ВАНЬКО́ВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Ліс». Вядомы з 1499. Напачатку праваслаўныя, з пач. 17 ст. католікі. У 19—20 ст. валодалі маёнткамі Калюжыца (Бярэзінскі р-н), Волма (Дзяржынскі р-н), Дзевялтова і інш. Найб. вядомыя:
Юхна, дваранін каралеўскі (1-я пал. 16 ст.); Пётр, падкаморы віленскі; Адам, староста краснасельскі, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1639); Уладзіслаў, войскі, суддзя земскі мінскі, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1684, 1688); Тэадор Антоній, стольнік і падстароста судовы мінскі, староста падусвяцкі, кашталян мінскі, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1682, 1686, 1691, 1701, 1709); Уладзіслаў Тадэвуш, мечнік мінскі, староста рушоўскі, сеймавы пасол, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1711, 1717, 1722, 1726); Матэвуш, суддзя земскі мінскі (1778); Юзаф, пісар гродскі мінскі (1788), прадвадзіцель дваранства Мінскага пав. (1795—1800, 1802—08); Станіслаў, барысаўскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1797—1802); Антон, ігуменскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1805—08); Апалінарый, мінскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1814—17); Валенцій Мельхіёравіч, гл. Ваньковіч В.М.; Ян Валенцьевіч, гл. Ваньковіч Я.В.; Мельхіёр, гл. Ваньковіч М.
А.П.Грыцкевіч.
т. 3, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)