Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАНЬКО́ВІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Ліс». Вядомы з 1499. Напачатку праваслаўныя, з пач. 17 ст. католікі. У 19—20 ст. валодалі маёнткамі Калюжыца (Бярэзінскі р-н), Волма (Дзяржынскі р-н), Дзевялтова і інш. Найб. вядомыя:

Юхна, дваранін каралеўскі (1-я пал. 16 ст.); Пётр, падкаморы віленскі; Адам, староста краснасельскі, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1639); Уладзіслаў, войскі, суддзя земскі мінскі, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1684, 1688); Тэадор Антоній, стольнік і падстароста судовы мінскі, староста падусвяцкі, кашталян мінскі, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1682, 1686, 1691, 1701, 1709); Уладзіслаў Тадэвуш, мечнік мінскі, староста рушоўскі, сеймавы пасол, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1711, 1717, 1722, 1726); Матэвуш, суддзя земскі мінскі (1778); Юзаф, пісар гродскі мінскі (1788), прадвадзіцель дваранства Мінскага пав. (1795—1800, 1802—08); Станіслаў, барысаўскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1797—1802); Антон, ігуменскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1805—08); Апалінарый, мінскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1814—17); Валенцій Мельхіёравіч, гл. Ваньковіч В.М.; Ян Валенцьевіч, гл. Ваньковіч Я.В.; Мельхіёр, гл. Ваньковіч М.

А.П.Грыцкевіч.

т. 3, с. 506

ВАН-ДЭР-ВА́АЛЬС (van der Vaals) Ян Дыдэрык, гл. Ваальс Ян Дыдэрык ван дэр.

т. 3, с. 502

ВАН-ДЭР-ВА́АЛЬСА СІ́ЛЫ,

сілы ўзаемадзеяння паміж электрычна нейтральнымі малекуламі ці атамамі. Маюць эл. прыроду. Складаюцца з сіл адштурхоўвання і прыцяжэння: на вельмі малых адлегласцях паміж малекуламі дзейнічаюць сілы адштурхоўвання, якія з павелічэннем адлегласці змяняюцца сіламі прыцяжэння. Вызначаюць існаванне вадкасцяў і малекулярных крышталёў, адрозненне рэальных газаў ад ідэальных; праяўляюцца ў розных фіз. з’явах. Гл. Міжмалекулярнае ўзаемадзеянне.

т. 3, с. 502

ВАН-ДЭР-ВА́АЛЬСА ЎРАЎНЕ́ННЕ , адно з першых ураўненняў стану рэальнага газу. Прапанаваў Я.Д. ван дэр Ваальс (1873). Улічвае канечнасць аб’ёму малекул і сілы ўзаемадзеяння паміж імі.

Для моля газу аб’ёмам V пры т-ры T і ціску p мае выгляд (p + a / V​2) (V-b) = RT, дзе R — універсальная газавая пастаянная, a і b — эксперыментальныя канстанты для кожнага асобнага газу, абумоўленыя адхіленнем уласцівасцей рэальнага газу ад ідэальнага (a улічвае прыцяжэнне малекул у выніку міжмалекулярнага ўзаемадзеяння, b — адштурхоўванне малекул на блізкіх адлегласцях). Пры вял. V (моцна разрэджаны газ) Ван-дэр-Ваальса ўраўненне пераходзіць ва ўраўненне стану ідэальнага газу (гл. Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне).

т. 3, с. 502

ВАН-ДЭ-ГРА́АФА ГЕНЕРА́ТАР,

электрастатычны генератар пастаяннага высокага напружання (да 20 МВ) з гнуткім транспарцёрам з дыэлектрычнай стужкі. Выкарыстоўваецца ў лінейных паскаральніках і слабатокавай высакавольтнай тэхніцы.

т. 3, с. 502

ВАН АНЬШЫ́,

Ван Цзэфу (1021—86), дзяржаўны дзеяч Кітая, вучоны, пісьменнік. У 1069 саветнік пры двары, у 1070—74 і 1075—76 — 1-ы міністр. Увёў новы кадастр з мэтай упарадкавання падатковай сістэмы, дзярж. крэдытавання сялян пад ураджай, рэкруцкі набор, спрабаваў рэгуляваць рыначныя цэны. Рэформы адпавядалі інтарэсам дробных і сярэдніх памешчыкаў, часткова сялян. У выніку супрацьстаяння буйных феадалаў большая ч. рэформаў Ван Аньшы ў 1085 была скасавана. Аўтар прац па тэалогіі, гісторыі кіт. літаратуры.

т. 3, с. 500

ВАН ВЭЙ,

Моцзе (699 або 701, г. Таюань, Кітай — 759 або 761), кітайскі паэт, жывапісец, каліграф і музыкант. Атрымаў канфуцыянскую адукацыю. Служыў пры імператарскім двары. Аўтар паэтычнай пейзажнай лірыкі (цыкл «Рака Ванчуань», вершы «Чырвоныя бабы», «Сцежка сярод акацый» і інш.), твораў на гіст. тэмы («Удава князя Сі», «Бань Цзеюй»). Пачынальнік кіт. манахромнага пейзажнага жывапісу, заснаванага на выкарыстанні танальных магчымасцяў тушы. Выконваў размалёўкі на шоўку і насценныя. У лірычных пейзажах ствараў узвышаныя абагульняльныя вобразы прыроды. Творы захаваліся ў копіях: «Рака пад снегам», «Праясненне пасля снегападу», «Партрэт Фу Шэна з Цзінаня» і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1979.

т. 3, с. 501

ВАН ВЭЙК (van Wijk) Нікалас, гл. Вэйк Нікалас ван.

т. 3, с. 501

ВАН ГОГ (van Gogh) Вінсент, гл. Гог Вінсент ван.

т. 3, с. 501

ВАН ДЭЙК (van Dyck) Антоніс, гл. Дэйк Антоніс ван.

т. 3, с. 502