КАЛАСНЯ́К (Leymus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах Паўн. паўшар’я і Паўд. Амерыкі, часткова ў гарах тропікаў. На Беларусі расце К. пясчаны (L. arenarius). Рэдкі заносны від. Трапляецца пераважна ў паўд.-зах. раёнах на пясках у хвойніках, населеных пунктах і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 80—120 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Сцёблы прамыя, моцныя, тоўстыя, аблісцелыя. Лісце цвёрдае, буйное, шырокалінейнае з шызым налётам. Суквецце — густы колас. Каласкі ланцэтныя, 4—6-кветныя, безасцюковыя. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Плод — падоўжаная жалабатая зярняўка. Кармавая, харч., дэкар. расліна.

Каласняк галінасты.

т. 7, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)