 дзікарослыя — вапнаўка мяцёлчатая (G. paniculata), расце па дарогах і чыгунках, на ўзлесках хваёвых лясоў і дзюнах, вырошчваецца ў культуры, і вапнаўка пучкаватая (G. fastigiata), расце ў сухіх і светлых хваёвых барах, на ўзлесках, мелавых агаленнях і ўздоўж дарог; 2 занесеныя — вапнаўка пранізаналістая (G. perfoliata) і вапнаўка чорнакаранялістая (G. scorzonerifolia), растуць па чыгунках, на сметніках; 3 інтрадукаваныя — вапнаўка зграбная (G. elegans), вапнаўка найвышэйшая (G. altissima) і вапнаўка ціхаакіянская (G. pacifica), растуць у кветніках, садах, часам як здзічэлыя на газонах.
Шмат- і аднагаловыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з прамастойным, узыходным і распасцёртым, пераважна моцна разгалінаваным (ёсць шарападобныя, т.зв. «перакаціполе», і падушкападобныя формы) сцяблом. Лісце дробнае, суцэльнае, сядзячае, ад лінейна-ланцэтнага да ланцэтна-яйцападобнага. Кветкі дробныя, белыя, лілова-чырвоныя ці ружовыя, у складаных мяцёлчатых і шчыткападобных суквеццях. Плод — аднагнездавая каробачка. Дэкар., тэхн., лек. і меданосныя расліны.
М.П.Млынарчык.
т. 3, с. 507
ВАПНЯ́К,
асадкавая горная парода, складзеная з карбанатаў кальцыю (кальцыт, радзей араганіт). Мае прымесі даламіту, гліністых і пясчаных часцінак і інш. Нярэдка ўключае рэшткі вапняковых шкілетаў выкапнёвых арганізмаў. Колер белы, шэры з рознымі адценнямі. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³.
Паводле паходжання вапнякі бываюць: арганагенныя — з ракавін (ракушачнікі) або з калоній каралаў, імшанак, водарасцяў; арганагенна-абломкавыя (дэтрытусавыя) — з абломкаў арган. рэшткаў; абломкавыя — з абкатаных карбанатных абломкаў; хемагенныя; перакрышталізаваныя. Вапняк звязаны паступовымі пераходамі з даламітамі, глінамі, пясчанікамі і інш.; пры метамарфізме пераходзіць у мармур. Большасць вапнякоў марскога паходжання, аднак ёсць і вапнякі прэснаводных азёраў, засоленых поймаў, мінер. крыніц (вапнавыя туфы і інш.). Пласты дасягаюць магутнасці ў сотні і тысячы метраў. Здольныя да ўзнікнення з’яў карсту.
На Беларусі вапняк найб. пашыраны ў адкладах дэвону, ардовіку, сілуру, верхняга мелу, трапляецца таксама ў кам.-вуг., пермскай і юрскай сістэмах. Выкарыстоўваецца ў прам-сці (флюсы, выраб фарбаў, шкла, гумы, пластмасаў, лекаў, мыла і інш.), сельскай гаспадарцы (вапнаванне глебы), буд-ве (вапна, цэмент) і архітэктуры, харч. прам-сці (вытв-сць цукру) і інш.
т. 3, с. 507
ВАПЦА́РАЎ Нікола Іонкаў
(7.12.1909, г. Банска, Балгарыя — 23.7.1942),
балгарскі паэт. Скончыў марское тэхн. вучылішча (1932). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. руху ў Балгарыі, расстраляны гітлераўцамі. Друкаваўся з 1926. Працягваў традыцыі балг. рэв. паэзіі (Х.Боцеў, Х.Смірненскі), выступіў як паэт-наватар. У зб. «Песні матора» (1940) адлюстраваў сац. зрухі часу, атмасферу завода, рух машын, працоўныя будні, веру ў светлую будучыню. Цыкл «Песні пра адну краіну» прысвечаны антыфаш. барацьбе ў Іспаніі. На бел. мову яго вершы перакладалі А.Астрэйка, Н.Гілевіч і інш.
Тв.:
Бел. пер. — Песня пра чалавека. Мн., 1982;
Рус. пер. — Избранное. М., 1984
Г.Я.Адамовіч.
т. 3, с. 507
ВАР
(Var),
рудны раён у дэпартаменце Вар, Францыя. Уключае больш за 10 радовішчаў баксітаў асадкавага тыпу. Адкрыты ў 1879. Паклады баксітаў шырока развіты на тэр. паміж масівамі Цэнтральны Мор і Эстэрэль, падсцілаюцца вапнякамі і даламітамі сярэдняй — верхняй юры і ніжняга мелу. Асн. мінералы: бёміт, каалініт, гематыт.
т. 3, с. 507
ВАР Публій Квінтылій
(Publius Quintilius Varus; каля 53 да н. э. — 9 н. э.),
старажытнарымскі палкаводзец. Быў консулам (13 да н. э.), правіцелем Сірыі (6—4 да н.э.) і Германіі (6—9 н. э.). У час задушэння паўстання герм. плямён пад кіраўніцтвам Армінія Вар на чале з рым. легіёнаў трапіў у акружэнне ў Тэўтабургскім лесе. У выніку чатырохдзённай бітвы яго войска было знішчана, Вар скончыў самагубствам.
т. 3, с. 507
ВАРАБ’ЁЎ Анатоль Міхайлавіч
(н. 10.1.1942, в. Люшнева Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, балетмайстар. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Нар. арт. Беларусі (1987). Працаваў у розных творчых калектывах. З 1967 кіраўнік Брэсцкага нар. ансамбля танца «Радасць». Ажыццявіў шэраг харэаграфічных пастановак з выкарыстаннем бел. танц. фальклору («Палескае вяселле», «Радасць працы», «Свята на Палессі», «Дажынкі», «Валёнкі», «Сувенір» і інш.), падрыхтаваў больш за 20 канцэртных праграм. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.
П.А.Жмайлік.
т. 3, с. 507
ВАРАБ’ЁЎ Аркадзь Мікітавіч
(н. 3.10.1924, с. Мардова Тамбоўскай вобл., Расія),
расійскі спартсмен і трэнер (цяжкая атлетыка). Засл. майстар спорту СССР (1952), засл. трэнер СССР (1964). Д-р мед. н. (1970), праф. (1972). Скончыў Свярдлоўскі мед. ін-т (1957). Алімпійскі чэмпіён у паўцяжкай вазе (1956, 1960), неаднаразовы чэмпіён свету, Еўропы і СССР у 1950—59, рэкардсмен свету ў 1950—61.
т. 3, с. 507