Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каларатура

т. 7, с. 453

каларыйнасць

т. 7, с. 453

каларыметр

т. 7, с. 453

каларыметрыя

т. 7, с. 453

каларыт

т. 7, с. 453

КАЛАРЫ́ФЕР (ад лац. calor цяпло + fero нясу),

цеплаабменны апарат (прылада) для награвання паветра ў сістэмах паветр. ацяплення, вентыляцыі і сушкі. Бываюць паравыя, вадзяныя, эл. і агнёва-паветраныя. К., у якіх паветра награецца парай або гарачай вадой, бываюць пласціністыя (радыятары), са спіральна-стужачнымі і накатнымі рэбрамі. У К. паветра награецца, абцякаючы каналы, дзе цыркулююць гарачыя газы, вада або пара. Рух паветра можа стварацца вентылятарам. Гл. таксама Паветрападагравальнік.

т. 7, с. 454

КА́ЛАС (Callas; сапр. Калаерапулу) Марыя

(3.12.1923, Нью-Йорк — 16.9.1977),

грэчаская спявачка (сапрана). Вучылася ў Афінскай кансерваторыі. Дэбютавала ў Афінах (1938). З 1950 салістка буйнейшых оперных т-раў свету «Ла Скала» (Мілан), «Ковент-Гардэн» (Лондан), опернага т-раў Чыкага, «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Валодала голасам вял. дыяпазону, выключным артыстызмам, майстэрствам бельканта. Сярод партый: Медэя («Медэя» Л.Керубіні), Лючыя, Ганна Балейн («Лючыя ды Ламермур», «Ганна Балейн» Г.Даніцэці), Норма, Аміна, Імагена («Норма», «Самнамбула», «Пірат» В.Беліні), Віялета («Травіята» Дж.Вердзі), Тоска, Чыо-Чыо-сан (аднайм. оперы Дж.Пучыні), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні, Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ). З 1982 у Афінах праводзіцца Міжнар. конкурс вакалістаў імя К. Здымалася ў кіно («Медэя», 1969), займалася рэж. дзейнасцю.

Літ.:

Мария Каллас: Биография. Статьи. Интервью: Пер. с англ. и итал. М., 1978.

М.Калас у ролі Разіны.

т. 7, с. 454

«КАЛАСКІ́»,

бел. часопіс для дзяцей. Выдаваўся ў 1952—61 у Мюнхене (Германія) на бел. мове штомесячна як дадатак да газ. «Бацькаўшчына». Рэдактар — З.Станкевіч. Меў 8 (часам 16) старонак кніжнага фармату. Друкаваў казкі, творы Я.Коласа, Я.Купалы, М.Багдановіча, З.Бядулі, Н.Арсенневай, загадкі, прыказкі, матэрыялы на рэліг. і гіст. тэмы, інфармаваў пра асн. падзеі з Беларусі, змяшчаў малюнкі, ілюстрацыі, фотаздымкі.

А.С.Ляднёва.

т. 7, с. 454

КАЛАСНЕ́Ц (Bromopsis),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі — 4 віды К.: безасцюковы (B. inermis), Бенякена (B. benekenii), прамы (B. erecta), берагавы (B. riparia).

Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі падземнымі парасткамі або без іх. Сцябло прамое ці прыўзнятае выш. 60—150 см. Лісце чаргаванае, шырокалінейнае, плоскае, шурпатае. Суквецце — раскідзістая мяцёлка. Каласкі 3—12-кветныя. Ніжнія кветкавыя лускавінкі часам з прамым або адагнутым кароткім асцюком. Цвіце ў чэрв. — ліпені. Плод — зярняўка з баразёнкаю. Кармавая расліна. Выкарыстоўваецца ў травасумесях для стварэння культ. сенажацей і пашы, на землях, схільных да ветравой эрозіі.

Каласнец безасцюковы.

т. 7, с. 454

КАЛАСНЯ́К (Leymus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах Паўн. паўшар’я і Паўд. Амерыкі, часткова ў гарах тропікаў. На Беларусі расце К. пясчаны (L. arenarius). Рэдкі заносны від. Трапляецца пераважна ў паўд.-зах. раёнах на пясках у хвойніках, населеных пунктах і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 80—120 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Сцёблы прамыя, моцныя, тоўстыя, аблісцелыя. Лісце цвёрдае, буйное, шырокалінейнае з шызым налётам. Суквецце — густы колас. Каласкі ланцэтныя, 4—6-кветныя, безасцюковыя. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Плод — падоўжаная жалабатая зярняўка. Кармавая, харч., дэкар. расліна.

Каласняк галінасты.

т. 7, с. 454