ВАПНЯ́К,

асадкавая горная парода, складзеная з карбанатаў кальцыю (кальцыт, радзей араганіт). Мае прымесі даламіту, гліністых і пясчаных часцінак і інш. Нярэдка ўключае рэшткі вапняковых шкілетаў выкапнёвых арганізмаў. Колер белы, шэры з рознымі адценнямі. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³.

Паводле паходжання вапнякі бываюць: арганагенныя — з ракавін (ракушачнікі) або з калоній каралаў, імшанак, водарасцяў; арганагенна-абломкавыя (дэтрытусавыя) — з абломкаў арган. рэшткаў; абломкавыя — з абкатаных карбанатных абломкаў; хемагенныя; перакрышталізаваныя. Вапняк звязаны паступовымі пераходамі з даламітамі, глінамі, пясчанікамі і інш.; пры метамарфізме пераходзіць у мармур. Большасць вапнякоў марскога паходжання, аднак ёсць і вапнякі прэснаводных азёраў, засоленых поймаў, мінер. крыніц (вапнавыя туфы і інш.). Пласты дасягаюць магутнасці ў сотні і тысячы метраў. Здольныя да ўзнікнення з’яў карсту.

На Беларусі вапняк найб. пашыраны ў адкладах дэвону, ардовіку, сілуру, верхняга мелу, трапляецца таксама ў кам.-вуг., пермскай і юрскай сістэмах. Выкарыстоўваецца ў прам-сці (флюсы, выраб фарбаў, шкла, гумы, пластмасаў, лекаў, мыла і інш.), сельскай гаспадарцы (вапнаванне глебы), буд-ве (вапна, цэмент) і архітэктуры, харч. прам-сці (вытв-сць цукру) і інш.

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)